З 19 па 24 лістапада ў Бабруйску пройдзе Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча. Раз у два гады гэты форум, арганізатарамі якога з'яўляюцца Міністэрства культуры і Магілёўскі аблвыканкам, збірае як майстроў тэатральнага мастацтва, драматургаў, так і шматлікіх аматараў выніку іх сумеснай работы, каб зноў глядзець, абмяркоўваць, а таксама рабіць заметкі і натхняцца на далейшую творчасць. Сёлета гледачам адабралі конкурсную праграму з дзесяці пастановак, якія пакажуць тэатральныя калектывы з Брэста, Гродна, Мінска, Віцебска, Гомеля, Бабруйска і Мазыра. Адкрыецца фестываль паказам спектакля «Брама неўміручасці» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы паводле трагікамедыі Кандрата Крапівы.
— Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча — адзіны форум такога ўзроўню для прафесійных тэатраў. Сёлета ён пройдзе ўжо ў дзесяты раз, — адзначыла кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэртсва культуры Яўгенія БАГДАНОВІЧ. — Традыцыйна праграма фестывалю будуецца вакол твораў беларускіх аўтараў, як нацыянальнай класікі, так і сучасных беларускіх драматургаў. Асаблівасцю фестывалю з’яўляецца і наяўнасць у ім творчых лабараторый.
Калі раней праводзілася лабараторыя для маладых рэжысёраў (часцей за ўсё з ліку студэнтаў БДАМ ці БДУКМ), то на юбілейным фестывалі гэты фармат крыху змяніўся. Лабараторый будзе дзве: для маладых беларускіх драматургаў «Хто смяецца», у рамках яе створаць эскізы п’ес (камедый і трагедый) працягваючы драматургічныя традыцыі Кандрата Крапівы; другая — рэжысёрская «Кропкі часу» (запрапануе аўтарам папрацаваць над стварэннем камедыйных п’ес). А для гледачоў і ўдзельнікаў традыцыйна запланаваны і адукацыйныя мерапрыемствы: публічныя лекцыі, прысвечаныя не толькі беларускай драматургіі, а і персоне Кандрата Крапівы.
— Юбілейны фестываль адметны менавіта правядзеннем творчай лабараторыі, — падкрэслівае і дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча Аксана САТТАРАВА. — Дзе, мы спадзяёмся, і тыя, хто будзе працаваць з класікай, і тыя, хто аддае перавагу сучаснай драматургіі, прадэманструюць свае найярчэйшыя грані.
У афішы сёлетняга форуму значацца пастаноўкі па творах Аляксея Дударава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Улады Альхоўскай і іншых. Кожны спектакль прадэманструе майстэрства прафесійных тэатральных калектываў. У фінале вызначаць пераможцаў у намінацыях «Лепшы спектакль», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшая мужчынская роля другога плану», «Лепшая жаночая роля другога плана», «Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара», «Лепшая рэжысура» і «Лепшая сцэнаграфія».
— Фестывалем нацыянальнай драматургіі, у аснове якога ляжыць наша беларускае слова, мы павінны даражыць, — лічыць дацэнт кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віталь КАТЛАВІЦКІ. — У эпоху, калі многія віды дзейнасці пачынае падмяняць штучны інтэлект, тэатр усё ж застанецца, бо гэта непасрэднае ўзаемадзеянне чалавека з чалавекам.
Спрацоўвае яно ў тым ліку і для наладжвання прафесійных, творчых кантактаў. Калі пастаноўка класічнага твора — беспамылковае траплянне ў цэль, то п’есы маладых драматургаў часам у рэжысёраў выклікаюць сумненні і ваганні. І вопыт з творчымі лабараторыямі ў рамках гэтага фестывалю якраз дазваляе зразумець абодвум бакам, як выбудаваць ім камфортнае ўзаемадзеянне і пераконвае, чаму варта рызыкнуць і даць шанс маладому таленту. Так, на мінулым фестывалі рэжысёр Ганна Мацюшкова зрабіла заяўку на ўдзел, узяўшы п’есу «Ядвіга» Аляксея Дударава. У тэатры Дуніна-Марцінкевіча паглядзелі яе і прапанавалі дзяўчыне паставіць спектакль. І сёння ён — у афішы фестывалю.
Алена ДРАПКО