Доўгія канікулы скончыліся, і студэнты працягнулі «грызці граніт навукі». Як заведзена, нехта прысвяціў лета адпачынку, нехта правёў яго ў фармаце працоўнай занятасці. Але многія не супраць мець падпрацоўку і падчас вучобы, каб фінансава падсілкавацца, ды і практычныя навыкі атрымаць. З парога новага навучальнага года ў студэнтаў старэйшых курсаў нашых ВНУ з’явілася магчымасць знайсці працу па спецыяльнасці і атрымаць першы прафесійны досвед яшчэ падчас вучобы.
Нагадаем, у краіне з 1 па 18 верасня праходзіць акцыя «Марафон працаўладкавання студэнцкай моладзі» ў рамках дзяржаўнай ініцыятывы «Вучыся і працуй», якую сумесна рэалізуюць Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Кірмашы вакансій праходзяць на базе вышэйшых навучальных устаноў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пабывалі на некаторых з іх і нашы карэспандэнты.
Пазасезонная занятасць
У чацвер шукалі працу, як гаворыцца, не сыходзячы з месца, старшакурснікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Тут падобны марафон праходзіў упершыню.
Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама Ларысы ЧЭКЕЛЬ, гэта акцыя не мае дачынення да дзейнасці студэнцкіх атрадаў і накіравана на пастаяннае, а не сезоннае працаўладкаванне моладзі:
— Для ўдзелу ў акцыі былі запрошаны ўстановы аховы здароўя, якія прапанавалі студэнтам-медыкам канкрэтныя вакансіі, — расказвае Ларыса Чэкель. — Магчымасць працаўладкавання з’явілася пасля змены заканадаўства. Раней па многіх спецыяльнасцях студэнты не маглі быць прынятыя на працу без дыплома аб заканчэнні ВНУ. Акрамя таго, нарматыўна замацавалі і спрасцілі алгарытмы прыёму студэнтаў на ўмовах няпоўнага працоўнага часу — на 0,25, 0,5 або 0,75 стаўкі. Для ВНУ і наймальнікаў распрацаваны дакладны пакрокавы рэгламент і пакет дакументаў, які абараняе правы студэнта. Калі казаць канкрэтна аб студэнтах-медыках, то пасля трэцяга курса яны могуць уладкоўвацца на пасады сярэдняга медыцынскага персаналу.
І грошы, і досвед
Такое садзейнічанне працоўнай занятасці моладзі як мага лепш упісваецца ў канцэпцыю практыка-арыентаванага навучання. Вядома, у рамках адукацыйнага працэсу прадугледжана практыка, але ўсё ж паўнавартасная праца дае больш досведу, а таксама дазваляе моладзі зарабляць уласныя грошы. Студэнтка чацвёртага курса лячэбнага факультэта Паліна СЫЦІК з вялікай цікавасцю далучылася да акцыі:
— Такія мерапрыемствы значна палягчаюць працэс працаўладкавання. І хоць вольнага часу ў мяне не так шмат, але ўсё ж хочацца атрымліваць рэальны вопыт і крыху падзарабіць. Мне прапанавалі працу памочнікам урача ў стаматалогіі. Лічу, што гэта цудоўны варыянт. Хочацца хутчэй прыступіць і пагрузіцца ў працоўныя будні, бо для будучага дыпламаванага медыка практыка адыгрывае ключавую ролю.

Дэкан лячэбнага факультэта Віктар КУДЛО адзначае, што ў сучасным свеце без практычнага досведу і рэальнай працы атрыманыя веды могуць аказацца недастаткова эфектыўнымі. Праца дазваляе студэнтам-медыкам праверыць свае веды і навыкі ў рэальных умовах. Гэта дапамагае ім лепш зразумець прафесію і вызначыцца з выбарам спецыялізацыі. Акрамя таго, праца падчас навучання дазваляе студэнтам зарабляць уласныя грошы, што змяншае фінансавую нагрузку на сям’ю і дапамагае ім стаць больш самастойнымі.
— Практыка ў арганізацыях аховы здароўя, такіх як паліклінікі, бальніцы і станцыі хуткай дапамогі, дапамагае прафесійнай арыентацыі студэнтаў, — упэўнены дэкан. — Многія з іх разумеюць, які кірунак для іх цікавейшы, і ўжо на старэйшых курсах выбіраюць спецыялізацыю. Акрамя таго, студэнтам налічваюцца бонусныя балы за працу ў арганізацыях аховы здароўя. Гэта дазваляе ім працягнуць навучанне ў цікавым для іх кірунку і атрымаць дадатковыя перавагі пры паступленні ў ардынатуру або аспірантуру.
Аб карыснасці гэтай акцыі гавораць і ва ўстановах аховы здароўя.
— Для нас гэта акцыя асабліва актуальная, бо бальніца адкрылася зусім нядаўна і нам патрэбны кадры, — сведчыць спецыяліст па кадрах Гродзенскай абласной бальніцы Кацярына МАКСІМАВА. — І ўжо зараз вельмі шмат студэнтаў працуюць санітаркамі, медыцынскімі сёстрамі і братамі. Моладзь вельмі адказная, за ўсё перажывае. У нас нават працуюць 28 студэнтаў з Туркменістана, якія паспяхова здалі іспыт па рускай мове, так што ніякага моўнага бар’ера ў іх няма.
Алгарытм дзеяння
У Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій, які знаходзіцца ў Магілёве і з’яўляецца адзінай у краіне ВНУ харчовага профілю, марафон прыцягнуў увагу больш за
00 студэнтаў 3-га і 4-га курсаў. На сустрэчу з моладдзю прыйшлі прадстаўнікі службы занятасці, кадравікі вядучых магілёўскіх прадпрыемстваў. Але спачатку быў падрабязны «інструктаж». У актавай зале спікеры змястоўна праінфармавалі хлопцаў і дзяўчат, як трэба наогул шукаць працу, паводзіць сябе пры размове з працадаўцамі, складаць рэзюмэ. Кожны з прысутных атрымаў магчымасць запоўніць анкету і там жа пакінуць свае пажаданні.
Перад аднагодкамі выступілі і ўжо вопытныя ў гэтым сэнсе студэнты, якія знайшлі работу і зразумелі перавагі такога падыходу. Напрыклад, студэнт трэцяга курса хіміка-тэхналагічнага факультэта, будучы інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання Арсеній КАЗАЧЭНКА працуе ў рэстаране гасцініцы «Атрыум» сушэфам. Кажа, што вучобу і работу сумяшчаць не заўсёды лёгка, але прывыкаеш і ўцягваешся. Тым больш што ўніверсітэт ідзе насустрач, дазваляе такім студэнтам наведваць заняткі па свабодным графіку навучання.
Па словах юнака, ВНУ ўсяляк аказвае дапамогу з працаўладкаваннем, нават размяшчае ва ўніверсітэцкіх чатах разнастайныя вакансіі. А ініцыятыва «Вучыся і працуй» дае больш магчымасцяў атрымаць працоўную кніжку раней, чым дыплом.
— Калі я шукаў сабе падпрацоўку, такіх прапаноў не было, — гаворыць Арсеній. — Было толькі вялікае жаданне, якое рухала мяне наперад. Я працую, лічы, з 9-га класа. Набіраўся вопыту, пазнаёміўся з рознымі людзьмі, якія і дапамаглі мне знайсці цяперашняе месца работы.
Вакансіі на любы густ
У рамках акцыі па працаўладкаванні, якая на гэтым тыдні праходзіць у магілёўскіх ВНУ, у цэлым задзейнічана больш за 30 арганізацый-наймальнікаў. Сярод іх такія буйныя, як «Бабушкіна крынка», «Магілёўліфтмаш», філіялы прадпрыемства «БелАЗ» і завода імя С.М. Кірава, «Строммашына», Беларуская чыгунка, гандлёвая сетка «Рольф Трэйд» — даволі разнастайныя профіль і віды дзейнасці. Напрыклад, «Бабушкінай крынцы» патрабуюцца камерцыйны агент, інжынер-электронік, тэхнік-электронік. На «БелАЗе» ёсць вакансія спецыяліста па кадрах, «Магілёўская фабрыка марожанага» шукае эканаміста і камерцыйнага агента, «МогНат» — мерчандайзера.
— Апроч усяго, нашы дэканаты працуюць над тым, каб прапанаваць студэнтам і іншыя месцы працаўладкавання, — удакладняе прарэктар універсітэта па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Вольга МАЦЫКАВА. — У нас дастаткова партнёраў. Зразумела, што многія маладыя людзі працуюць на рабочых пасадах, але трэба быць смялей, рабіць першы крок. І хай гэты крок, магчыма, не будзе такім дзейсным, як хацелася б, але наступны абавязкова прынясе чаканны вынік.

Якія перавагі дае ініцыятыва «Вучыся і працуй»? Пацікавілася аб гэтым у начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра БУШЛЯКОВА.
— У першую чаргу гэта тое, што вопытны спецыяліст дапаможа маладому чалавеку асвоіцца на новым працоўным месцы, падзеліцца сваімі навыкамі, ведамі і дапаможа прымяніць іх на практыцы, — аргументуе ён. — Працаўладкаванне прадугледжваецца на няпоўны працоўны дзень. А значыць, малады чалавек зможа і вучыцца, і працаваць. Гэта дапаможа яму спалучыць тэарэтычныя веды з практыкай. У выніку вопыт прафесійнай дзейнасці ў яго будзе назапашаны яшчэ да атрымання дыплома, і ў далейшым гэта дасць яму перавагу пры размеркаванні. Наймальніку больш прывабна браць таго, у каго ёсць досвед нейкай практычнай працы і, адпаведна, прафесійны стаж. Гэта дазволіць маладому спецыялісту прэтэндаваць на больш высокую заработную плату.
У рэжыме няпоўнай занятасці
Каля столікаў некаторых працадаўцаў нават назіраліся чэргі. Моладзь актыўна цікавілася рэжымам работы, на якіх умовах давядзецца працаваць і колькі гадзін. Напрыклад, 0,25 стаўкі — гэта 2 гадзіны працы ў дзень, 0,75 — 6 гадзін. Большасць усё ж цікавіла 0,5 стаўкі — 4 гадзіны.
Магілёўскі абласны драмтэатр прапаноўваў вакансію вядучага эканаміста. Вельмі адказная пасада.
— Вас не палохае, што тут нявопытныя студэнты? — цікаўлюся ў інспектара па кадрах аблдрамтэатра Алены БУРАКОВАЙ.
— Не, не палохае, — усміхаецца яна. — Заканадаўствам узаконена прымаць на працу студэнтаў. А гэта пасада знаходзіцца ў спісе служачых, дзе працаўладкаванне студэнтаў магчыма. Мы нават гатовы прапанаваць студэнтам частковую занятасць, таму што рэальна разумеем, што на стаўку яны працаваць не змогуць. Ім патрэбны час на вучобу.
Вядучы спецыяліст па кадрах дарожна-маставога прадпрыемства Наталля ГАНЧАРОВА паведаміла, што ім таксама патрэбны эканаміст:
— Для моладзі на нашым прадпрыемстве створаны добрыя ўмовы. Сёлета да нас прыйшла працаваць дзяўчына, якая праходзіла практыку. Ёй усё спадабалася, і яна мэтанакіравана размеркавалася да нас.
Студэнткі трэцяга курса Ангеліна і Валерыя якраз будучыя эканамісты. Прызналіся, што работу сабе шукаюць упершыню:
— Нам цікава. Запісаліся на сумоўе на МАЗ і ДМП. Мы даволі працаздольныя і стрэсаўстойлівыя. Хутка заканчваем вучобу і ўступаем у дарослае жыццё. Хочацца падзарабіць грошай і стаць больш самастойнымі.
Начальнік аддзела садзейнічання ў працаўладкаванні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама Вольга КРУГЛІКАВА лічыць, што карысць ад ініцыятывы «Вучыся і працуй» каласальная:
— Гэта дапамагае захаваць кадравы патэнцыял галін і прадпрыемстваў, дае ім магчымасць сфарміраваць яго на пачатковых стадыях, калі маладыя спецыялісты знаходзяцца яшчэ ў стадыі падрыхтоўкі. Да таго ж, упэўнена, кожнаму студэнту хочацца прымяніць на практыцы свае веды. Калі ў іх з’явіцца магчымасць пазнаваць сваю будучую прафесію не толькі ў тэорыі, яны будуць больш творча ставіцца да яе.
Ёсць кантакт!
На кірмашы вакансій, які прайшоў на гэтым тыдні ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, студэнтам прапанавалі каля 200 вакансій ад упраўленняў адукацыі Ленінскага і Маскоўскага раёнаў абласнога цэнтра. Гэта педагагічныя спецыяльнасці: дзіцячыя сады, установы агульнай і сярэдняй адукацыі. Кірмаш наведалі больш за 400 чалавек.
— Мы ўключыліся ў гэты праект з вялікім задавальненнем, — падкрэслівае прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце БрДУ імя А.С. Пушкіна Алена БУРЫК. — Ён дазваляе маладым людзям сумяшчаць вучобу з працай і прымяняць тэорыю на практыцы. Універсітэт ужо заключыў доўгатэрміновыя дамовы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, з якімі мы ўзаемадзейнічаем, таму заяўкі на працаўладкаванне нам прыходзяць на працягу ўсяго года. Па выніках мінулага навучальнага года працаўладкавана больш за 1,5 тысячы студэнтаў — гэта каля 60 %. Такі малады спецыяліст прыходзіць на працоўнае месца падрыхтаваным, ведае калектыў і спецыфіку працы. Гэта аблягчае адаптацыю і робіць уваход у прафесію больш плаўным.

Студэнты актыўна цікавіліся на кірмашы магчымасцю сумяшчаць вучобу і працу.
— Пакуль прыйшла проста паглядзець вакансіі, — прызнаецца студэнтка трэцяга курса Мілана АНІШЧУК. — Хочацца знайсці працу па гістарычным профілі, напрыклад, у музеі ці экскурсаводам. Сумяшчаць вучобу і працу будзе складана. І тое, і тое патрабуе шмат часу і сіл. Але я ўжо вызначылася з прыярытэтамі і хачу атрымаць досвед, зарабіць і напрацаваць стаж.
Больш за ўсіх прадстаўленыя вакансіі зацікавілі будучых сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў.
— Летам перад трэцім курсам я вырашыла, што гатова сумяшчаць вучобу і работу. Хочацца ўбачыць сваю прафесію ў справе і паспрабаваць працаваць з дзецьмі. Гэта дапаможа зразумець спецыфіку і выбраць кірунак, у якім развівацца далей, — упэўнена студэнтка трэцяга курса Ганна КАЛУПАНОВІЧ.
Многія студэнты лічаць падпрацоўку падчас навучання цікавым вопытам.
— Мы вывучаем методыку выкладання, і работа з дзецьмі дапаможа зразумець, як гэта — быць педагогам. Так, цяпер курсавыя, наперадзе дыпломы, але сумяшчаць вучобу і работу магчыма, — сцвярджае студэнтка трэцяга курса Ангеліна СУШКО.
Пасля агульнай прэзентацыі маладыя людзі падыходзілі да стэндаў арганізацый, задавалі пытанні, знаёміліся з умовамі і бралі кантакты для далейшага працаўладкавання.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Віктар ЛЮБІМАЎ