«Нягледзячы на зніжэнне колькасці здзелак, цэны працягваюць упэўнена расці — усё з-за вострага дэфіцыту прапановы. Попыт ёсць, а выбраць усё больш складана. Колькасць здзелак скарацілася на 17% — прыкладна на 1200 менш, чым год таму. У чэрвені заключана 1083 здзелкі, што блізка да паказчыкаў красавіка — мая (у сярэднім 1115). Агульная сума пакупак склала $689,8 млн — на 5% больш, чым годам раней, хоць агульная плошча набытага жылля паменшылася на 17%», — расказалі ў камітэце.
Сярэдняя цана «квадрата» на другасным рынку вырасла на 27%: у 1-пакаёвых — $2370 за кв. м, у 2-пакаёвых — $2120 за кв. м, у 3-пакаёвых — $1970 за кв. м.
Самы актыўны раён — Кастрычніцкі (621 здзелка), самы дарагі — Цэнтральны ($2600 за кв. м).
У камітэце адзначылі, што высокія цэны падтрымлівае рост даходаў насельніцтва (плюс 7,9%), даступныя крэдыты пасля зніжэння стаўкі рэфінансавання, стабільны курс беларускага рубля і рэзкае скарачэнне прапановы — за год колькасць кватэр у продажы ўпала з 6,8 тыс. да 4,5 тыс.
Пры гэтым цікавасць да сучасных новабудоўляў (пасля 2020 года) знізілася: іх доля ў здзелках упала з 30% да 25%, а першасны рынак вярнуўся да звыклых 9-12%.
«Рынак перайшоў у фазу, дзе дынаміка цэн вызначаецца не толькі попытам, але і жорсткім дэфіцытам выбару. Пакуль даходы растуць, крэдыты даступныя, а кватэр на продаж становіцца менш — перадумоў для зніжэння цэн у Мінску не назіраецца», — заключылі ў камітэце.