У Мінску дырэктар станцыі тэхнічнага абслугоўвання прадаў іншамарку кліента, каб пагасіць свае пазыкі. Аб гэтым БелТА паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Па дапамогу ў міліцыю звярнуўся мінчанін. Жыхар сталіцы паведаміў, што аддаў сваю іншамарку для рамонту на СТА. Аднак ва ўсталяваныя тэрміны машыну так і не вярнулі.
Праваахоўнікі затрымалі 39-гадовага дырэктара СТА, раней судзімага мінчаніна. Затрыманы расказаў, што ў яго назапасілася запазычанасць па камунальных плацяжах і арэндзе памяшкання станцыі. Каб вырашыць праблемы з даўгамі, пры закупцы новых запчастак для рамонту аўто заяўніка ён назваў апошняму кошт значна вышэйшы за рынкавы. Пры гэтым частку сродкаў мужчына забраў сабе. Калі гэтых грошай аказалася недастаткова, ён вырашыў без ведама гаспадара прадаць машыну. Для гэтага дырэктар СТА размясціў аб’яву на адной з інтэрнэт-пляцовак. Неўзабаве з ім звязаўся пакупнік, які набыў чужую іншамарку.
Вядома, што частку атрыманых грошай мужчына паспеў патраціць на пагашэнне даўгоў. Сума ўрону перасягнула Br17 тыс.