Захаваць і папулярызаваць беларускую літаратуру ў наш час можна рознымі спосабамі. У прыватнасці, спрыяе гэтаму і мабільны дадатак «Чытанка», які быў створаны і рэалізоўваецца па ініцыятыве і пад эгідай Міністэрства інфармацыі ў супрацоўніцтве з Белтэлерадыёкампаніяй і Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.
— Дадатак разлічаны на шырокую аўдыторыю, бо там ёсць і дзіцячыя творы, і літаратура для моладзі і дарослых чытачоў. Увогуле, «Чытанка» — прастора для тых, хто любіць і цэніць беларускую літаратуру як якасную літаратуру. Гэты дадатак, калі ён толькі задумваўся і засноўваўся пад эгідай Міністэрства інфармацыі, у цесным узаемадзеянні з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, меў галоўную мэту — прасоўвання беларускай літаратуры розных жанраў, тэматыкі, — дзеліцца генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір МАТУСЕВІЧ. — І мы актыўна працуем з Беларускім радыё над напаўненнем дадатку на працягу ўсяго часу яго існавання. Далучылі да супольнай работы і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Яны прадаставілі нам матэрыялы, якія мы ўключылі ў раздзел «Свае творы чытаюць аўтары», што дае слухачам унікальную магчымасць пачуць творы нашых класікаў непасрэдна ў іх жывым прачытанні. Калі мы ўдасканальвалі функцыянал дадатку, то зрабілі новыя раздзелы, пашырылі магчымасці карыстальнікаў, каб любімыя творы можна было захоўваць і мець да іх хуткі доступ і дзяліцца імі ў сацыяльных сетках.
Праект дазваляе слухаць любімыя творы беларускай літаратуры ў зручным для вас месцы і часе. У дадатку для аматараў кніг даступна больш за 250 аўдыятвораў беларускіх класікаў і сучасных аўтараў. «Чытанка» прапануе карыстальнікам кнігі на беларускай і рускай мовах, вершы, паэмы, апавяданні і серыю літаратурных сустрэч. У сакавіку бягучага года «Чытанка» папоўнілася раздзелам «Свае творы чытаюць аўтары», у якім можна знайсці творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Ніны Мацяш, Пімена Панчанкі. Акрамя гэтага, сумесна з Беларускім радыё распачата рэалізацыя праекта па чытанні твораў сучасных беларускіх аўтараў.
— Тое, што ёсць цяпер у «Чытанцы», узята з фондаў Беларускага радыё, — гэта чыталі яшчэ ў 50–60-я гады мінулага стагоддзя нашы вядучыя і тэатральныя дзеячы, — расказала дырэктар радыё «Культура» Святлана Колмак. — А з мая бягучага года будзем агучваць творы сучасных беларускіх пісьменнікаў менавіта для «Чытанкі».
Цяпер ідзе запіс такіх твораў, як «Незвычайныя прыгоды Гавара і Кундоса. Блакітны крышталь» Наталлі Андрасюк, «Стамбульскі вецер» Алесі Кузняцовай, якія будуць даступныя слухачам у хуткім часе. Што датычыцца агучвання твораў і кніг, то для рэалізацыі задуманага далучаюцца як непасрэдна самі аўтары, так і прафесійныя артысты беларускіх тэатраў.
— Да дапамогі штучнага інтэлекту звяртацца ў гэтай справе пакуль не плануем. Найперш таму, што ён не размаўляе яшчэ па-беларуску. І кнігі, якія мы будзем агучваць, — і руска-, і беларускамоўныя, але нам па сілах агучыць іх жывымі галасамі. Мы цэнім творчасць людзей. І адаптуем тэкст для гучання: абавязкова сустракаемся з аўтарам, з артыстам, каб у сутворчасці знайсці пэўныя дадатковыя фарбы для агучкі, дзе будуць перададзены важныя аўтарскія пасылы, задумы і інтанацыі, — дадае Святлана Колмак.
Адзначым, што дадатак аматары беларускага мастацкага слова могуць знайсці як у PlayMarket, так і ў AppStore і AppGallery. Пашыраны таксама шэраг функцый, каб выкарыстанне «Чытанкі» было яшчэ больш зручным для карыстальнікаў. Напрыклад, можна не проста пазначыць любімыя кнігі, але і падзяліцца спасылкамі на іх у сацыяльных сетках. Таксама ёсць магчымасць выбіраць хуткасць праслухоўвання альбо вярнуцца на месца, дзе скончылі праслухоўванне мінулым разам, калі вы спынілі чытанне і выйшлі з дадатку.
Алена ДРАПКО