Top.Mail.Ru

Дзе можна ламаць квітнеючыя кусты і ці трэба гэта рабіць увогуле?

Ламаць бэз, як і любыя іншыя віды кустоў ці дрэў, якія ўпрыгожваюць гарадскія вуліцы, растуць у парках ці ў дварах, забаронена, падкрэслілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэта рэгулюецца Законам «Аб раслінным свеце».


У адпаведнасці з ч. 3 арт. 16.17 КаАП Беларусі за незаконнае пашкоджанне драўняна-хмызняковай расліннасці прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, для індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 200 базавых велічынь, а для юрыдычнай асобы — ад 20 да 300 базавых велічынь. Акрамя адміністрацыйнай адказнасці, вінаватай асобе неабходна будзе кампенсаваць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, што таксама каштуе немалых грошай.

Калі кусты ці дрэвы знаходзіцца на прысядзібным участку ці тэрыторыі прыватнага дома, гаспадары маюць права самі распараджацца імі па сваім меркаванні, нават выдаляць іх. А вось калі дрэвы і кусты растуць за межамі прыватных падворкаў або аб’ектаў, якія належаць прадпрыемствам і арганізацыям, іх высечка без праваўстанаўліваючых дакументаў забаронена. Рашэнне аб магчымым выдаленні прымае мясцовы выканаўчы распарадчы орган або арганізацыя, на балансе якой знаходзіцца гэта тэрыторыя.

Дарэчы ў народзе распаўсюджана меркаванне, што чым больш абломваць бэз, тым лепш ён будзе квітнець у наступным годзе. Насамрэч рабіць гэтага катэгарычна нельга, сцвярджаюць спецыялісты. Пры абрыве бутона ў галінку можа патрапіць інфекцыя — грыбковая ці вірусная — і расліна захварэе. Абразаць жа бэз можна і трэба, але толькі тады, калі ён адцвіў. Тады суквецці не выкінуць насенне, і ў расліны будзе больш сіл для развіцця, у тым ліку і для цвіцення на будучы год. Важна: трэба карыстацца толькі вострым і чыстым секатарам, які не нанясе бэзу ірваных ран. Абразаць варта ў тым месцы, дзе бутон мацуецца да галінкі, але пры гэтым не закранаючы і не траўміруючы саму галіну.

Найбольш аптымальны перыяд для абразання бэзу — восень. Варта дачакацца ападання большай колькасці ліставых пласцінак і пасля гэтага можна прыступаць да абразання. Пры восеньскім абразанні не трэба выдаляць моцныя маладыя парасткі — на іх ужо сфарміраваны пупышкі, і ўвесну на іх будуць кветкі.

Віктар КУКЛОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю