Галоўнай спецыялізаванай базай сталіцы застаецца 24-я гарадская паліклініка спецмедаглядаў на вуліцы Філімонава, 53. Менавіта сюды часцей за ўсё накіроўваюць вадзіцеляў, але гэта не адзіны варыянт. Медкамісію таксама праводзяць у 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклініцы Кастрычніцкага раёна (вул. Варанянскага, 13/2), 5-й гарадской клінічнай паліклініцы (вул. Ясеніна, 21), 11-й гарадской паліклініцы (вул. Велікаморская, 36), 30-й гарадской клінічнай паліклініцы (вул. Кальцова, 53/2), 40-й гарадской клінічнай паліклініцы (вул. Люцынская, 3) і ў кансультатыўнай паліклініцы 2-й гарадской клінічнай бальніцы (вул. Энгельса, 25).
Акрамя таго, атрымаць даведку можна ў іншых арганізацыях, уключаючы ведамасныя і профільныя медыцынскія цэнтры. Сярод іх — медыцынскі цэнтр «Гарызонт» (вул. Кісялёва, 12), медцэнтр ААТ «МТЗ» (вул. Стаханаўская, 10А), цэнтральная паліклініка Дэпартамента фінансаў і тылу МУС (вул. Мяснікова, 25А), медыка-санітарная часць ААТ «МАЗ» (вул. Сацыялістычная, 10), медыка-санітарная часць ААТ «ММЗ імя С. І. Вавілава — УКГ «БелАМА» (вул. Філімонава, 53) і медыцынская служба грамадзянскай авіяцыі (вул. Караткевіча, 7А).
- Каб не марнаваць час, перад візітам варта падрыхтаваць неабходныя дакументы. У першую чаргу гэта пашпарт або від на жыхарства. Калі ў вас ID-карта, не забудзьцеся PIN-коды для счытвання даных. Ваеннаабавязаным спатрэбіцца ваенны білет або прыпісное пасведчанне. Таксама вазьміце дзве фатаграфіі памерам 3×4 см. Яшчэ адзін абавязковы дакумент — выпіска з амбулаторнай карты за апошнія пяць гадоў. Яе можна атрымаць у паліклініцы па месцы абслугоўвання, і яна дзейнічае на працягу трох месяцаў. Важна праверыць, каб у ёй былі актуальныя аналізы крыві, мачы, глюкозы, ЭКГ і дзейная флюараграфія. Калі вы кіруеце ў акулярах або лінзах, вазьміце іх з сабой разам з рэцэптам.
Практыка паказвае, што праходзіць медкамісію зручней за ўсё па месцы рэгістрацыі. У гэтым выпадку ва ўрачоў-спецыялістаў будзе прамы доступ да вашай электроннай медыцынскай карты, што паскорыць працэс. Калі ж вы плануеце звярнуцца ў паліклініку іншага рэгіёна, загадзя вазьміце па месцы прапіскі даведкі аб адсутнасці псіхіятрычнага і наркалагічнага ўліку. Без іх камісію не прайсці.
Таксама рэкамендуецца запісвацца на медкамісію папярэдне. Зрабіць гэта можна анлайн на афіцыйных сайтах медустаноў або па даведачных тэлефонах рэгістратур. Гэта дапаможа пазбегнуць чэргаў і зэканоміць час.
Такім чынам, прайсці вадзіцельскую медкамісію ў Мінску можна без асаблівых складанасцяў, калі загадзя падрыхтаваць дакументы і выбраць зручную ўстанову. Галоўнае — уважліва аднесціся да спісу неабходных папер і не забыць пра папярэдні запіс.
Ягор ЧУРЫК