Каштоўныя камяні можна не толькі здабываць, але і атрымліваць у лабараторных умовах.
У Беларусі вырошчваюць смарагды (ізумруды), лалы (рубіны) і сінія сапфіры. Хоць першапачаткова тэхналогія была распрацавана для вытворчых, а не эстэтычных задач.
У 1939-м у Савецкім Саюзе пачалі сінтэзаваць штучныя каштоўныя камяні (займаліся гэтым у Інстытуце крышталяграфіі Расійскай акадэміі навук). У 1950-я савецкімі навукоўцамі быў распрацаваны прамысловы спосаб крышталізацыі сінтэтычнага рубіну. Стваралі штучныя ізумруды і рубіны і ў БССР — выключна ў навуковых мэтах. Практычнае прымяненне каштоўныя камяні знаходзілі, напрыклад, пры вытворчасці лазераў: першымі пакаленнямі такога абсталявання былі рубінавыя лазеры. Сёння тэхналогіі пайшлі наперад, і рубіны для вытворчасці лазернага абсталявання больш не запатрабаваныя.
— Мы вырашылі: навошта дабру прападаць? І цяпер выкарыстоўваем тэхналогію вырошчвання штучных каштоўных камянёў на радасць людзям, — расказвае загадчык галіновай лабараторыі радыяцыйных уздзеянняў Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Рыгор Рымскі. — Чаму б беларускім жанчынам не парадаваць сябе прыгожым каменем? Не прыродным, які мала хто можа сабе дазволіць (яны вельмі дарагія), а такім жа, які практычна нельга адрозніць, — штучным. Ён значна таннейшы.
Камень для ўсіх
Пра беларускія ізумруды пакуль ведаюць далёка не ўсе: няма шырокай рэкламы. Падчас нядаўняга «Марафону адзінства», адной з акцый якога стала выстава навуковых дасягненняў у зале чакання чыгуначнага вакзала Мінска (навукоўцы прадэманстравалі некаторыя вынікі сваёй працы), каштоўныя камяні «родам» з Беларусі выклікалі ў наведвальнікаў свайго роду ажыятаж.
— Лабараторыя тэхналогіі і фізікі росту крышталёў НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве займаецца распрацоўкай тэхналагічных працэсаў і дробнасерыйнай вытворчасцю не толькі монакрышталёў ізумруду, але таксама чырвонага берылу, сапфіру, александрыту і рубіну з марфалагічнымі асаблівасцямі, фізічнымі ўласцівасцямі і характарыстыкамі колеру, максімальна набліжанымі да натуральных каштоўных камянёў, — распавядае Рыгор Рымскі.
Але менавіта ізумруды падабаюцца спажыўцу — зразумела, гаворка ідзе ў першую чаргу пра прадстаўніц прыгожага полу — больш за іншых. Ювеліры ведаюць: ізумруды (ад светлых да насычана-зялёных) ды яшчэ тапазы (пяшчотнага празрыста-блакітнага тону) — найбольш запатрабаваныя ва Усходняй Еўропе з каляровых камянёў, таму што пасуюць да славянскага тыпу знешнасці. Насычана-сінія, васільковыя сапфіры («Мы вырошчваем менавіта сінія сапфіры, яны цэняцца ў ювелірнай справе», — тлумачыць суразмоўнік.) падыходзяць не ўсім. Рубіны — наогул камяні складаныя: лічыцца, што яны робяць вобраз больш «узроставым», калі правільна іх не абыграць з пункту гледжання стылю (заўважце, часцей у ювелірных аддзелах прадстаўлены пярсцёнкі з рубінам вялікага памеру: гэты камень яшчэ з савецкіх часоў любяць нашы бабулі). А вось ізумруд — для ўсіх узростаў, ён упішацца ў любы стыль. Адзіная складанасць — у яго далікатнасці: ён патрабуе беражлівых адносін. Для гемолагаў няпростая задача знайсці прыродны ізумруд без дэфектаў, сколаў, газавых бурбалак унутры. Для ювеліраў — замацаваць камень так, каб ён не трэснуў пры мантажы.
А для гаспадыні ўпрыгажэння з ізумрудам — не стукнуць выпадкова камень, не падрапаць яго і не скалоць.
Цана пытання
Прыродныя ізумруды каштуюць сотні, а часам і тысячы долараў, распавядае прадстаўнік НПЦ па матэрыялазнаўстве. Найлепшымі лічацца тыя, што здабываюць у Калумбіі, у іх самая насычаная афарбоўка. Радовішчы гэтага каштоўнага каменя ёсць таксама ў Бразіліі, Замбіі, на Урале. Адзін карат беларускага, вырашчанага ў лабараторыі ізумруду (0,2 грама, адзінка масы каштоўных камянёў у ювелірнай справе), абыдзецца пакупніку ў суму, эквівалентную 50–60 долараў. Візуальна 1 карат — гэта, аказваецца, не самы маленькі каменьчык. Для тоненькага пярсцёнка дастаткова і ізумрудзіку ў палову карата ($30, то-бок цалкам пад’ёмна).
— Мы вырабляем монакрышталі ізумруду з унікальнай аптычнай якасцю і характарыстыкамі, блізкімі да каштоўнага прыроднага каменя, — тлумачыць навуковец. — Тэхналогія сінтэзу — вырошчванне ізумруду з высокатэмпературнага флюсу. Пад любы запыт можна аптымізаваць і насычанасць колеру, і агранку.
Ізумруды вырошчваюцца ў лабараторных умовах па падабенстве да таго, як гэта робіць прырода — толькі хутчэй і лепш, кажа суразмоўца. У штучных камянёў адсутнічаюць дэфекты. Па гэтай прыкмеце, узброіўшыся лупай, і можна адрозніць прыродны ізумруд ад штучнага, калі вы не ювелір. Але для эстэтаў дэфекты можна спецыяльна ўнесці і ў штучны камень — навуковец дэманструе і такія ўзоры. Словам, 8 Сакавіка не за гарамі, так што вось лайфхак: любы ахвотны ў прыватным парадку можа звярнуцца непасрэдна ў НПЦ матэрыялазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, і спецыяльна для вас вырасцяць ізумруд патрэбнай вам насычанасці колеру і па даволі дэмакратычнай цане. Аграняць і параяць ювеліра, які створыць з ім упрыгажэнне (з-за далікатнасці з ізумрудамі працуюць далёка не ўсе майстры). Зрэшты, сёння лабараторыя росту крышталёў супрацоўнічае і з усімі буйнымі ювелірнымі вытворчасцямі нашай краіны.
— Першапачаткова мы нацэльваліся на тое, каб забяспечваць прадпрыемствы. Але з’явіўся попыт сярод насельніцтва, і мы вырашылі прадаваць нашы камяні таксама проста людзям. А далей яны могуць інкруставаць іх ва ўпрыгажэнні, рабіць падарункі, — кажа Рыгор Рымскі.
Напрыклад, агранка каштоўных камянёў у выглядзе сэрцайка карыстаецца попытам у лютым—сакавіку: гэта выдатны падарунак каханай на Міжнародны жаночы дзень. Або спосаб здзівіць мужа на 23 лютага, падарыўшы яму замест традыцыйных шкарпэтак і пены для галення каштоўнае сэрцайка ў прыгожай упакоўцы як сімвал кахання.