Больш за 20 дызайнераў і каля 10 тэатраў моды з Беларусі і Расіі прымуць удзел у фестывалі-конкурсе «Сіні дом», які ўпершыню пройдзе ў Віцебску 1 і 2 лістапада, паведаміла БелТА.
Напярэдадні ў канцэртнай зале «Віцебск» прайшла прэс-канферэнцыя, на якой арганізатары расказалі, чаму конкурс так называецца і хто ў ім прыме ўдзел. Назву фестывалю вырашылі звязаць з вядомым месцам у Віцебску. Адно з іх — «Сіні дом» у цэнтры горада. Акрамя гэтага, ёсць з такой жа назвай карціна вядомага мастака Марка Шагала, які нарадзіўся і правёў значную частку свайго жыцця ў Віцебску.
«Сіні дом» — гэта месца сустрэчы на цэнтральнай вуліцы горада, прыпынак, з якога можна паехаць у любы бок абласнога цэнтра. Конкурс таксама стане месцам сустрэчы дызайнераў, творчых людзей, магчыма, у наступным годзе і мастакоў. Чакаюцца госці з Масквы і з усёй Беларусі», — расказала кіраўнік дзіцячага ўзорнага тэатра моды «Касцюмер» Цэнтра культуры «Віцебск» Юлія Куцепава, якой належыць ідэя правядзення гэтага конкурсу.
Яна таксама адзначыла, што сёлета гледачам прадэманструюць 22 калекцыі дызайнераў і столькі ж — ад тэатраў моды. Акрамя гэтага, будуць арганізаваны майстар-класы па дэфіле, тэатральным майстэрстве. Выкладчык ВДТУ, член журы Мікіта Захарчук пакажа метад наколкі тканіны, калі з дапамогай кавалка тканіны і шпілек ствараецца выраб прама на чалавеку.
«Арганізатары маюць рацыю, што падымаюць магчымасці да ацэнкі творчага патэнцыялу і моладзі, і прафесіяналаў, якія працуюць у сферы лёгкай прамысловасці альбо адукацыйнага працэсу. Задача стаіць вялікая. Мы будзем ацэньваць па такіх крытэрыях, як стылёвая характарыстыка калекцый, адпаведнасць модным тэндэнцыям, тэхналагічнасць апрацоўкі вырабаў, адзінства вобразу. У мерапрыемстве будуць удзельнічаць тры ўзроставыя групы: дзеці да 9 гадоў, ад 10 да 17 гадоў і старэйшыя за 18 гадоў», — дадала мастак-мадэльер, дацэнт кафедры дызайну і моды ВДТУ, член Беларускага саюза дызайнераў і Беларускай палаты моды Людміла Папкоўская (Тараканава).
На мерапрыемстве будуць прадстаўлены фотазоны з манекенамі, вялікім сінім кубам, дзе кожны зможа паспрабаваць сябе ў ролі швачкі за швейнай машынкай. Гасцям музычнае суправаджэнне забяспечаць дыджэі.