Top.Mail.Ru

«Адна з найважнейшых задач — мадэрнізацыя эканомікі на інавацыйнай аснове»

Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях стварэння адукацыйнага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў перспектыўных кірункаў


Гэта рашэнне Аляксандр Лукашэнка анансаваў яшчэ 15 студзеня, падчас прызначэння рэктараў дзвюх рэгіянальных ВНУ — у Брэсце і Гомелі. Беларускі лідар адзначаў, што стварэнне ў краіне адукацыйнага цэнтра разглядаецца з мэтай навучання таленавітых хлопцаў і дзяўчат па перспектыўных, запатрабаваных кірунках. Для абмеркавання мэтазгоднасці існавання новай навучальнай установы, а таксама асаблівасцяў навучання спецыялістаў па эксперыментальных адукацыйных праграмах у Палац Незалежнасці былі запрошаны больш за два дзясяткі чалавек: ад Прэм’ер-міністра і кіраўніцтва Акадэміі навук да прафесараў і рэктараў ВНУ. 

«Адукацыя, навука знаходзяцца на асаблівым этапе развіцця»

«Тое, што сістэма нашай адукацыі павінна быць у прыярытэце (і быццам бы ў прыярытэце ў Беларусі), — аб гэтым сказана неаднойчы, — заўважыў Прэзідэнт. — Асабліва гэта датычыцца цяперашняга часу, калі адукацыя, навука знаходзяцца на асаблівым этапе развіцця. Адна з найважнейшых задач для краіны сёння (можа быць, гэта самая галоўная задача) — мадэрнізацыя эканомікі на інавацыйнай аснове».

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі многае навучыліся рабіць. «Але ў асноўным, паўтараем тое, што ўжо ў свеце зроблена, — удакладніў ён. — Капіруем, нешта дадаём сваё, а часам нічога не дадаём. Гэта натуральна, усе краіны такім чынам дзейнічаюць. Але перадавыя краіны могуць сябе называць такімі, калі яны могуць вырабляць нешта сваё — ад пачатку да канца. На жаль, у гэтым плане мы пахваліцца многімі распрацоўкамі не можам, калі гаварыць шчыра».

Намеціць хаця б пэўныя арыенціры, а пажадана шляхі руху ў гэтым кірунку, па словах Прэзідэнта, — мэта нарады ў Палацы Незалежнасці. 

«Не трэба адкідваць тое, што мы ўмеем сёння рабіць» 

Беларускі лідар адзначыў, што сучаснае жыццё ўжо немагчыма без штучнага інтэлекту, беспілотных сістэм, робататэхнікі, нана- і біятэхналогій. З некаторымі тэрмінамі, якія прыжыліся ў нашым грамадстве, Аляксандр Лукашэнка не згодзен. 

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў паездку на аўтамабілі са штучным інтэлектам. «Калі ёсць палосы — круіз-кантроль уключаеш, і ён „чытае“ дарогу, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Можна не кіраваць з дапамогай руля, яна (машына. — „Зв.“) рухаецца ў патрэбным напрамку. Я так моцна задумаўся: ну, які тут штучны інтэлект? Працуе аўтаматыка. Раней мы так гэта і называлі».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ён нярэдка задумваецца над тэрмінамі, якімі мы апелюем практычна кожны дзень. Гэтыя тэрміны, па яго словах, прыдумалі разумныя, крэатыўныя людзі. «Таму калі мы кідаемся на пэўныя навінкі, трэба рабіць гэта вельмі-вельмі асцярожна», — парэкамендаваў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым прывёў Прэзідэнт яшчэ адзін прыклад. «Сёння ўсе „вар’яцеюць“ ад БПЛА, беспілотных лятальных апаратаў, — канстатаваў ён. — Цэлыя заводы, фабрыкі штампуюць. І не толькі ўкраінцы і расіяне, якія з іх дапамогай ваююць (і даволі эфектыўна ваююць), але ў тым ліку і ў Беларусі, і паўночней ад нас пачынаюць гэта дабро штампаваць з раніцы да вечара».

Галоўнакамандуючы нагадаў, што ў цяперашні час праводзіць праверку Узброеных Сіл, якая будзе працягвацца да вясны. «Ці надта нам дапамогуць беспілотныя лятальныя апараты, калі браць ваенныя дзеянні, у лясіста-балоцістай мясцовасці? — задаўся ў гэтым кантэксце пытаннем кіраўнік дзяржавы. — Асабліва ў лясістай. У стэпе, пустыні — так, там усё як на далоні. „Птушку“ запусціў, цэль знайшлі — атакуем, нічога не перашкаджае. А як у лесе?».

У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што без звычайных узбраенняў (такіх, як кулямёт, аўтамат, пісталет і гранатамёт), а таксама звычайных салдат у нашых шыротах не абысціся. Істотная ўвага ў гэтай сувязі, дадаў Галоўнакамандуючы, удзяляецца і развіццю традыцыйнай артылерыі, боепрыпасам да гэтага ўзбраення. «Вось без гэтага на СВА таксама сёння вельмі складана абысціся, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму не трэба адкідваць тое, што сёння ўжо асвоена, тое, што мы ўмеем сёння рабіць». 

Тым больш, як удакладніў беларускі лідар, адпаведныя школы (трактарабудавання, аўтамабілебудавання, камбайнабудавання і іншыя) у краіне створаны. «Мы многае ўмеем рабіць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Прадукцыя гэта патрэбна заўсёды ў свеце. Ад гэтага мы адмаўляцца не маем намеру». 

«Месца хапае. Былі б людзі, якія маглі б гэта рухаць»

Разам з тым кіраўнік дзяржавы патрабуе вынаходзіць нешта новае, без чаго далейшага развіцця быць не можа. 

«Сёння нам трэба вызначыцца, якія ж гэта перспектыўныя кірункі, без якіх ні адна дзяржава абысціся не можа», — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт указаў на неабходнасць развіцця біятэхналогій. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыла пандэмія каранавіруса, якую ў Беларусі перажылі. «А ўспомні, у нас што, у дастатку вакцыны былі? У нас лекі былі? — звяртаючыся да старшыні Прэзідыума Акадэміі навук Уладзіміра Караніка, заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Сёння ўжо мы сёе-тое навучыліся рабіць і гаворым, што мы можам гэта зрабіць. Але чамусьці не зрабілі тады. Гэта калі гаварыць пра ахову здароўя, біятэхналогіі і гэтак далей».

Што датычыцца цэнтра або ўніверсітэта, дзе плануецца ажыццяўляць навучанне па перспектыўных кірунках, Прэзідэнт адзначыў, што краіна мае магчымасці стварыць асобны цэнтр. Аднак кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, наколькі гэта будзе рацыянальна. 

«Мы маем магчымасці і развіваць (перспектыўныя кірункі. — „Зв.“) у нашых традыцыйных цэнтрах навукі, адукацыі — я маю на ўвазе ўніверсітэты, інстытуты і Акадэмію навук, — удакладніў ён. — Месца хапае. Былі б людзі, якія маглі б гэта рухаць».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым рух па асноўных кірунках развіцця эканомікі ў краіне намецілі: падчас пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу была прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігодку. 

«Засяродзілі намаганні на забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту краіны, — канстатаваў Прэзідэнт. — Як і ва ўсім свеце, ствараем новыя вытворчасці. Але вельмі недастаткова. Яны працуюць аўтаномна, з мінімальным удзелам ці нават без удзелу чалавека. Маштабаванне падобных высокатэхналагічных вытворчасцяў — залог нашага дабрабыту ў будучыні».

Аднак для такой сур’ёзнай інавацыйнай трансфармацыі эканомікі, па словах кіраўніка дзяржавы, патрэбны спецыялісты, здольныя канкурыраваць па ўзроўні ведаў з вядучымі сусветнымі школамі. «І не проста канкурыраваць, а ствараць якасны, канкурэнтны беларускі прадукт, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Задача нумар адзін для сістэмы вышэйшай адукацыі».

Прэзідэнт праінфармаваны, што ў гэтых мэтах у БДУ, іншых ВНУ ўжо вядзецца эксперыментальная падрыхтоўка спецыялістаў па перспектыўных кірунках. Вынік гэтага, па яго словах, яшчэ толькі трэба будзе ацаніць.

«Зніжэнне якасці навучання недапушчальна»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра свае даручэнні аб пашырэнні рэалізацыі эксперыментальных праграм, у тым ліку ў рэгіянальных ВНУ, дадзеныя ў ходзе Паслання беларускаму народу і парламенту ў снежні 2025 года. «Акрамя таго, мы актыўна развіваем супрацоўніцтва з тэхналагічна развітымі краінамі, рэалізуем сумесныя адукацыйныя праграмы з ВНУ Кітайскай Народнай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і іншымі, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму была пастаўлена задача прапрацаваць пытанне аб стварэнні адукацыйнага цэнтра, дзе будзе засяроджана падрыхтоўка кадраў заўтрашняга дня». 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што падчас нарады неабходна вырашыць, як правільна і эфектыўна арганізаваць падрыхтоўку такіх спецыялістаў. Але перад тым, як прыняць рашэнне, да абмеркавання былі прапанаваны шэраг пытанняў.

Першае. «Я хацеў бы пачуць, што ўжо зроблена ў арганізацыі эксперыментальнай падрыхтоўкі і яе маштабаванні, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Як яна будзе ўзгоднена з праграмамі адукацыйнага цэнтра або ўніверсітэта, як вы яго называеце. Вы самі вызначыліся, што гэта будзе за ўстанова, або яшчэ не?»

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, навошта частку рэалізуемых эксперыментальных праграм (8 з 18 ужо ажыццяўляецца на базе ВНУ) прапануецца перанесці з нашых вядучых ВНУ ў цэнтр? 

«Яны што, не спраўляюцца? — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Недастаткова чагосьці? Аб чым я гаварыў: ва ўніверсітэтах, у Акадэміі навук ужо многія кірункі, у тым ліку тыя, якія вы мне прапанавалі, развіваюцца. Хачу, каб усе разумелі: мы не можам сабе дазволіць агаліць кадравы склад вядучых устаноў вышэйшай адукацыі краіны (у пэўнай ступені гэта можа адбыцца), існуючых там навуковых школ і тым больш аслабіць рэгіянальныя ВНУ. Зніжэнне якасці навучання недапушчальна. Ад гэтага залежыць міжнародны прэстыж нашай вышэйшай адукацыі і экспарт адукацыйных паслуг».

Другое. Прэзідэнт удакладніў, чым абгрунтавана стварэнне новага цэнтра або ўніверсітэта. Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што перашкаджае арганізацыі навучання на дзеючых плошчах у ВНУ і ў чым будзе заключацца ўнікальнасць адбору і падрыхтоўкі спецыялістаў. Як у далейшым будзе ажыццяўляцца замацаванне маладых спецыялістаў — таксама ў полі зроку Прэзідэнта.

«Адны гавораць, што гэта павінны быць спецыялісты, якія ўжо скончылі ВНУ, каб далей паглыбляцца і ствараць цуда-тавары, — заўважыў беларускі лідар. — Або гэта павінны быць дзесяцікласнікі, якія атрымаюць адукацыю, і самыя таленавітыя працягнуць навучанне. Дзе, калі, у якім кірунку?» 

«Укладзеныя ў стварэнне дадзенага навучальнага корпуса сродкі павінны даваць вынік» 

Трэцяе. Прэзідэнт праінфармаваў, што цяпер вядзецца будаўніцтва Цэнтра біялогіі пры БДУ з сучаснай навукова-даследчай базай па біятэхналогіях, біяхіміі, іншых кірунках. Па яго словах, на рэалізацыю праекта выдаткавана прыстойнае бюджэтнае фінансаванне. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся перспектывамі выкарыстання гэтага аб’екта ў выпадку пераносу асобных спецыяльнасцяў біятэхналагічнага профілю ў новы цэнтр. Акрамя таго, Прэзідэнта цікавіць, ці будзе рэалізавана канцэпцыя эксперыментальнай адукацыі ў самім Беларускім дзяржаўным універсітэце.

«Майце на ўвазе, укладзеныя ў стварэнне дадзенага навучальнага корпуса сродкі павінны даваць вынік», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. 

Чацвёртае. Прэзідэнт удакладніў, ці магчыма ў офісных будынках па праспекце Пераможцаў, аб якіх ішла размова, стварыць новы ўнікальны цэнтр або ўніверсітэт. У полі зроку кіраўніка дзяржавы — і тое, як плануецца абсталяваць навучальныя аўдыторыі, лабараторыі, месцы агульнага карыстання. 

«Ці прапрацавана пытанне забеспячэння біялагічнай і хімічнай бяспекі, як гэта зроблена ў Цэнтры біялогіі пры БДУ? — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка — Рызыкаваць мы не можам, гэта фактычна цэнтр горада».

Пытанняў у кіраўніка дзяржавы нямала. Па яго словах, калі размова ідзе пра стварэнне новага цэнтра, то трэба разумець, што туды будуць сцягнуты самыя лепшыя, самыя прагрэсіўныя і таленавітыя людзі для навучання і выкладання. 

«Адтуль павінен выйсці гатовы тавар, — заўважыў беларускі лідар. — А значыць, туды павінны прыйсці моцныя спецыялісты. Ці змогуць гэта зрабіць людзі, якія прыходзяць сёння навучацца пасля сярэдняй школы ў ВНУ?» 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што спецыяльнасці, па якіх плануецца навучанне ў цэнтры, у краіне ўжо ўсюды ёсць. «Ці варта, дапусцім, з БДУ або з Акадэміі навук забіраць пэўны кірунак і пераносіць у цэнтр? — удакладніў ён. — Калі варта, я прасіў бы, каб вы мне сёння гэта абазначылі».

«Мы павінны ўсяляк абараняць і ўтрымліваць гэту моладзь у сябе»

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у сваім дакладзе паведаміў, што сёння ў свеце ідзе барацьба за таленавітую моладзь, і наша краіна — не выключэнне. «Штогод нашы школьнікі заваёўваюць больш за 50 медалёў на міжнародных алімпіядах, звыш 200 чалавек становяцца пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд, больш за 100 выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка без экзаменаў паступаюць у нашы ВНУ, — канкрэтызаваў ён. — Безумоўна, гэта наш залаты інтэлектуальны фонд, і такія маладыя людзі па праве хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю сусветнага ўзроўню». 

Пры гэтым, як адзначыў Андрэй Іванец, ні адна класічная ВНУ ў нашай краіне ў поўнай меры не можа забяспечыць прыцягненне ў адно месца самых адораных маладых людзей, па-сапраўднаму прызнаных спецыялістаў у сваім кірунку, стварыць унікальнае адукацыйнае асяроддзе.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння адораная моладзь — гэта ўнікальныя людзі ў любой дзяржаве. «І мы павінны ўсяляк абараняць і ўтрымліваць гэту моладзь у сябе. Гэта задача нумар адзін, — падкрэсліў беларускі лідар. — Адступленняў ніякіх быць не можа». 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці варта сцягваць адораных маладых людзей толькі ў гэту навучальную ўстанову. «Гэта што, вялікая перавага, што мы іх сцягнем у адзіны цэнтр? — удакладніў ён. — Ці можа мы будзем мець такіх некалькі цэнтраў у розных ВНУ або ў Акадэміі навук? Што будзе лепш? Вы мне не адкажаце адназначна на гэта пытанне. Што, калі мы сцягнем іх на праспект Пераможцаў, да прыкладу, то гэта будзе лепш? Хто яго ведае. Калі лепш, то ненадоўга». 

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на асноўных тэзісах, якія правільна пазначыў міністр адукацыі. «Толькі яны, на маю думку, спрэчныя», — заўважыў Прэзідэнт. Андрэй Іванец запэўніў кіраўніка дзяржавы аб тым, што адукацыйным ведамствам былі вызначаны кірункі, якія сапраўды патрэбныя нашай краіне. Сярод іх — авіябудаванне, лічбавыя тэхналогіі, біятэхналогіі, а таксама цэлы шэраг іншых інжынерных спецыяльнасцяў. 

У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся развіццём авія- і лічбавых тэхналогій. Андрэй Іванец запэўніў, што гэтыя тэхналогіі сёння развіваюцца, выкарыстоўваецца патэнцыял тых школ, якія ёсць на базе БДУ, БНТУ, БДУІР і БДТУ. 

Міністр таксама патлумачыў, чаму, на яго думку, неабходна сабраць усіх адораных маладых людзей у адным месцы. «Тыя эксперыментальныя праграмы, якія мы прапануем, не змогуць асвоіць звычайныя абітурыенты, якія паступаюць па конкурсе і якіх мы рыхтуем у нашых універсітэтах, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Але гэта не значыць, што мы іх дрэнна рыхтуем. Мы іх рыхтуем абсалютна для ўсіх галін нашай эканомікі. Але нам патрэбны свайго роду „спецназ“. І ў дадзеным выпадку, гэта фактычна будзе працяг траекторыі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, дзе мы бачым, што канцэнтраванне такіх людзей было абсалютна апраўданым».

Даслоўна

«Стварэнне адукацыйнага цэнтра трэба разглядаць як нацыянальны праект»

Як звярнуў увагу ў размове з журналістамі міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ўсебакова былі разгледжаны пытанні па стварэнні новага адукацыйнага цэнтра, фактычна новага ўніверсітэта ў краіне, па падрыхтоўцы спецыялістаў па найбольш перспектыўных для нашай эканомікі галінах. 


«Былі выказаны традыцыйна розныя пункты гледжання: шмат было „за“, шмат „супраць“, — канкрэтызаваў кіраўнік ведамства. — Таму нарада скончылася тым, што Прэзідэнт даў даручэнне яшчэ раз дэталёва, максімальна шырокім колам вывучыць гэта пытанне ў кароткія тэрміны, унесці прапановы ўрада кіраўніку дзяржавы».

Андрэй Іванец падкрэсліў, што, нягледзячы на дыскусіі, у завяршэнні нарады ўсе сышліся на тым, што стварэнне адукацыйнага цэнтра трэба разглядаць як нацыянальны праект. Міністр адукацыі звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ёсць так званы залаты фонд хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з’яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, лаўрэатамі спецфонду кіраўніка дзяржавы, выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. 

«Яны сёння гатовы вучыцца не проста па праграме першага курса ўніверсітэта, а фактычна сямімільнымі крокамі асвойваць гэту праграму, — канстатаваў Андрэй Іванец. — Для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак мы павінны стварыць асаблівыя эксперыментальныя праграмы, якія будуць насычаны сур’ёзнымі фундаментальнымі тэарэтычнымі ведамі. Але, самае галоўнае, каб яны былі поўнасцю інкарпараваны ва ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі. Гэта значыць, каб фактычна з першага курса працавалі над канкрэтнымі праектамі і задачамі, якія неабходна вырашаць у айчыннай эканоміцы».

Для работы з такімі адоранымі дзецьмі плануецца выкарыстоўваць увесь патэнцыял не толькі выкладчыкаў, але і спецыялістаў-практыкаў, якія працуюць на прадпрыемствах, у Акадэміі навук. Размова ідзе аб даволі шырокім спектры падрыхтоўкі спецыялістаў. 

Па словах міністра адукацыі, мадэль навучання, якая прапануецца, прадугледжвае, што за першыя два гады студэнты гэтага адукацыйнага цэнтра пройдуць усю праграму чатырохгадовага навучання ў традыцыйнай ВНУ. «Пачынаючы з трэцяга курса яны будуць працаваць у рамках індывідуальнай формы навучання над канкрэтнымі праектамі і задачамі, — дадаў Андрэй Іванец. — Гэта з’яўляецца прынцыповым адрозненнем — праектна-даследчы прынцып арганізацыі вучобы». 

У цэнтры будуць створаны неабходныя ўмовы для таго, каб усе таленавітыя дзеці заставаліся ў Беларусі для прадаўжэння вучобы, у далейшым забяспечвалі патрэбнасці нацыянальнай эканомікі ў высокакваліфікаваных кадрах.

«Плануецца фарміраваць мегакампетэнцыі»

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй КАРОЛЬ адзначыў, што кіраўнік дзяржавы падчас нарады вызначыў шэраг вельмі глыбокіх момантаў. Па яго словах, абмеркаванне атрымалася вельмі прадуктыўным і плённым. 


Андрэй Кароль назваў адукацыйны цэнтр патрэбным для краіны праектам і заўважыў, што гаворка ідзе аб падрыхтоўцы спецыялістаў заўтрашняга дня. «Усе прысутныя на нарадзе зацікаўлены ў тым, каб мы атрымалі як мага большы каэфіцыент карыснага дзеяння ад падрыхтоўкі спецыялістаў у адукацыйным цэнтры», — лічыць рэктар.

Паводле яго слоў, БДУ за апошнія чатыры гады назапасіў пэўны вопыт у інавацыйнай падрыхтоўцы спецыялістаў перспектыўных кірункаў. «Гэта эксперыментальныя праграмы, пачынаючы ад „а“ да „я“. Мы ажыццяўляем адбор, вядзём падрыхтоўку і, адпаведна, узаемадзейнічаем з рэальным сектарам эканомікі, заказчыкамі кадраў», — падкрэсліў Андрэй Кароль.

 

Адным з важных момантаў ён лічыць неабходнасць ажыццяўлення бясшвовага пераходу па ланцужка «школа — ВНУ — першае месца працы», дзе будуць запатрабаваны «мегакампетэнцыі», якія плануецца фарміраваць у адукацыйным цэнтры. Пры гэтым, як падкрэсліў рэктар, характар адукацыі ў цэнтры не плануецца рабіць масавым. Андрэй Кароль дадаў, што нашы ўніверсітэты дастаткова паспяхова спраўляюцца менавіта з рэалізацыяй масавай адукацыі. Але ў дачыненні да адукацыйнага цэнтра гэта будзе элітарная адукацыя. 

«Новыя перспектывы для развіцця міждысцыплінарных навуковых школ»

Па словах рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзіма БОГУША, у цэнтры неабходна будзе аб’яднаць таленавітую моладзь, гаварыць аб новых патрабаваннях да прафесарска-выкладчыцкага складу. На яго думку, у рамках парадыгмы масавай вышэйшай адукацыі пэўныя пункты росту павінны быць. У гэтай ролі акурат можа выступіць новы адукацыйны цэнтр, ідэю стварэння якога падтрымаў кіраўнік дзяржавы.


Якім канкрэтна чынам гэта будзе рэалізавана — у выглядзе сеткавага адукацыйнага цэнтра або асобнай установы адукацыі — яшчэ трэба будзе вызначыць. «Важна, каб гэта адкрывала новыя перспектывы перш за ўсё для развіцця міждысцыплінарных навуковых школ, для развіцця кампетэнцый, якія з аднаго боку заснаваныя на вельмі добрым падмурку, як заслуга савецкай вышэйшай школы, а з іншага боку, улічваліся асаблівасці свету, што пастаянна змяняецца», — заўважыў Вадзім Богуш.

Адна з ключавых праблем, паводле слоў рэктара, заключаецца ў тым, што вельмі складана спрагназаваць тэхналагічную падрыхтаванасць спецыяліста для сапраўды новых для нашай краіны вытворчасцяў. «І ў гэтай частцы — гэта задача фактычна як будаўніцтва атамнай станцыі толькі для сістэмы адукацыі, дзе павінны быць сфармуляваны асаблівыя патрабаванні і да выкладчыцкага складу, і асаблівыя падыходы да адбору і работы з моладдзю, — падкрэсліў Вадзім Богуш. — І, самае галоўнае, гэта мадэль павінна аб’яднаць у сабе і фундаментальную падрыхтоўку, і практычнае выкарыстанне тых ведаў, якія атрымліваюць студэнты».

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю