Дзе даведацца пра спадчыну?
Нядаўна глядзела серыял, і там натарыус запрашаў усіх спадчыннікаў да сябе ў кантору, чытаў завяшчанне і казаў, што пачне адшукваць усю спадчыну, якая ім будзе належаць. У мяне памёр бацька, які жыў у Гомелі. У яго засталася кватэра і грошы ў нейкім банку. За гэтыя тры месяцы пасля яго смерці нас ніхто не запрашаў да натарыуса. Я не ведаю нават, ці пісаў бацька завяшчанне. Што рабіць?
Алена Мікалаеўна, г. Гомель
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ларыса РУДЗЬКО:
— Вам неабходна на працягу шасці месяцаў пасля смерці бацькі звярнуцца да натарыуса па апошнім месцы яго жыхарства з заявай аб прыняцці спадчыны або аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну. Натарыус праверыць, ці пакінуў памерлы завяшчанне, і, калі яго няма, вы можаце ўспадкаваць па законе тую маёмасць, якая належала вашаму бацьку. Таксама па вашай просьбе натарыус можа запытаць банк аб наяўнасці рахунку на імя бацькі і іншыя дакументы, неабходныя для афармлення спадчыны.
Як аформіць «спецыяльную» даверанасць?
Ці можна аформіць даверанасць, па якой давераная асоба зможа ўступіць у спадчыну, а затым яе падарыць ці прадаць?
Вольга Іванаўна, г. Маладзечна
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Таццяна НОВІК:
— Так, можна. Гэта «спецыяльная» даверанасць, якую можна аформіць у натарыуса. Але трэба памятаць, што ў даверанасці на заключэнне дагавора дарэння павінен быць названы абдораны і ўказаны прадмет дарэння.
Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda.by — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.
Віктар ЛЮБІМАЎ