Падрабязнасці нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў
Падрабязнасці нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў
На парадку дня — актуальныя пытанні, якія, па словах кіраўніка дзяржавы, патрабуюць прыняцця ўзважаных рашэнняў. Сярод іх — арэнднае жыллё, гульнявы бізнес, стварэнне касмічнага агенцтва. Акрамя таго, падчас нарады ўзнімалася тэма кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. У цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі таксама — пытанне падзяжу жывёлы ў сельгасарганізацыях краіны.
Перш чым пачаць размову, Прэзідэнт нагадаў сутнасць нарады. «Гэта традыцыйнае мерапрыемства, на якім мы разглядаем найбольш актуальныя пытанні жыцця нашых людзей, — заўважыў ён. — Таму і праводзім на ўзроўні кіраўніка дзяржавы падобныя нарады. Яшчэ раз падкрэсліваю: на такія нарады мы выносім найбольш актуальныя пытанні, якія хвалююць і цікавяць нашых грамадзян. Рашэнні па дадзеных пытаннях прымаюцца Прэзідэнтам у выглядзе ўказа або распараджэння, а прапрацоўваюцца спецыялістамі, членамі ўрада».
Арэнднае жыллё. «Патрэбны зразумелыя ўмовы»
Найперш на разгляд было вынесена пытанне арэнднага жылля. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пытанне павінна стаць адным з прыярытэтаў на пяцігодку. Ён праінфармаваў, што ў будучым годзе да беларусаў выйдуць з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, які будзе разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе.
«Да гэтай сустрэчы трэба дакладна і зразумела адрэгуляваць усе палажэнні: дзе, хто, наколькі хутка і на якіх умовах можа прэтэндаваць на арэнднае жыллё, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — І з часам па жаданні набыць яго ва ўласнасць. Прычым нават у растэрміноўку. Гэта асабліва важна для невялікіх населеных пунктаў (прыкладна да 20 тысяч жыхароў). І будзе добрым стымулам для людзей».
Прынцып набыцця арэнднага жылля ва ўласнасць, па словах Прэзідэнта, нескладаны. «Адпрацаваў пэўную колькасць гадоў (дапусцім, 10 або 15) без перапынку ў арганізацыі, якая табе прадаставіла жыллё ў арэнду, — тады атрымліваеш права выкупіць яго ва ўласнасць, — растлумачыў ён. — Гэта прынцыповае пытанне, па якім вельмі шмат дыскусій. І людзі ставяць перад намі дадзенае пытанне».
Такі ж прынцып, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, прапануецца выкарыстоўваць пры выкупе арэнднага жылля ў сельскай мясцовасці, якое ўжо сур’ёзна фізічна зношана — не адпавядае санітарным і тэхнічным патрабаванням.
«Дзіўна, але сёння ў такіх дамоў фактычна няма гаспадарскай рукі, — канстатаваў беларускі лідар. — З аднаго боку — арганізацыя, на балансе якой яны лічацца. Яна і павінна праводзіць капітальны рамонт, як у нас гэта прынята, адзін раз у 30 гадоў. З іншага — наймальнік, які жыве, а ў бягучы рамонт укладвацца не спяшаецца, або эканоміць, бо жыллё ж не сваё. Так і развальваецца паціху гэта жыллё».
Прэзідэнт праінфармаваў, што такіх дамоў па краіне тры-чатыры тысячы. «Штогод на іх рэнавацыю патрабуецца больш за 10 мільёнаў рублёў, — сказаў ён. — А ў людзей жа ёсць запыт: калі прадасць дзяржава ім такое жыллё, дом, яны яго адрамантуюць. Але пры гэтым патрэбны зразумелыя ўмовы. І мы іх павінны вызначыць для насельніцтва».
Таксама, па словах Аляксандра Лукашэнкі, ёсць меркаванне, што дастаткова правесці разавую рэвізію такога жылля (напрыклад, да 1 ліпеня) і прадаваць толькі яго. «Для чаго абмежаванні такія? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Якая ад іх карысць? Што будзем рабіць з дамамі, якія працягваюць трухлець, і праз год-другі па гэтых дамах спатрэбяцца новыя працэдуры?»
Прэзідэнт падкрэсліў, што рашэнні павінны быць сістэмнымі і аднолькава прымальнымі для людзей і эканомікі рэгіёна. «Асабліва ў кантэксце замацавання кадраў, — удакладніў ён. — Можа, пэўнаму маладому спецыялісту дзесьці ў „мядзведжым кутку“, як у нас кажуць (хоць у Беларусі ўжо такіх няма), варта і падарыць гэты дом? Дарма аддаць».
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў разгледзець альтэрнатыўныя меркаванні, калі яны ёсць. На бягучы момант Савет Міністраў лічыць неабходным урэгуляваць вынесеныя на абмеркаванне пытанні двума ўказамі. На думку беларускага лідара, больш разумна будзе зрабіць адзін усёабдымны дакумент. У такім выпадку, як заўважыў Прэзідэнт, чалавеку, які будзе прымаць рашэнне па гэтым пытанні, будзе прасцей.
Гульнявы бізнес. «Грошы, заробленыя тут, павінны інвесціравацца ў краіну»
Другое пытанне, якое было вынесена на абмеркаванне, — гульнявы бізнес. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, тэма далікатная, датычыцца этычнасці і бяспекі.
«Па-першае, пры наяўнасці віртуальных устаноў патрабуецца страхоўка, каб не дапусціць удзелу ў гульні дзяцей і недзеяздольных грамадзян, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Па-другое, такія забавы павінны быць даступныя толькі для плацежаздольных людзей. Дарэчы, мы ж не першы раз ужо сутыкаемся з дадзеным пытаннем. А ў Беларусі ўсё гэта „квітнее“. „Квітнее і пахне“, як у народзе кажуць».
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што вопыт работы па гульнявым бізнесе ў краіне ёсць. «Зыходзячы з гэтага вопыту, давайце адрэгулюем канчаткова ўсе правілы, — даручыў ён. — Колькі мы ведаем прыкладаў, дапусцім, калі гульняман не можа спыніцца і бар’ераў для яго няма. Набірае пазыкі, крэдыты, прадае маёмасць. Пакутуе сам, сям’я і грамадства. Некаторыя людзі на гэта звяртаюць увагу».
Па словах беларускага лідара, неабходна ў гульнявых установах увесці мараторый на гульню ў доўг. «А можа, і даць права членам сям’і ўводзіць забарону на гульню чалавеку залежнаму, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш што грошы ад прайграных кватэр і машын ідуць замежным арганізатарам азартных гульняў. А вось гэта ўжо прынцыповае пытанне». Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, як прапаноўваецца яго вырашыць.
«Трэба забараніць наогул для пачатку банкам ажыццяўляць такія пераводы за межы краіны, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Грошы, заробленыя тут, павінны інвесціравацца ў краіну. Гэта датычыцца ўсіх кірункаў работы».
Прэзідэнт папрасіў далажыць, як у падрыхтаваным праекце ўказа ўлічваюцца гэтыя адчувальныя пытанні.
Закранаючы тэму стварэння касмічнага агенцтва, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ ў савецкі час у нас склалася касмічная галіна са значным складнікам у сферах абароны, навукі, сувязі. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што за гады суверэннага развіцця Беларусь прыстойна рушыла наперад у гэтых кірунках. Асабліва цяпер, знаходзячыся пад санкцыямі.
«Вядзём работы па стварэнні расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі звышвысокага раздзялення, — канкрэтызаваў ён. — Практычна ўсе найбольш важныя кампаненты падобнага спадарожніка ствараюцца ў Беларусі і вывешваюцца на платформу расійскую. Пры гэтым большую частку мэтавай апаратуры вырабляе наш „Пеленг“. У распрацоўцы знаходзяцца тры касмічныя праграмы Саюзнай дзяржавы. Асноўныя функцыі па рэгуляванні касмічнай дзейнасці сёння выконвае Акадэмія навук. То-бок, сістэма ёсць».
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, чым дрэнная або недастаткова дзейная структура кіравання, ці здольная яна поўнасцю паўнавартасна ўлічваць і ўдзельнічаць у міжнародных праграмах. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што атрымаем ад стварэння «беларускага НАСА», ці будзе эфект супастаўны з выдаткамі на новую арганізацыю і яе ўтрыманне.
Таксама падчас нарады была ўзнята тэма кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Прэзідэнт папрасіў генеральнага пракурора далажыць, як дапрацаваны адпаведны праект указа. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць прынцыповыя аспекты, якія патрабуюць абмеркавання.
У завяршэнні кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытанні, якое, як ён падкрэсліў, разбурае жывёлагадоўчую галіну, — падзеж жывёлы. Звяртаючыся да статыстыкі, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што падзеж жывёлы ў сельгасарганізацыях дасягнуў гістарычнага максімуму. Віцэ-прэм’ер, які курыруе гэту галіну, і міністр сельскай гаспадаркі далажылі аб мерах, што прымаюцца па выпраўленні сітуацыі.
«Аляксандр Генрыхавіч, вы, учарашні губернатар, на шчасце, у адрозненне ад іншых членаў урада, вельмі дакладна разумееце, у чым сутнасць гэтага пытання, — звяртаючыся да Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, заўважыў Прэзідэнт. — Я вам прапаноўваў рэальны просты шлях вырашэння гэтай праблемы. У нас жа падзеж у асобных гаспадарках знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні, а то і ўвогуле адсутнічае. І гэтыя гаспадаркі займаюцца і адкормам, і ўзнаўленнем статка».
Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў: «Калі ў Віцебскай, Магілёўскай або іншых абласцях у нас прыстойны падзеж, мы дамаўляліся, што гэтых цялят, калі малодзівам іх адпаілі, першую вакцынацыю зрабілі, забіраем і пераводзім у нармальныя гаспадаркі для таго, каб ажыццявіць дарошчванне, адкорм, а цёлачак перадаць на ўзнаўленне. Але калі ты гробіш маладняк, яго трэба проста забраць і перавезці тым, дзе з ім добра абыходзяцца, утрыманне добрае, ветурачы працуюць. Не проста забраць, а заплаціць тым, хто перадае гэты маладняк узросту 21 дзень, добрыя грошы. Гэта ўсё роўна будзе плюс, інакш загіне жывёла».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, каб Прэм’ер-міністр, віцэ-прэм’ер і міністр, якія курыруюць гэту сферу, патлумачылі — ці так усюды. «А старшыня Камітэта дзяржкантролю і генеральны пракурор, што кантралююць дадзеныя пытанні, даложаць, колькі пасадзілі за гэта», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што ён як чалавек вясковы, які працаваў у сельскай гаспадарцы, увогуле не разумее, «як можна дапусціць гібель маленькіх гэтых дзетак, цялят». «Ну як гэта можна? — спытаў ён. — І самае галоўнае, што мяне да глыбіні душы абурае: аператыўна мы правялі кантроль па краіне. Асабліва па Віцебскай вобласці да нарады.
Што мы заўважылі? Раённыя ветурачы, замест таго, каб лячыць, прафілактаваць і іншае, абмяркоўваюць з урачамі ў гаспадарках, як схаваць гэты падзеж. Даходзіць да жаху! А тое, што прадставіў старшыня Камітэта дзяржкантролю, — гэта кашмар. Недапушчальна! За гэта трэба несці крымінальную адказнасць.
Але пра тое мы асобна пагаворым. Я не хачу, каб гэтае найважнейшае пытанне сельскай гаспадаркі было схавана за пералікам тых пытанняў, які мной абазначаны».
Замацаванне кадраў і развіццё рэгіёнаў
Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын праінфармаваў, што прапаноўваецца для прыняцця рашэння на ўзроўні Прэзідэнта па арэндным жыллі. «Як правільна адзначыў кіраўнік дзяржавы, арэнднае жыллё для нас — адзін з прыярытэтаў у наступнай пяцігодцы, — падкрэсліў ён. — Прапануецца пабудаваць каля 5 мільёнаў квадратных метраў арэнднага жылля. Галоўная мэта — замацаванне кадраў і развіццё нашых невялікіх рэгіёнаў. Інструментам для вырашэння гэтай задачы з’яўляецца развіццё фонду арэнднага жылля, у тым ліку штогадовага нарошчвання яго будаўніцтва для прадастаўлення мэтавым спосабам нашым грамадзянам».
Урадам падрыхтаваны два праекты нарматыўных прававых актаў кіраўніка дзяржавы. Падчас нарады прыйшлі да высновы, што з улікам заўвагі Прэзідэнта яны будуць аб’яднаны ў адзін нарматыўны дакумент.
Адно з фундаментальных пытанняў, як агучыў Аляксандр Турчын, — гэта перадача ва ўласнасць найбольш запатрабаваных спецыялістаў арэнднага жылля, якое яны займаюць, у населеных пунктах колькасцю да 20 тысяч чалавек. Выключэннем з’яўляецца Мінскі раён.
«Прапануецца даць такім спецыялістам права набываць арэнднае жыллё, якое яны займаюць, пры ўмове працы не менш як 10 гадоў у арганізацыі, якая прадаставіла арэнднае жыллё, і пражыванні ў ім не менш як 10 гадоў, — праінфармаваў аб умовах рэалізацыі ўказа кіраўнік урада.
— Акрамя таго, грамадзяне раней не павінны былі атрымліваць дзяржаўную падтрымку на будаўніцтва жылля і не павінны мець жылля ва ўласнасці. Арэнднае жыллё прапануецца перадаваць з разліку 20 квадратных метраў агульнай плошчы на таго, хто набывае жыллё, і на кожнага члена яго сям’і па льготным кошце».
Астатнюю плошчу, якая перавышае 20 квадратных метраў на чалавека, прапануецца выкупляць ужо па рыначным кошце. Аплату ўсяго разлічанага кошту прапануецца праводзіць у растэрміноўку на 15 гадоў штомесячна роўнымі далямі без індэксацыі плацяжоў пры ўмове ўнясення першапачатковага ўзносу не менш як 10 %. Прадугледжана, што скарыстацца магчымасцю выкупу арэнднага жылля грамадзяне змогуць толькі адзін раз. Пры гэтым пасля набыцця жылля грамадзяне і члены іх сем’яў будуць здымацца з уліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, незалежна ад плошчы жылля і колькасці пакояў. Паўторна стаць на такі ўлік можна будзе толькі праз пяць гадоў.
«Грашовыя сродкі ад продажу арэнднага жылля прапануецца залічваць на спецыяльныя рахункі аблвыканкамаў, іншых дзяржаўных органаў або ўпаўнаважаных імі арганізацый з далейшым выкарыстаннем тых сродкаў па мэтавым прызначэнні — на будаўніцтва і рамонт памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, — звярнуў увагу Прэм’ер-міністр. — Пры прыняцці гэтага нарматыўнага дакумента ў нас з’явіцца магчымасць замацавання кадраў у малых населеных пунктах, уключаючы невялікія раённыя цэнтры».
Акрамя таго, згодна з праектам указа, сельскім жыхарам плануюць дазволіць набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё, якое патрабуе капрамонту. Аляксандр Турчын нагадаў перадгісторыю гэтага пытання. Каля двух з паловай гадоў таму да яго (старшыні Мінскага аблвыканкама) падчас прыёму грамадзян звярнулася жанчына, якая пражывала ў арэндным доме. Кіраўнік урада заўважыў, што арэнднае жыллё — гэта не толькі добраўпарадкаваныя кватэры, але і шмат драўляных дамоў, тэрмін эксплуатацыі якіх вельмі працяглы. Грамадзянка звярталася з просьбай выкупіць гэта жыллё ва ўласнасць пры ўмове правядзення капітальнага рамонту і далейшага ў ім пражывання. Прэзідэнт тады падтрымаў тую прапанову і даў даручэнне выпрацаваць сістэмны дакумент па вырашэнні дадзенага пытання.
«Указам прапануецца дазволіць грамадзянам, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, набываць ва ўласнасць аднакватэрныя дамы або кватэры ў блакіраваных жылых дамах, што маюць патрэбу ў капітальным рамонце і эксплуатуюцца больш за 10 гадоў, — канкрэтызаваў Аляксандр Турчын. — У цэлым у нас сёння па краіне налічваецца каля 4 тысяч такіх заселеных дамоў. На іх аднаўленне, па нашых разліках, патрэбна каля 300 мільёнаў дзяржаўных сродкаў. Таму ў мэтах скарачэння названых расходаў прапануецца ўстанавіць магчымасць платнай перадачы ва ўласнасць грамадзян такіх жылых дамоў».
Прапануецца вызначыць, што можна будзе перадаваць ва ўласнасць толькі тыя дамы, якія патрабуюць капітальнага рамонту па стане на 1 ліпеня 2025 года. Аднак Прэзідэнт выказаў сумненне наконт мэтазгоднасці такой нормы, таму ва ўрадзе не выключаюць, што гэты момант будзе скарэкціраваны.
«Аплату кошту гэтых дамоў можна будзе праводзіць у растэрміноўку да трох гадоў роўнымі долямі без індэксацыі плацяжоў, — удакладніў Прэм’ер-міністр. — Пры гэтым жылыя дамы, якія выдзелены грамадзянам на перыяд працоўных адносін, прапануецца перадаваць ва ўласнасць пры наяўнасці бесперапыннага стажу працы не менш за пяць гадоў у арганізацыі, што прадаставіла такое жыллё. Рашэнне аб перадачы ва ўласнасць жылых дамоў, якія патрабуюць капітальнага рамонту, прапануецца прымаць рай-, гарвыканкамамі па ўзгадненні з аблвыканкамамі».
Як дадаў Аляксандр Турчын, істотнай умовай пры перадачы названых жылых дамоў ва ўласнасць будзе з’яўляцца абавязак грамадзян па іх рамонце, а таксама ўзвядзенні новага на ранейшым месцы, калі існуючы дом прызнаны трухлявым і падлягае зносу. Тэрміны правядзення такіх работ будуць прапісаны.
Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын: «Прадастаўленне арэнднага жылля з наступным правам набыцця яго ва ўласнасць дапаможа вырашыць пытанне замацавання кадраў у рэгіёнах».
Пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы Аляксандр Турчын растлумачыў, колькі плануецца пабудаваць квадратных метраў арэнднага жылля за пяцігодку, на якую суму і чаму так важна выдзяленне гэтага жылля менавіта ў сельскай мясцовасці.
— У кіраўніка дзяржавы былі абмеркаваны надзвычай важныя пытанні, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Адно з іх вельмі даўно чаканае ў грамадстве — тэма арэнднага жылля. Таму будаўніцтва арэнднага жылля — адзін з прыярытэтных кірункаў наступнай пяцігодкі. Як я ўжо дакладваў, парадку
5 мільёнаў (квадратных метраў. — Заўв. аўт.) арэнднага жылля мы збіраемся ўзвесці ў наступнай пяцігодцы. Што датычыцца тэмы выкупу арэнднага жылля ў сельскіх населеных пунктах, якая ўжо не адзін месяц у грамадстве абмяркоўваецца, Прэм’ер-міністр пракаментаваў яе так:
— Прэзідэнтам нашай краіны гэта пытанне было падтрымана. Я растлумачу, чаму для ўрада таксама яно прынцыповае. Таму што ў невялікіх населеных пунктах (гэта населеныя пункты колькасцю да 20 тысяч чалавек) пытанне жылля стаіць досыць востра. І для людзей
(важна. — Заўв. аўт.), асабліва для маладых сем’яў, атрымаць сёння арэнднае жыллё. Плюс упэўненасць у тым, што калі ты добрасумленна працуеш, пражываеш у дадзеным населеным пункце, праз 10 гадоў ты маеш права на дастаткова камфортных умовах выкупіць гэта жыллё.
Аляксандр Турчын падкрэсліў: жыллёвае пытанне заўсёды з’яўляецца адным з галоўных пытанняў жыцця любога чалавека.
— І рашэнне гэтай праблемы менавіта такім чынам — праз прадастаўленне арэнднага жылля з наступным правам яго набыцця ва ўласнасць — павінна даць пэўны штуршок замацаванню кадраў у сельскай мясцовасці, — акцэнтаваў увагу кіраўнік урада.
Паводле яго слоў, 13 млрд рублёў плануецца накіраваць на будаўніцтва арэнднага жылля ў наступнай пяцігодцы:
— Гэта немалыя сродкі, і мы спадзяёмся, што рэалізацыя нашых намераў прастымулюе і дапаможа людзям атрымаць сваё жыллё ў невялікіх населеных пунктах краіны.
У размове з журналістамі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ адзначыў, што захаванасць жывёлы — асноўны паказчык, які характарызуе эканоміку кожнага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Па яго словах, адной глабальнай прычыны падзяжу жывёлы няма. «Іх мноства, але, што важна, гэта пераважна суб’ектыўныя фактары, якія можна і трэба карэкціраваць», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Згодна з данымі Мінсельгасхарча, за 2024 год падзеж жывёлы склаў 147,9 тысячы галоў, што вышэй за ўзровень 2023-га. За чатыры месяцы сёлета падзеж — 52 тысячы галоў, што супастаўна з паказчыкамі за аналагічны леташні перыяд.
Юрый Горлаў звярнуў увагу на тое, што за апошнія гады была праведзена вялікая работа спецыялістамі Мінсельгасхарча, а таксама кантрольных, наглядных органаў. «Прывялі да прытомнасці, як кажуць, усіх тых кіраўнікоў і спецыялістаў, якія займаліся фальсіфікацыяй, скажэннем статыстычных даных, — канкрэтызаваў ён. — Але яшчэ давядзецца шмат зрабіць, бо да канца мы гэтыя пытанні не вырашылі. Ёсць факты, няхай і не такой значнай фальсіфікацыі, але яны ёсць. І, самае галоўнае, — адносіны кожнага чалавека да сваёй работы. Кожны — ад аператара машыннага даення, цялятніцы, простага работніка фермы да кіраўніка гаспадаркі, старшыні райвыканкама, губернатара і, вядома, міністра сельскай гаспадаркі — павінен дакладна ведаць свае абавязкі. Кожны павінен ставіцца да сваёй работы добрасумленна. Тады ўсе разам мы, вядома, навядзём парадак».
Пры гэтым, як удакладніў кіраўнік ведамства, для захавання пагалоўя не патрабуецца прымяненне пэўных высокіх тэхналогій. У аснове — добрасумленныя адносіны людзей да сваёй справы.
Мінсельгасхарч не стаіць на месцы, а прапануе ўсё новыя варыянты, удасканальвае падыходы да вырошчвання і захавання пагалоўя цялят. «Трэба ўзварухнуцца ўсім, — лічыць Юрый Горлаў. — І, як было сказана, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання павінна быць цэнтральным органам, які ў тым ліку вызначае палітыку па захаванасці маладняку буйной рагатай жывёлы».
Напрыклад, у сельгасарганізацыях укараняецца прапанаваная кіраўніком дзяржавы схема работы, калі цялят са слабых гаспадарак перадаюць на ўтрыманне ў больш эфектыўныя. «За чатыры месяцы гэтага года мы ўжо перамясцілі 8,8 тысячы галоў цялят, — сказаў міністр. — Пры перамяшчэнні пагалоўя кіраўнікі раёна кіруюцца тым, каб цяляты трапілі ў лепшыя гаспадаркі. У маі 2,5 тысячы бычкоў з Віцебскай вобласці будзе перамешчана ў Гродзенскую вобласць для далейшага вырошчвання».
Плануецца, што, пачынаючы з чэрвеня, штомесяц палова бычкоў з гаспадарак Віцебскай вобласці будзе перадавацца на Гродзеншчыну. Аналагічным чынам, па словах кіраўніка ведамства, адпрацуюць схемы абмену з іншымі абласцямі, у гаспадарках якіх створаны ўсе ўмовы для захаванасці і вырошчвання маладога пагалоўя.
Генеральны пракурор Андрэй ШВЕД праінфармаваў, што сітуацыя са злачынствамі, звязанымі з гадоўляй, утрыманнем, рэалізацыяй буйной рагатай жывёлы, у тым ліку з падзяжом маладняку, лепшай не становіцца.
«Генеральнай пракуратурай было даложана кіраўніку дзяржавы аб выніках работы, звязанай са сферай сельскай гаспадаркі і падзяжом жывёлы, аб недахопах, прынятых мерах пракурорамі (у прыватнасці, аб узбуджэнні крымінальных спраў), — адзначыў ён. — Прэзідэнтам прынята рашэнне, што па выніках паўгоддзя будзе вельмі жорсткая і прынцыповая размова па пытанні падзяжу жывёлы».
Генпракурор указаў на праблему фальсіфікацыі статыстычных даных у сельскай гаспадарцы. «Калі мы ў 2022 годзе, выконваючы даручэнне Прэзідэнта, завялі каля 400 крымінальных спраў, звязаных з фальсіфікацыяй, то ў мінулым і пазамінулым гадах гэтыя лічбы сталі меншыя ў некалькі разоў, — канкрэтызаваў Андрэй Швед. — Гэта сведчыць аб тым, што сталі значна менш фальсіфікаваць. Мы гэта канстатуем, таму і прыцягваем да адказнасці менш службовых асоб, работнікаў сельскай гаспадаркі».
Міністр па падатках і зборах Дзмітрый КІЙКО пракаментаваў сітуацыю ў сферы гульнявога бізнесу, якая ў Беларусі рэгулюецца з 2010 года. Ён падкрэсліў, што створаная ў краіне сістэма дазваляе своечасова і эфектыўна рэагаваць на новыя выклікі ў гэтай сферы.
«З улікам практыкі прымянення, кантрольных мерапрыемстваў не магу сказаць, што ўносяцца зусім новыя патрабаванні, — удакладніў міністр, кажучы аб новаўвядзеннях. — Мы, хутчэй, больш прапісваем рэгламент і звяртаем увагу на абмежаванні, якія дзейнічаюць. Адзін блок прапаноў звязаны з рэгламентаваннем абмежавальных мер, што ў нас у многім ужо былі. Другі блок пытанняў у большай ступені датычыцца віртуальных казіно, асабліва тых, якія вядуць дзейнасць з-за мяжы. Прымаюцца меры па блакіроўцы адпаведных сайтаў і спасылак. Навацыя ў прапанаваным праекце ўказа ў тым, каб на ўзроўні банкаўскіх, фінансавых устаноў была рэалізавана забарона на вывад грашовых сродкаў на рахункі замежных арганізацый, якія звязаны з азартным бізнесам».
Трэці блок пытанняў, рэалізаваны ў праекце ўказа, па словах Дзмітрыя Кійко, накіраваны на далейшае цывілізаванае развіццё сферы гульнявога бізнесу. «Гэта абсалютна новая сфера рэгулявання, — канстатаваў ён. — Дазваляецца выкарыстоўваць крыптавалюту ўдзельнікам азартных гульняў, але цывілізавана — праз рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій».
Міністр звярнуў увагу на павелічэнне долі віртуальных гульнявых устаноў. «Сёння на іх прыпадае каля 70 % усяго абароту, — канкрэтызаваў ён. — Таксама расце колькасць замежных грамадзян, якія прыходзяць у беларускія гульнявыя ўстановы. З 2018 да 2024 года фіксуецца пяціразовы рост. Паводле апошніх звестак, іх каля 16 % ад усіх гульцоў. Гэта звязана з тым, што з 2019 года на нашай тэрыторыі пачалі развівацца віртуальныя гульнявыя ўстановы. Усё сыходзіць у анлайн, таму адпаведныя меры ў нас прадугледжаны».
Што датычыцца ўвядзення мараторыя на гульню ў доўг, у праекце ўказа прапісана норма, у адпаведнасці з якой гульнявым установам забаронена выдзяляць грашовыя сродкі гульцам. Прадугледжана строгая верыфікацыя гульцоў.
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір КАРАНІК расказаў пра беларускую праграму вывучэння космасу — выключна міралюбівую, навукова-даследчую. Падчас нарады прыйшлі да высновы, што курыраваць гэты кірунак працягне Нацыянальная акадэмія навук. Пры гэтым ніякіх дадатковых структур створана не будзе.
«Калі наша групоўка спадарожнікаў дасягне ўжо сямі-васьмі адзінак і ў нас будзе камерцыйны прадукт у выглядзе здымкаў, іншых даных аб Зямлі, якія цікава выкарыстоўваць у рэальным сектары эканомікі іншых краін, і гэтай групоўкай трэба будзе больш эфектыўна кіраваць, тады можна будзе вярнуцца да пытання стварэння асобнай структуры „беларускага НАСА“, — звярнуў увагу Уладзімір Каранік. — Пакуль каардынаваць работу па даследаванні космасу працягне Нацыянальная акадэмія навук».
Пры гэтым ён дадаў, што наша Акадэмія навук у рамках даследчых праектаў працуе з многімі замежнымі партнёрамі. «Стварэнне агенцтва патрэбна для камерцыялізацыі касмічных праектаў і больш эфектыўнага кіравання вялікай спадарожнікавай групоўкай, — растлумачыў старшыня Прэзідыума НАН. — Пакуль патрэбы ў гэтым няма. Прэзідэнт пагадзіўся з такімі падыходамі».
Кіраўнік Акадэміі навук адзначыў, што ў Беларусі 12 арганізацый працуюць у рамках касмічных даследаванняў на пастаяннай аснове, у тым ліку па такіх кірунках, як распрацоўка і вытворчасць электронікі, розных матэрыялаў, лінз.
«Дасягненні сапраўды ёсць: распрацоўкі НАН у найбліжэйшы час дасягнуць Меркурыя», — канкрэтызаваў старшыня Прэзідыума НАН. Маецца на ўвазе сумесная аўтаматычная касмічная місія Еўрапейскага касмічнага агенцтва (EKA) і Японскага агенцтва аэракасмічных даследаванняў (JAXA) па даследаванні Меркурыя BepіColombo.
Як расказаў Уладзімір Каранік, пры рэалізацыі праекта выкарыстоўвалася распрацоўка НАН Беларусі. «Гэта шматслойнае ахоўнае пакрыццё, якое абараняе электроніку зонда ад касмічнага выпраменьвання і іншых неспрыяльных фактараў космасу, — удакладніў ён. — Мяркуючы па тым, што зонд працуе з 2018 года, абараняе ён даволі нядрэнна».
Сярод поспехаў айчыннай касмічнай галіны Уладзімір Каранік таксама вызначыў супрацоўніцтва з Расіяй у галіне стварэння спадарожнікаў для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.