Top.Mail.Ru

«Дыялогу Беларусі і Амана наканавана стаць прыкладам сапраўды даверных адносін»: эксперты — аб узаемадзеянні афіцыйных Мінска і Маската


Два насычаныя дні зносін лідараў Беларусі і Амана — Аляксандра Лукашэнкі і Хайсама бен Тарэка Аль Саіда — былі накіраваны галоўным чынам на паглыбленне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Нагадаем, дарожная карта паміж Беларуссю і Аманам, якая складзена ўрадамі дзвюх дзяржаў, уключае ў сябе пытанні інвестыцый, эканомікі, гандлю, прамысловай кааперацыі, лагістыкі, турызму, адукацыі, аховы здароўя і гэтак далей. Эксперты расказалі, чаму выбар Аманам стратэгічнага партнёра на еўрапейскім кантыненце быў зроблены на карысць Беларусі.

Эканамічныя кантакты маюць важкія падставы 

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега робіць акцэнт на тым, што кіраўніцтва гэтай арабскай краіны з 2016 года ўзяло курс на дыверсіфікацыю сваёй эканомікі. 

— Доўгі час асновай дабрабыту Амана з’яўляўся экспарт нафты, — расшыфроўвае свой тэзіс сенатар. — Аднак па меры змяншэння яе запасаў, кіраўніцтва краіны прыйшло да высновы аб неабходнасці развіцця іншых сектараў: апрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рыбалоўства, турызму. Што адкрывае для патэнцыяльных партнёраў шырокае акно магчымасцяў. Беларусь — адна з першых дзяржаў Еўропы, якая вырашыла ў поўнай меры гэтай магчымасцю скарыстацца. Зразумела, для ўзаемнай карысці і выгады. Як было адзначана падчас сустрэчы нашага Прэзідэнта з Султанам Амана, цяпер у гэтай краіне рэалізуюцца некалькі сумесных праектаў, а таксама плануецца стварэнне хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі. Прычым, не толькі на ўнутраны рынак Амана, але і на суседнія краіны Аравійскага паўвострава — Саўдаўскую Аравію, ААЭ, Емен. Гэта адносіцца не толькі да паставак харчовых тавараў, але і да стварэння сумесных зборачных вытворчасцяў і продажаў тэхнікі МАЗ і «Амкадор», паставак лекавых прэпаратаў беларускай вытворчасці, развіцця супрацоўніцтва ў сферы турызму, спорту і культуры. Са свайго боку Аман гатовы ўкласці інвестыцыі ў беларускую дрэваапрацоўчую прамысловасць, што дасць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць нашы прыродныя багацці. 

Пры гэтым парламентарый адзначае, што эканамічныя кантакты паміж нашымі краінамі маюць пад сабой дастатковыя важкія падставы. 

— Беларусь — краіна, якая не валодае багатымі прыроднымі рэсурсамі. Што, аднак, не перашкодзіла нам за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі стаць адной з самадастатковых дзяржаў Старога Свету ў плане дабрабыту. Вопыт, набыты нашай дзяржавай у справе адраджэння і развіцця айчыннай эканомікі, а таксама імідж беларусаў, як адказных і абавязковых дзелавых партнёраў, напэўна паўплываў на рашэнне Султана Амана пры выбары стратэгічнага партнёра на еўрапейскім кантыненце, — падкрэслівае парламентарый. 

Адкрыць дадатковыя бізнес-магчымасці

Што датычыцца рэалізацыі дамоўленасцяў па пастаўках прамысловай тэхнікі, у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч выказала ўпэўненасць, што агучаныя на сустрэчы прапановы будуць у хуткім часе выкананы:

— Як сказаў кіраўнік дзяржавы, усё, што абяцаюць беларусы, заўсёды робіцца.

Таму што, як патлумачыла госця праграмы, для Беларусі вельмі важная кожная магчымасць прадстаўлення і збыту нашай прадукцыі. Па словах Надзеі Лазарэвіч, першы крок на шляху да супрацоўніцтва быў зроблены Прэзідэнтам падчас яго візіту ў гэты рэгіён. Зараз жа, адзначыла яна, час профільных міністраў зафіксаваць і аформіць пагадненні, якія будуць выконвацца ў найбліжэйшыя гады.

— Беларускі хаб у Персідскім заліве — гэта дадатковыя магчымасці для нас па выкарыстанні новых лагістычных шляхоў, павелічэнні тавараабароту з Аманам і з найбліжэйшымі краінамі, — дадала госця праграмы. — Стварэнне хаба яшчэ раз пацвярджае, што Аман з’яўляецца для нас стратэгічным партнёрам. Ён адкрые дадатковыя перспектывы для Беларусі і Амана. Я ўпэўнена, што бізнес будуецца, калі ёсць узаемавыгадныя ўмовы для абодвух бакоў. Так што гэта выдатны прыклад таго, як патэнцыял Беларусі і Амана будзе раскрыты дзякуючы беларускаму хабу, створанаму на дадзенай тэрыторыі.

Акрамя гэтага, падкрэсліла Надзея Лазарэвіч, бязвізавы рэжым паміж краінамі дасць бізнесу магчымасць хутка рэагаваць на запыты, а таксама дазволіць павялічыць турыстычны паток. Са слоў першага намесніка Мінгарвыканкама, беларусы, у асноўным людзі працаздольнага ўзросту, ужо адпачываюць у рэгіёне:

— І я ўпэўненая, што тыя бізнесмены, якія паехалі туды перш за ўсё як турысты, змогуць адкрыць для сябе нейкія дадатковыя бізнес-магчымасці. Бязвізавы рэжым — гэта палёгка сітуацыі і для нас, і для Амана. У жыхароў Амана з’явілася магчымасць адкрыць для сябе турыстычную Беларусь.

Надзея Лазарэвіч таксама адзначыла, што актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Аманам у розных галінах, уключаючы фармацэўтыку і прамысловасць, і, на яе думку, верагодна развіццё ў сферы нафтахіміі:

— Аман цікавіць тэхніка МАЗа і «Амкадора». Я думаю, што яна будзе пастаўляцца ў рэгіён, і, магчыма, будуць створаныя сумесныя прадпрыемствы. Акрамя гэтага, упэўнена, што Аман праявіць цікавасць да супрацоўніцтва ў сферы медыцынскай адукацыі.

Мінск і Маскат становяцца бліжэй

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі звяртае ўвагу на той факт, што кантакты на вышэйшым узроўні набралі досыць высокую інтэнсіўнасць:

— І натуральна, такога роду перагаворы (калі мы гаворым пра перагаворы на вышэйшым узроўні) — гэта ўжо пэўны вынік раней праведзенай працы. Гэта значыць, да моманту перагавораў кіраўнікоў дзяржаў фарміруецца партфель палітычных і гандлёва-эканамічных дамоўленасцяў. Прынята палітычнае рашэнне аб арганізацыі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Султанаце Аман. Гэта рэзультат высокага ўзроўню даверу паміж дзяржавамі і ацэнка перспектыўнасці сувязі з Султанатам Аман з боку афіцыйнага Мінска. Звычайна мы перспектыўныя гандлёва-эканамічныя кантакты суправаджаем на палітыка-дыпламатычным узроўні. Для гэтага неабходна, каб работа ў Султанаце Аман была арганізавана непасрэдна з пазіцый беларускага пасольства ў Маскаце, а не з пазіцыі пасольства, размешчанага ў іншай краіне, але акрэдытаванага на Султанат Аман, як гэта ёсць на сённяшні дзень. 

Парламентарый падкрэслівае: такім чынам беларускі бок павышае ўзровень сваёй палітыка-дыпламатычнай прысутнасці. 

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, член рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам Султаната Аман Святлана Адзінцова звяртае ўвагу на тое, што перагаворы лідараў дзвюх дзяржаў — Рэспублікі Беларусь і Султаната Аман — маюць гістарычнае значэнне і вось чаму:

— Так як міждзяржаўнае ўзаемадзеянне вызначалася паслядоўна і на глебе стварэння ўзаемнай павагі інтарэсаў дзяржаў, народаў гэта мае далейшы стратэгічны кірунак. Вызначаны дарожныя карты, шляхі іх вырашэння і годнае месца займае медыцынскі турызм, паколькі развіццё аховы здароўя ў нашай краіне дасягнула высокіх вынікаў у анкалогіі, кардыялогіі, транспланталогіі. Неабходна адзначыць сферы аховы мацярынства і дзяцінства, прафілактыку інфекцыйных захворванняў і развіццё фармацэўтычнай прамысловасці. 

На думку парламентарыя, кірунак медыцынскага турызму можа служыць платформай для ўзаемнага супрацоўніцтва на шляху ўмацавання здароўя народаў Беларусі і Амана.

У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Карпіцкі працягвае тэму гуманітарнага вымярэння партнёрства:

— Важна, што супрацоўніцтва выходзіць за эканамічныя рамкі, — лічыць эксперт. — Увядзенне бязвізавага рэжыму і запуск прамых авіязносін паміж сталіцамі адкрываюць новыя магчымасці для развіцця турызму, умацавання чалавечых і культурных сувязяў. 

Парламентарый звяртае ўвагу, што перспектывы ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, аховы здароўя і культуры, уключаючы абмен вопытам пры будаўніцтве новага Нацыянальнага музея гісторыі Беларусі, закладваюць трывалы падмурак для доўгатэрміновага збліжэння нашых народаў.

— Як адзначаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, для Беларусі ў тым рэгіёне няма больш блізкай краіны, чым Аман. Гэты візіт і падпісаныя дакументы — пераканаўчы доказ таго, што наша краіна, прытрымліваючыся курсу Кіраўніка дзяржавы, паслядоўна пашырае геаграфію раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага партнёрства, нягледзячы на любое недружалюбнае знешняе асяроддзе, — падкрэсліў суразмоўца. 

У завяршэнне эксперт выказаў упэўненасць, што дыялогу Беларусі і Амана наканавана стаць прыкладам сапраўды даверных адносін, а ўсе дасягнутыя дамоўленасці будуць няўхільна рэалізаваны ў тэрмін.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю