Тры гады назад з’явіўся цэнтралізаваны экзамен, які разам з цэнтралізаваным тэсціраваннем накіраваны на забеспячэнне аб’ектыўнасці і празрыстасці як выніковай атэстацыі ў школе, так і ўступнай кампаніі ў ВНУ.
Аб пунктах росту
Як адзначыў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, за апошнія гады ўстаялася структура тэстаў па складанасці і ў цэлым механізм іх здачы адточаны. Але працэс удасканалення працягваецца. Ён складаецца са шматлікіх этапаў, над кожным з якіх вядзецца работа, каб тэст паляпшаўся, каб надзейней праходзілі іспыты ў пунктах здачы. У якасці прыкладу дырэктар інстытута прывёў рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену, якая ўжо тройчы праходзіла ў краіне.
— Гэта вельмі важны этап у падрыхтоўцы выпускнікоў да іспытаў. Сёлета дапрацавалі матэрыял, што прадастаўляецца тым, хто прайшоў рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен. Удзельнікі РЦЭ атрымалі інфармацыю, якая змяшчае адказы на заданні з указаннем раздзелаў навучальных праграм і спасылак на параграфы, дзе выкладзены матэрыял задання. Мы даём інфармацыю аб тыповых памылках, каб лепш можна было падрыхтавацца, — сказаў Юрый Міксюк.
А каб выпускнікі маглі лёгка палічыць свае рэзультаты, у асабістых кабінетах удзельнікаў ЦТ і ЦЭ пачалі размяшчаць скан-копіі запоўненых бланкаў іх адказаў. Усе гэтыя меры накіраваны на ўмацаванне аб’ектыўнасці, справядлівасці, роўных умоў і надзейнасці, каб не было ніякіх сумненняў у іх поўным забеспячэнні. Як і больш строгі падыход камісій на месцах да кантролю за выкарыстаннем тэлефонаў і розных шпаргалак.
Аб новым прадмеце
Вяртаючыся да тэмы ўдасканалення цэнтралізаваных выпрабаванняў, дырэктар згадаў і новы прадмет на сёлетніх ЦЭ і ЦТ — гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Паводле яго слоў, чаканая колькасць удзельнікаў была не вельмі вялікай, таму што гэта сапраўды новы прадмет, а іспыты праходзілі ў тэставым рэжыме ў пэўнай колькасці ўстаноў адукацыі. Тым не менш вынікі нядрэнныя. Так, у цэнтралізаваным экзамене па прадмеце прыняў удзел адзін школьнік, які набраў 58 балаў.
На ЦТ для выпускнікоў мінулых гадоў гэту дысцыпліну выбралі 14 чалавек, адзін з іх атрымаў нават 100 балаў. Акрамя таго, 2 чэрвеня тэст па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі здавалі выпускнікі бягучага года, якія вырашылі здаваць прадмет у форме ЦТ, і выпускнікі мінулых гадоў (такіх налічвалася 34 абітурыенты). Вынікі тэста высокія: ёсць і 92, і 96 балаў.
Аб складанасці заданняў
Юрый Міксюк адзначыў, што тэст дастаткова збалансаваны і дае магчымасць ацаніць веды выпускнікоў рознай ступені падрыхтаванасці за кошт заданняў розных узроўняў складанасці. І такая структура наўрад ці будзе мяняцца. Дырэктар РІКВ падкрэсліў, што работа, якая вядзецца, накіравана на тое, каб для вучняў і выпускнікоў не было ніякіх нечаканасцяў, каб усе ўдзельнікі іспытаў знаходзіліся ў роўных умовах і каб школьнай праграмы было дастаткова для атрымання дастойных вынікаў. Таму тэст абавязкова праходзіць экспертызу на адпаведнасць матэрыялу падручнікаў, ён не павінен выходзіць за рамкі школьнай праграмы.
Паводле БелТА