У Брэсцкім аблвыканкаме ў нядзелю, 21 чэрвеня, адбылася дыялогавая пляцоўка з удзельнікамі праекта «Цягнік Памяці — 2026». 200 школьнікаў сабраліся разам на гераічнай Брэсцкай зямлі ў вельмі сімвалічны год і дзень — 22 чэрвеня 1941-га пачалася Вялікая Айчынная вайна. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, аб чым ішла размова падчас мерапрыемства.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, вітаючы ўдзельнікаў сёлетняга «Цягніка Памяці», адзначыла, што праект ужо стаў легендарным.
— Таму што ён прыйшоўся па душы хлопцам і дзяўчатам, — удакладніла Наталля Іванаўна. — Мы бачым, які сёння конкурс для ўдзелу ў праекце. Калі мы з калегай, Валянцінай Іванаўнай (Матвіенка. — «Зв.»), абмяркоўвалі гэты праект, мы хваляваліся. Але праект адбыўся.
Яго ідэя — гістарычная памяць, звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі.
— Гэтай памяці здраджваць нельга, — заклікала яна. — Яе трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне, што робіце вы, рабяты, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце. Традыцыйна даём яму старт у горадзе Брэсце вось ужо пяты раз. Менавіта тут вераломна нямецка-фашысцкія захопнікі напалі на нашы землі, думаючы пра тое, што літаральна за гадзіны яны ўправяцца з Брэсцкай крэпасцю, але яна трымалася амаль месяц. Людзі розных нацыянальнасцяў абаранялі Брэсцкую крэпасць. Яны рабілі ўсё, каб не здацца ворагу. І наш народ перамог. Той народ, прадстаўнікі якога прысутнічаюць сёння тут.
Старэйшае пакаленне захавала для нас мір і свабоду, падкрэсліла Наталля Качанава.
— І мы шчаслівыя таму, што вы праваднікі гэтай ідэі. Мы сустракаемся са школьнікамі-выпускнікамі папярэдніх праектаў. І сёння яны тут прысутнічаюць, у зале. Яны з гонарам гавораць: «Я — удзельнік «Цягніка Памяці». Мы, вядома, упэўненыя ў тым, што роўна так, як і тыя хлопцы і дзяўчаты, вы пасябруеце, будзеце камунікаваць адно з адным, зможаце пазнаёміцца з гісторыяй.
Старшыня Савета Рэспублікі нагадала моладзі, што няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё і сяброўства паміж людзьмі.
Забыць гісторыю — вельмі небяспечна
Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Канстанцін Касачоў акцэнтаваў увагу на тым, што сёлета ў праекце «Цягнік Памяці» ўдзельнічаюць прадстаўнікі не толькі ўсіх рэспублік былога Савецкага Саюза, але і краін антыгітлераўскай кааліцыі.
— У найноўшай гісторыі мы не вельмі лёгка знаходзім адно аднаго. І адбываецца гэта, напэўна, таму, што ў многіх іншых краінах, якія калісьці былі разам, гэтую гісторыю пачалі забываць. І гэта вельмі небяспечна. Менавіта таму важна, каб гэту гісторыю не забылі мы. Каб гэту гісторыю не забылі вы, — звярнуўся Канстанцін Касачоў да ўдзельнікаў праекта.
Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі заўважыў, што школьнікам трэба будзе перадаваць гісторыю сваім дзецям і наступным пакаленням.
— Праект «Цягнік Памяці» — гэта не толькі магчымасць дакрануцца да гісторыі той вайны (Вялікай Айчыннай. — «Зв».), не толькі магчымасць убачыць новыя месцы, надзвычайны шанц здабыць новую дружбу. Гэта яшчэ і адказнасць, якая ляжыць на вашых плячах. Мы давяраем вам. І чамусьці, мне здаецца, што мы ў вас не памыляемся, — падзяліўся меркаваннем Канстанцін Касачоў.
Захавальнікі праўды
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык адзначыў сімвалізм таго, што праект стартуе менавіта з Брэсцкай зямлі.
— Вы адчуеце, наколькі быў вялікі патрыятызм і гераізм савецкага салдата, які здзяйсняў гераічныя ўчынкі. «Вялікая Германія», уся Еўропа, якая дапамагала Германіі, прайграла вайну па сутнасці ў першы дзень — як толькі паспрабавала перайсці граніцу каля Брэсцкай крэпасці. І тут яны сустрэлі вельмі жорсткую барацьбу, супраціўленне за кожны ўчастак, за кожны кавалак сваёй зямлі.
Я б хацеў, каб тыя хлопцы і дзяўчаты, якія сёння знаходзяцца ў зале, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемствах, што будуць праводзіцца ў Брэсцкай крэпасці, сталі захавальнікамі той гістарычнай праўды, пра якую мы зараз гаворым. Каб вы расказвалі пра тыя трагічныя падзеі, якія адбыліся на нашай беларускай зямлі. І на іншых землях, дзе ішлі ваенныя падзеі.
Удзельнікі «Цягніка Памяці» гэтай ноччу — з 21 на 22 чэрвеня — наведаюць памятныя мерапрыемствы ў Брэсцкай крэпасці — месцы, якое адным з першых прыняло на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя таго, іх наперадзе чакаюць два тыдні разнастайных экскурсій, сустрэч і знаёмстваў са знакавымі месцамі. Упэўнены, дамоў яны прывязуць мноства эмоцый і ўсведамленне, што мінулае ні ў якім выпадку нельга забываць.
Даслоўна
«Калі будзе сябраваць моладзь усяго свету, мы будзем разумець, што захаваем мір для ўсёй планеты»
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава ў размове з журналістамі адзначыла сімвалічнасць старту праекта менавіта ў Брэсце.
— Тут у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны на нашу зямлю ўступілі нямецкія захопнікі. Менавіта тут яны атрымалі першы сур’ёзны адпор. І гэтым мы ганарымся. Гэта наша гісторыя. І таму намі было прынята рашэнне — Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі — заўсёды «Цягнік Памяці» мы будзем пачынаць тут.
Вы ведаеце, што 22 чэрвеня ў нашай краіне — гэта дзень смутку і памяці, народнай памяці. Вядома, школьнікі будуць удзельнічаюць у мерапрыемствах. Тут яны адразу змогуць паглыбіцца ў атмасферу тых падзей, якія адбываліся на нашай зямлі.
На пытанне аб тым, ці будзе геаграфія ўдзельнікаў пашырацца, Наталля Качанава нагадала, што ўдзельнікамі першага «Цягніка Памяці» былі прадстаўнікі дзвюх краін: Беларусі і Расіі.
— Цяпер гэта ўжо значна больш краін. Вядома, вельмі б хацелася, каб гэта былі ўсе краіны свету. Але мы выдатна разумеем рэальнасць. На самай справе, гэты праект дазваляе не проста паглыбіцца ў гісторыю і яшчэ раз успомніць усё, што было тады, калі нашы народы ўсе разам, плячо ў плячо, абаранялі свабоду і незалежнасць свайго агульнага дома, сваёй Айчыны. А яшчэ магчымасць пасябраваць, даведацца пра гісторыю нашых краін. Гэта вельмі важна. Мы бачым, што хлопцы і дзяўчаты сябруюць, яны камунікуюць. Усё роўна з якой яны краіны — яны сёння разам, яны шчаслівыя. Мы робім вялікую справу. Калі будзе сябраваць моладзь усяго свету, мы будзем разумець, што захаваем мір для ўсёй планеты, — рэзюмавала Старшыня Савета Рэспублікі.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА
г. Брэст