У кожнага чалавека ад нараджэння ёсць свае таленты. Хтосьці ўдала спявае, валодае пластыкай або хутка вырашае самыя складаныя матэматычныя задачы. Талент Вадзіма Сакратарова з Віцебскага раёна — пераўтварацца ў галоўнага навагодняга чараўніка, ды так, што часам сябры і калегі не могуць адрозніць яго ад казачнага персанажа.
Сёлета Вадзім Аляксандравіч святкуе асаблівы юбілей — у 15 раз ён расчыніў дзверы Прыдзвінскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, што ў Віцебскім раёне, запрашаючы хлопчыкаў і дзяўчынак у казачны навагодні свет. У далёкім 2010 годзе, калі рэзідэнцыя на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Спартакавец» толькі стваралася, менавіта Сакратарову даверылі выканаць ролю белабародага дзеда, і так дзятва паверыла ў сапраўднасць Мароза, што гэта роля нябачна замацавалася за мужчынам.
Артыстызм і харызма, успамінае Вадзім, пачалі развівацца яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце. Будучы настаўнік беларускай мовы і літаратуры актыўна ўдзельнічаў у пастаноўках студэнцкай тэатральнай студыі, пасля граў у канцэртным гурце там жа. Былі, вядома, шматлікія конкурсы, КВЗ, якія таксама пакінулі свой адбітак на характары Сакратарова. Пачынаў педагагічны шлях у 42-й школе Віцебска, а ў 2010 годзе ўзначаліў Старасельскую сярэднюю школу Віцебскага раёна, дырэктарам якой з’яўляецца і сёння.
Першы гучны дэбют на конкурсе «Ёлка-фэст» у дырэктара адбыўся ў 2016 годзе. Пераможна прайшоўшы раённы і абласны этапы, прыдзвінскія Дзед Мароз і Снягурка занялі другое месца па краіне! Сярод усіх канкурсантаў пара з Віцебшчыны вылучылася сваёй гульнявой праграмай на беларускай мове. «Тады эмоцый было не перадаць. Мы доўга рыхтаваліся, і было вельмі прыемна атрымаць узнагароду з рук галоўнага беларускага чараўніка», — успамінае Сакратароў.
У 2020 годзе з-за эпідэміялагічных умоў конкурс праводзіўся ў фармаце анлайн, а ў 2022 годзе Вадзім Сакратароў і Марына Драняева (былы намеснік дырэктара Старасельскай СШ па выхаваўчай рабоце) занялі па краіне пачэснае трэцяе месца, таксама з праграмай на беларускай мове. Дарэчы, менавіта выступленне на роднай мове стала візітнай карткай навагодняй пары з паўночнага рэгіёна. «З 2020 года мы з Марынай выступалі ў пары, разам рыхтавалі свае выступленні. І тое, што наш дуэт склаўся так удала, мы добра адчувалі адно аднаго, паслужыла прычынай нашых перамог. Вельмі важна знайсці аднадумца, чалавека душэўна блізкага, каб тандэм Дзеда Мароза і Снягуркі быў самым сапраўдным», — дзеліцца сакрэтам Сакратароў.
У 2024 годзе Вадзім і Марына таксама прадстаўлялі вобласць на рэспубліканскім конкурсе з цікавай праграмай з элементамі правіл бяспекі, аднак запаветную ўзнагароду ў гэты раз не атрымалі. «Сёлета было складана выступаць, былі дапушчаны некаторыя памылкі, аднак гэта ўсё роўна вопыт. Шчыры дзякуй хочацца сказаць нашай групе падтрымкі, раённаму аддзелу па адукацыі, танцавальнаму калектыву Мазалаўскага дома культуры, які заўсёды дапамагае нам выступаць. Я па натуры чалавек азартны, не баюся сцэны і дзяцей, таму, думаю, у 2026 годзе мы яшчэ вернемся на сцэну рэспублікі», — усміхаецца Вадзім Аляксандравіч.
З роляй Дзеда Мароза Сакратароў зросся даўно, калі рэзідэнцыя пад Віцебскам адкрылася, набралі два склады настаўнікаў-артыстаў па 10 чалавек. За два тыдні ў 2010 годзе дырэктар школы адыграў 17 выступленняў! Цяпер графік у самадзейных артыстаў са школ раёна не такі напружаны, і кожны снежань Вадзім Аляксандравіч чакае з нецярпеннем. З прадчуваннем радасці, трапяткога цуду, які спачатку трэба прапусціць праз сябе, а потым падарыць дзецям.
І для сваёй сям’і Сакратароў з’яўляецца самым галоўным навагоднім чараўніком на працягу многіх гадоў. І хоць кожны з пляменнікаў ведае, што з-пад сівой барады ўсміхаецца дзядзька Вадзім, гэта традыцыя віншавання ў навагоднюю ноч ідзе з году ў год. А вось у сваёй школе дырэктар ад ролі Дзеда Мароза адпачывае, на святочныя школьныя канцэрты кіраўнік установы адукацыі любіць дарыць дзецям і калегам музычныя падарункі, у ліку каронных — песня «Я куплю табе дом».
У бягучым годзе споўніцца 15 гадоў, як Сакратароў узначальвае вясковую школу. Установа адукацыі з’яўляецца адной з самых старэйшых у раёне. «Наш калектыў — гэта сплаў вопыту і маладосці. Імкнуся падтрымліваць і сталых, і маладых спецыялістаў маральна і матэрыяльна.
З упэўненасцю магу сказаць, што мы адзіны моцны арганізм, які працуе дзеля выхавання дастойных людзей. І асабліва прыемна, калі ў школу вяртаюцца дзеці тваіх выпускнікоў», — заключыў Вадзім Аляксандравіч, адзначыўшы, што школа для яго даўно стала сэнсам жыцця.
Фота з адкрытых крыніц