Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
2 красавіка 2025 г. № 11
Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны
Для паспяховага развіцця Рэспублікі Беларусь, патэнцыялу ўсіх галін эканомікі і сфер дзейнасці ва ўмовах глабальных палітычных і сацыяльна-эканамічных выклікаў неабходны эфектыўнае кіраванне і строгая вытворча-тэхналагічная, працоўная, службовая і выканальніцкая дысцыпліна (далей — выканальніцкая дысцыпліна).
Далейшае павышэнне якасці жыцця ў нашай краіне — гэта сумесная работа дзяржаўных органаў усіх узроўняў, арганізацый незалежна ад формы ўласнасці і грамадзян. Добрасумленным, адказным, творчым стаўленнем да службовых абавязкаў, высокапрадукцыйным выкарыстаннем працоўнага часу кожны з нас робіць свой унёсак у агульны дабрабыт і ўстойлівасць краіны.
Выканальніцкая дысцыпліна з’яўляецца адным з ключавых фактараў гатоўнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый аператыўна і эфектыўна рэалізоўваць пастаўленыя задачы.
Слабая выканальніцкая дысцыпліна, безгаспадарчасць, неарганізаванасць, несвоечасовасць прыводзяць да невыканання або неналежнага выканання заканадаўства і даручэнняў, парушэння правоў і свабод грамадзян, ствараюць умовы для карупцыі і злоўжыванняў, дыскрэдытуюць дзяржаўную ўладу.
Рэалізацыя пастаўленых на пяцігодку якасці задач па ўсебаковым пераўтварэнні дзяржавы і грамадства патрабуе кардынальнага павышэння эфектыўнасці функцыянавання сістэмы органаў дзяржаўнай улады, кіраўніцкай дзейнасці, узмацнення выканальніцкай дысцыпліны, сацыяльна адказных адносін кожнага да працы. У гэтых мэтах:
У сферы функцыянавання органаў дзяржаўнай улады і кіравання
1. У сістэме дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый (далей, калі не пазначана іншае, — дзяржаўныя органы і дзяржаўныя арганізацыі) забяспечыць:
няўхільнае прытрымліванне канстытуцыйнага прынцыпу падзелу дзяржаўнай улады, збалансаванасць функцый дзяржаўных органаў;
законнасць;
каардынацыю дзейнасці з улікам заканадаўча прадастаўленых дзяржаўным органам і дзяржаўным арганізацыям паўнамоцтваў;
эфектыўны ўдзел у кіраванні дзейнасцю падпарадкаваных (якія ўваходзяць у склад, сістэму дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый) арганізацый;
аптымальнасць структуры і колькасці;
эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў і распараджэнне дзяржаўнай маёмасцю;
дэбюракратызацыю кіраўнічых працэсаў;
ініцыятыўнасць, адказнасць, высокія стандарты якасці работы, накіраванасць на вынік;
аператыўнасць прыняцця рашэнняў і ўсебаковае прагназаванне сацыяльна-эканамічных, палітычных і іншых наступстваў іх рэалізацыі;
выканальніцкую дысцыпліну;
недапушчальнасць і нецярпімасць карупцыі.
Названыя ў частцы першай гэтага пункта патрабаванні з’яўляюцца асноватворнымі ў дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый і абавязковыя для выканання.
2. Дзяржаўным органам, службовым асобам безумоўна выконваць нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншых заканадаўчых актаў, якія рэгламентуюць іх паўнамоцтвы, не дапускаць умяшання ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў, службовых асоб.
Забяспечыць наступнае дакладнае функцыянальнае размежаванне:
Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь — якасная і эфектыўная заканатворчасць, якая адпавядае актуальным запытам дзяржавы і грамадства, патрабаванням стабільнасці прававога рэгулявання, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — таксама развіццё мясцовага самакіравання;
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь — эканамічны штаб, які адказвае за рэалізацыю асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі;
Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — палітычны штаб, які забяспечвае паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах дзяржаўнай кадравай палітыкі, ідэалогіі беларускай дзяржавы, права, знешняй палітыкі і ажыццяўляе кантроль за выкананнем рашэнняў Кіраўніка дзяржавы;
Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь — забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь у сферы нацыянальнай бяспекі;
Камітэт дзяржаўнага кантролю — дзяржаўны кантроль у адпаведнасці з кампетэнцыяй і прыняцце прафілактычных мер па недапушчэнні правапарушэнняў у эканамічнай сферы;
Генеральны пракурор і падпарадкаваныя яму пракуроры — нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем нарматыўных прававых актаў, каардынацыя дзейнасці па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, прафілактыцы правапарушэнняў.
3. Вызначыць адной з галоўных задач аптымізацыю кіраўніцкай дзейнасці, у рамках якой у прыватнасці:
выключыць неабгрунтаванае правядзенне нарад, у тым ліку ў дыстанцыйным фармаце;
вырашэнне і ўзгадненне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю адпаведнага дзяржаўнага органа і дзяржаўнай арганізацыі, забяспечваць без перадачы на вышэйшы ўзровень або разгляду на пасяджэннях створаных у адпаведнасці з заканадаўствам міжведамасных калегіяльных фарміраванняў;
забяспечыць прыняцце нарматыўных прававых актаў у адпаведнасці з прадстаўленай актамі заканадаўства кампетэнцыяй, выключыўшы прыняцце рашэнняў рэкамендацыйнага характару;
спыніць фарміраванне і функцыянаванне саветаў, камісій, груп, іншых экспертных і кансультатыўна-дарадчых структур, якія падмяняюць дзяржаўныя органы і дзяржаўныя арганізацыі, акрамя непасрэдна прадугледжаных заканадаўчымі актамі;
аптымізаваць склад арганізацыйных камітэтаў для падрыхтоўкі мерапрыемстваў, не дапускаць уключэння ў іх службовых асоб, прысутнасць якіх патрабуецца эпізадычна;
павысіць эфектыўнасць службовых камандзіровак за мяжу незалежна ад крыніц іх фінансавання пры абавязковым выкананні патрабаванняў іх эканамічнай апраўданасці з пункту гледжання агульнадзяржаўных інтарэсаў, абгрунтаванасці камандзіравання кожнага члена дэлегацыі (групы), дасягненні канкрэтных вынікаў, якія не могуць быць забяспечаны іншым спосабам;
праводзіць далейшую аптымізацыю структуры і колькасці рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый.
4. Забяспечыць паэтапнае развіццё і ўкараненне ў практычную дзейнасць сучасных лічбавых тэхналогій для далейшага ўдасканалення дзейнасці ў сферы дзяржаўнага кіравання.
5. Лічыць дасягненне нулявой бюракратыі адной са стратэгічных задач усёй сістэмы дзяржаўнай улады.
Для далейшай дэбюракратызацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый:
мінімізаваць колькасць дакументаў на папяровых носьбітах пры рэалізацыі сваіх функцый;
актывізаваць работу па лічбавізацыі і спрашчэнні ўсіх адміністрацыйных, кіраўнічых працэсаў і ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў з юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі. Скараціць да аднаго года тэрміны стварэння (дапрацоўкі) і мадэрнізацыі дзяржаўных інфармацыйных сістэм у мэтах лічбавізацыі адміністрацыйных працэдур, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
максімальна знізіць колькасць узгадненняў, якія патрабуюцца для прыняцця прававых актаў і іншых рашэнняў;
забяспечваць высокую якасць нарматворчасці, пазбягаць уключэнні бланкетных і адсылачных норм, не дапускаць прыняцця прававых актаў, якія патрабуюць далейшых талкаванняў і тлумачэнняў;
выключыць факты знаходжання і разгляду ў дзяржаўным органе дакументаў, у тым ліку праектаў прававых актаў, звыш тэрмінаў, вызначаных заканадаўствам;
аптымізаваць накіраванне запытаў і выключыць дубліраванне збору інфармацыі ў інфармацыйных сістэмах (рэсурсах);
ажыццяўляць збор справаздачнасці і іншай інфармацыі, якая прадстаўляецца юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі на рэгулярнай аснове, з выкарыстаннем дзяржаўных інфармацыйных сістэм (рэсурсаў);
забяспечваць паўнату, актуальнасць і дакладнасць інфармацыі, якая змяшчаецца ў дзяржаўных інфармацыйных сістэмах (рэсурсах), а таксама магчымасць яе паўторнага выкарыстання;
узгадняць з Міжведамасным саветам па кіраванні дзяржаўнымі данымі склад, структуру і ўзровень дэталізацыі інфармацыі, якая збіраецца і апрацоўваецца з дапамогай дзяржаўных інфармацыйных сістэм (рэсурсаў), класіфікацыі, якія прымяняюцца для гэтага.
6. Дзяржаўным органам усіх узроўняў пры фарміраванні кадравага складу зыходзіць з неабходнасці прыцягнення на службу асоб, здольных па сваіх ведах, навыках і дзелавых якасцях працаваць ва ўмовах сучасных палітычных і сацыяльна-эканамічных выклікаў.
У сферы выканальніцкай дысцыпліны
7. Лічыць прыярытэтнымі дзяржаўнымі задачамі:
забеспячэнне паўнацэннага ўдзелу ўсіх працаздольных грамадзян у эканоміцы краіны;
дасягненне высокага ўзроўню выканальніцкай дысцыпліны;
выхаванне культуры адказнасці кожнага за свае кваліфікацыю, якасць работы, прымаемыя рашэнні, прадукцыйнасць працы і агульны вынік;
выхаванне моладзі ў духу патрыятызму і адданасці інтарэсам Рэспублікі Беларусь і стымуляванне рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах беларускага грамадства.
8. Вызначыць стан выканальніцкай дысцыпліны адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі работы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый незалежна ад формы ўласнасці (далей — дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі), іх кіраўнікоў.
9. Праводзіць абавязковую ацэнку стану выканальніцкай дысцыпліны ў дзяржаўным органе і іншай арганізацыі, улічваць яе пры прадаўжэнні або заключэнні з кіраўніком гэтага органа або арганізацыі кантракта на новы тэрмін, прыняцці рашэнняў па выніках атэстацыі дадзенага кіраўніка, павышэнні яго на пасадзе, прадстаўленні да дзяржаўных узнагарод.
10. Для дасягнення належнага ўзроўню выканальніцкай дысцыпліны ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях павінны забяспечвацца:
своечасовасць выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, вышэйстаячых і іншых дзяржаўных органаў і службовых асоб у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй (далей — вышэйстаячыя дзяржаўныя органы);
рэзультатыўнасць і эфектыўнасць дзейнасці, якія ацэньваюцца ў якасных і колькасных параметрах, выключэнне фармальна-бюракратычнага падыходу да яе ажыццяўлення;
дзейсны кантроль за выкананнем прававых актаў, даручэнняў дзяржаўных органаў і службовых асоб;
няўхільнасць і справядлівасць мер адказнасці за здзяйсненне вінаватых дзеянняў (бяздзеянне).
Кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый нясуць персанальную адказнасць за выкананне прадпісанняў часткі першай гэтага пункта.
11. Лічыць забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі адным з найважнейшых патрабаванняў выканальніцкай дысцыпліны.
12. Кіраўнікам дзяржаўных органаў і іншых арганізацый:
стварыць умовы недапушчальнасці і нецярпімасці парушэнняў выканальніцкай дысцыпліны ва ўзначальваемым дзяржаўным органе (арганізацыі);
павысіць патрабавальнасць да парушальнікаў выканальніцкай дысцыпліны, укараняць аўтаматызаваныя або іншыя сістэмы ўліку працоўнага часу, забяспечваць кантроль за эфектыўнасцю вынікаў працы;
на рэгулярнай аснове праводзіць аналіз узроўню выканальніцкай дысцыпліны ва падпарадкаваных органах (арганізацыях), якія яны ўзначальваюць і ў падначаленых ім, своечасова выяўляць прычыны зніжэння эфектыўнасці дзейнасці работнікаў і прымаць меры па іх устараненні;
забяспечваць інфармаванне работнікаў аб патрабаваннях заканадаўства, якое рэгламентуе сферу дзейнасці адпаведнага органа (арганізацыі), уключаючы тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, змест правіл унутранага працоўнага распарадку, калектыўных дагавораў (пагадненняў) і іншых лакальных прававых актаў, якія рэгулююць працоўныя і звязаныя з імі адносіны ў канкрэтнага наймальніка;
стымуляваць захаванне і замацаванне высокакваліфікаваных кадраў, укараняць дзейсныя сістэмы матывацыі і заахвочвання эфектыўнай працы і прафесійнага развіцця работнікаў, паляпшаць умовы працы;
прыняць вычарпальныя меры па выкананні фінансавай дысцыпліны, эфектыўным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў, мэтавым і беражлівым распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю, яе выкарыстанні.
13. У дзяржаўных органах і дзяржаўных арганізацыях:
кіраўнікам на рэгулярнай аснове праводзіць маніторынг ходу выканання даручэнняў, дадзеных адпаведнаму органу (арганізацыі);
старанна прапрацоўваць прымаемыя рашэнні з пункту гледжання адпаведнасці дзяржаўнай палітыцы, эканамічнай эфектыўнасці і сацыяльных наступстваў.
14. Разглядаць пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці за наступныя парушэнні выканальніцкай дысцыпліны:
паўторнае вяртанне вышэйстаячым дзяржаўным органам для дапрацоўкі няякасна падрыхтаванага праекта прававога акта, пратакола даручэнняў, даклада аб выкананні даручэнняў — работнікаў, якія падрыхтавалі няякасныя дакументы, і кіруючых службовых асоб, якія іх падпісалі (завізавалі);
невыкананне ва ўстаноўлены тэрмін рашэнняў і даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — работнікаў, якія дапусцілі такія парушэнні, і асоб, якія ажыццяўляюць кіруючыя функцыі ў адносінах да іх.
15. Кіраўнікі дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, якія не забяспечылі належны ўзровень выканальніцкай дысцыпліны ва ўзначаленых органах (арганізацыях), могуць быць:
заслуханы на пасяджэннях Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым факт вынясення дадзенага пытання на пасяджэнне дае падставу пазбавіць поўнасцю або часткова адпаведнага кіраўніка стымулюючых выплат;
накіраваны на датэрміновую атэстацыю для разгляду мэтазгоднасці далейшага знаходжання на пасадзе.
16. Устанавіць, што:
за наўмысныя дзеянні (бяздзеянне), якія прывялі пры выкананні дагаворных абавязацельстваў да неэфектыўнага расходавання дзяржаўных сродкаў і выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, адказваюць усе контрагенты адпаведнага дагавора незалежна ад формы ўласнасці і ведамаснай падпарадкаванасці;
супрацьпраўнае вінаватае невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельстваў у дагаворах, заключаных паміж дзяржаўнымі арганізацыямі, лічыцца парушэннем выканальніцкай дысцыпліны кіраўніком арганізацыі, якая дапусціла парушэнне дагавора;
даручэнне вышэйстаячага дзяржаўнага органа, прынятае ў межах кампетэнцыі, устанаўлівае для службовых асоб або арганізацый, якім яно адрасавана, юрыдычна значны абавязак здзяйсняць або не здзяйсняць прадпісанае дзеянне, калі яго выкананне не цягне крымінальную, адміністрацыйную ці іншую адказнасць.
17. Пераўтварыць Міжведамасны савет па дзяржаўнай статыстыцы ў Міжведамасны савет па кіраванні дзяржаўнымі данымі.
Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту забяспечваць дзейнасць Міжведамаснага савета па кіраванні дзяржаўнымі дадзенымі.
18. Памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па абласцях, г. Мінску забяспечыць жорсткі кантроль за выкананнем мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ініцыяваць прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці службовых асоб і работнікаў, вінаватых у невыкананні, несвоечасовым або неналежным іх выкананні.
19. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі прыняць комплекс вычарпальных мер, накіраваных на матывацыю ўдзелу грамадзян у эканоміцы краіны, стымуляванне іх працаўладкавання, істотнае зніжэнне колькасці асоб, не занятых у эканоміцы.
20. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:
распрацаваць механізм ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый, іх кіраўнікоў па ўмацаванні выканальніцкай дысцыпліны;
унесці прапановы па стварэнні:
адзінай інфармацыйнай сістэмы электроннага дакументазвароту і кантролю за выкананнем даручэнняў для дзяржаўных органаў;
адзінай інфармацыйнай сістэмы аператыўнай і ведамаснай справаздачнасці;
прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтай Дырэктывы.
21. Кантроль за выкананнем гэтай Дырэктывы ўскласці на Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
22. Гэта Дырэктыва набывае сілу з дня яе афіцыйнага апублікавання.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка