Top.Mail.Ru
141

Дзе і пачым у Мінску можна купіць навагоднюю ёлку?

Дзе і па якой цане ў Мінску можна набыць навагоднюю ёлку ў лясгасаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе Мінлясгаса.


Як паведамлялі ў ведамстве, у Беларусі будзе працаваць больш за 1 тыс. ёлачных базараў лясгасаў. Традыцыйна набыць сімвал свята можна будзе ва ўсіх рэгіёнах краіны: як непасрэдна ў лясніцтвах, так і на асобных гандлёвых пунктах.

У сярэднім кошт навагодніх дрэў (па краіне) вышынёй да 1 м у лясніцтвах складзе Br10,21, на складзе лясгаса — Br10,68, на гандлёвых базарах — Br11,42 (у сваім раёне) і Br13,03 (выязны гандаль).

Ялінка вышынёй ад 1 м да 2 м абыдзецца ў лясніцтвах у Br12,65, на складзе лясгаса — Br13,33, на гандлёвых базарах — Br14,18 (у сваім раёне) і Br16,78 (выязны гандаль). Навагодняе дрэва вышынёй ад 2 да 3 м у лясніцтвах будзе каштаваць Br18,94, на складзе лясгаса — Br19,56, на гандлёвых базарах — Br20,65 (у сваім раёне) і Br24,29 (выязны гандаль).

Традыцыйна лясгасы і Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр прапануюць набыць і навагоднія дрэвы ў кадках. Сярэдні кошт дрэў да метра складзе Br26,39, ад 1 да 2 м — Br32,77.

У Мінлясгасе падкрэслілі, што гаворка ідзе менавіта пра сярэдні кошт па краіне, г. зн. у асобных рэгіёнах ён можа адрознівацца ў большы ці меншы бок. Як правіла, з-за лагістычных выдаткаў найбольш высокія цэны на навагоднія дрэвы фарміруюцца ў сталіцы.

Пры гэтым у дзяржаўных устаноў навагоднія ялінкі і сосны можна набыць больш выгадна, чым у прыватнікаў. У ведамстве таксама расказалі, дзе ў гэтым годзе будуць гандляваць у сталіцы і паблізу лясгасы Мінскай вобласці і Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр: г. Мінск, вул. Прытыцкага, 146; вул. Ціміразева, 118 (тэрыторыя гандлёвай пляцоўкі «Лясны домік»); пр-т Дзяржынскага, 104 (побач з ГЦ «Тытан»); Лагойскі тракт, 52 (тэрыторыя гандлёвай пляцоўкі «Лясны домік»); вул. Баграціёна, 70; пр-т Дзяржынскага, 126 (пляцоўка каля магазіна Prostor); вул. Леаніда Левіна, 8 (побач з ГЦ «Санта»). У Мінскім раёне — Шчомысліцкі сельскі савет, Р1, 17-ы км, 3, раён в. Ваўковічы.

Першымі гандаль навагоднімі дрэвамі пачнуць на Баграціёна, 70 (з 15 снежня), астатнія пляцоўкі прыступяць да работы 20 снежня. Пры гэтым у Мінскім лясгасе (Баграціёна, 70) ужо можна набыць навагодняе дрэва ў кадцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю