Top.Mail.Ru

Дзе адшукаць святло ў цёмныя часы?

Менавіта на такіх думках часцей за ўсё лавіла сябе падчас ІХ Фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC», паказы якога 2 і 3 кастрычніка прайшлі ў беларускай сталіцы. Цяпер, калі падведзены вынікі (сярод пераможцаў сёлета нямала беларусаў), хочацца сабраць усё ў адну палітру.


Вынікі ў цэлым адлюстравалі якраз тыя акцэнты, якімі быў адметны сёлетні кінафорум. Нагадаем, сярод тэм ключавымі сталі 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, нацызм у ХХІ стагоддзі, тэма малой радзімы, інтэграцыйныя працэсы на Еўразійскай прасторы, а галоўнае — чалавек і яго лёс у кантэксце часу. Так, Гран-пры кінафоруму журы прысудзіла фільму Уладзіміра Сумашэдава «Вораг нумар тры» (Расія). Сам рэжысёр адзначыў на ўручэнні: «Гэта фільм пра тое, як з дапамогай прыгажосці, мастацтва ў самыя цёмныя часы адшукаць святло і зберагчы ў сабе чалавека. Ён пра тое, што мастацтва можа выратоўваць людскія жыцці, і пра чалавека, які з дапамогай свайго фотамантажу захаваў і адстаяў гонар Радзімы».

У ліку пераможцаў «Еўразія. DOC» і беларускія кінастужкі «Тыя, хто выжыў» Ганны Літаш і «Птушка фенікс Аляксея Талая» Уладзіміра Луцкага, а таксама «Ягноб» таджыкскага рэжысёра Пайрава Шырыфава. Кожная з іх — аўтарскі расповед пра гераізм чалавека пры любых абставінах. І няхай для адных ён у тым, каб захаваць сябе ў нечалавечых умовах, а для другіх — у імкненні захоўваць свае традыцыі і культуру ў віры зменлівага навакольнага свету.

Традыцыйна кінафорум даў гледачам і гасцям магчымасць паглядзець і абмеркаваць самыя розныя тэмы і бачанне іх кінатворцамі сучаснасці. Спецыяльных прызоў сёлета ўдастоілі такія кінаработы, як «Соль зямлі рускай» Аляксандра Матросава (прыз уладыкі Веніяміна, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі), «Ваенкары» Аляксандра Прахарэнкава (прыз Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь). 

А вось Прыз сімпатый гледачоў дастаўся фільму «Чэлендж: вярбоўка» Аляксандра Кулікова.

Фестываль некамерцыйны, а значыць, трапіць на яго паказы могуць усе ахвотныя. Што і можна заўсёды назіраць. Аднак ёсць адзін момант: калі на паказы прыходзіць шмат школьнікаў, то, на жаль, не заўсёды кожны з маладых людзей зацікаўлены ў тым, каб засяроджвацца на гісторыі, аналізаваць жыццё і герояў у адлюстраванай на экране гісторыі. І тут нават не ведаеш, у чым насамрэч праблема: ці фільм ім не цікавы, ці проста паказваюць яго ў неспрыяльны час?

Дарэчы, калі казаць пра маладых, то тыя, хто спрабуе сябе ў дакументальным кіно, на фестывалі маюць магчымасць быць заўважанымі ў рамках маладзёжнага конкурсу «Еўразія DOC: 4 хвіліны». Тройку найлепшых у гэтым годзе склалі творчая група Алены Такій і Сяргея Назарэнкава з кінастужкай «Восемдзесят» (Расія), Аліна Бабарыкава з кінаработай «Вярнуцца да цябе» (Беларусь) і творчая група з Кітая Хаа Цюнь, Чжан Хайянь, Сюй Цзян Юэ з фільмам «Добрасардэчныя захавальнікі цукровага мастацтва».

— Фестываль «Еўразія. DOC» шчыльна злучаны з рэальным жыццём. Ён пра жыццё і пра нас у ім. Што не выключае лірычнасці, сузірання, часам і нейкай адхіленасці ў работах удзельнікаў. Пры гэтым заўсёды ў праграме фестывалю прысутнічае баланс паміж асабістым і грамадска значным, камерным і маштабным, актуальным сучасным і актуальным гістарычным. І нельга не адзначыць выбудаваны ў праекце баланс паміж дакументальным тэлевізійным кіно і аўтарскім, — сказаў у інтэрв’ю дырэктар ІХ Фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC» Валерый ШАХАЎЦОЎ. — Самае галоўнае, што наш праект склаўся ў сваёй самабытнасці і стаў часткай аб’ектыўнай рэальнасці. Культурнай, грамадскай, творчай.

Падзяляе гэты пасыл і старшыня Беларускага саюза журналістаў, выканаўчы прадзюсар фестывалю Андрэй КРЫВАШЭЕЎ, які акцэнтаваў увагу на тым, што «Еўразія. DOC» — не толькі конкурсная пляцоўка для кінадакументалістаў, але і прастора пра такое кіно: «Я вельмі ўдзячны стваральнікам фільмаў, аўтарам і ўсім, хто наведваў нашы мерапрыемствы. Мы шчыра абмяркоўвалі самыя сур’ёзныя тэмы. Спадзяюся, што і на наступным фестывалі зможам убачыць яшчэ больш фільмаў, цікавых тэм і герояў».

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю