Дзе прыклад для аграградкоў і раённых цэнтраў, якія праграмы «спрацавалі», і да чаго варта рыхтавацца мясцовым кіраўнікам

27.04.2025 | 12:15

Топ-5 цытат мінулага тыдня з першых вуснаў.


Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.

Мінулы тыдзень кіраўнік дзяржавы цалкам прысвяціў рэгіёнам, дзякуючы якім і развіваецца ўся краіна. Пачалі з Віцебскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка разам з вернікамі ў Талачыне адзначыў Вялікдзень. У святы дзень казалі і пра надзённае. Прадметна і канкрэтна надзённая размова працягнуласся ўжо на наступны дзень і зноў на Віцебшчыне — у Копысі абмяркоўвалі развіццё аграгарадкоў і дрэваапрацоўкі. Затым пераехалі на Магілёўшчыну, тут на прыкладзе Шклоўскага раёна разглядалі, у якім накірунку трэба развіваць раёныя цэнтры. Рэгіёны былі ў фокусе ўвагі Прэзідэнта і ў Мінску — у Палацы Незалежнасці разглядалі вынікі адраджэння раёнаў Гомельскай вобласці, пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таксама Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Сяргея Ляўковіча першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. 

1. «Я тут ведаю кожны метр. I тут цяп-ляп не атрымаецца. Чаму не атрымаецца i не патрэбна, каб атрымалася, я ўжо сказаў: уся краiна будзе капiраваць гэты досвед. Нам трэба аднавiць былыя сельгастэхнiкi. Не можа раён развiвацца без гэтай базы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аграсервіс ў Шклове. На пляцоўцы, дзе зараз кіпіць работа па адраджэнні райграсервіса, сімвалічна прагучала задача прывесці ў парадак усе 118 раёнаў краіны. Узор для пераймання — у Шклове. 

2. «Для людзей трэба ствараць умовы. Для працы ўмовы нармальныя, я спадзяюся. Але патрэбен дом. Участкі ў нас ёсць, людзі прыехалі. Як толькі мы абмяжуем будаўніцтва жылля ў Мінску і абласных цэнтрах — людзі сюды прыедуць жыць. А чаго тут не жыць? Гэта сапраўды месца шыкоўнае. Усе нашы пасёлкі гарадскога тыпу ў краіне ідэальныя, іх выбіралі для жыцця людзей і будавалі як належыць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў Копысі. Некалькі гадоў таму Копысь была вызначана як узор для развіцця пасёлкаў гарадскога тыпу. І сёння кіраўнік дзяржавы настройвае і саму Копысь на ўдасканаленне, каб адпавядаць гэтаму статусу, і іншыя пасёлкі гарадскога тыпу на развіццё. Прыклад вядомы. 

3. «Нам трэба мабілізавацца, згуртавацца. Турбулентнасць, хаос, неразбярыха ў свеце велізарная. Проста мы, улады, стараемся ўберагчы вас ад гэтага хаосу, каб кожны, займаючыся сваёй справай, бачыў вынікі сваёй працы, гадаваў дзяцей, адукацыю стараўся ім даць. Гады вельмі складаныя, вельмі цяжкія, асабліва ва ўмовах санкцый для нашай эканомікі», — не зусім святочная тэма для размовы ў Вялікдзень, але, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у храме не хлусяць, шчыра звяртаючыся да вернікаў. Там жа ў храме, ён шчыра папярэдзіў, што гэты год будзе вельмі сур’ёзны ў плане навядзення парадку ў нашай краіне. І параіў кіраўнікам (найперш Віцебскай вобласці) рыхтавацца да сур’ёзных праверак. 

4. «Я часта кажу, што гэту станцыю мы не будавалі, мы яе не эксплуатавалі і, натуральна, мы яе не падрывалі. Але бяда закранула Беларусь і беларускі народ больш, чым каго-небудзь», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра наступствы чарнобыльскай аварыі. Як бы не было цяжка пераадольваць наступствы катастрофы ў першыя 10 гадоў пасля яе, у Беларусі справіліся. Для гэтага быў прыняты шэраг праграм, якія назвалі «чарнобыльскімі». Прэзідэнт нагадаў, што тады дакладна не было зразумела, правільныя яны ці не, але жыццё ўсё паставіла на свае месцы: «Часам мы ішлі на непапулярныя крокі, не раздавалі па рублі, як гэта было прынята ці нехта хацеў, гэтыя грошы, а канцэртавалі на тых праектах, якія патрэбны былі для людзей: жыллё, чыстая вада, каналізацыя, водаадвядзенне, газіфікацыя і гэтак далей. Вельмі шмат было зроблена за гэты час. І ён паказаў, гэты час, што мы дзейнічалі абсалютна дакладна і правільна».

5. «Калі мы хочам захаваць сваю краіну, захаваць наш народ, быць суверэннымі, незалежнымі, будаваць Музей гісторыі беларускай дзяржаўнасці і нашага народа і любавацца, якімі мы былі і колькі стагоддзяў мы жывём, у аснове павінна ляжаць эканоміка. А гэта — людзі. Калі мы хочам працаваць, кіраваць працэсамі, ніякага страху няма, што да нас прыедуць. З тысячы чалавек будуць у нас, дапусцім, 60 ці 100 чалавек замежнікаў. Гэта нармальная практыка», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, каментуючы тэму, якая «кіпіць» у інтэрнеце — запрашэнне ў Беларусь пакістанскіх спецыялістаў. У цэлым падыход дзяржавы да гэтага зразумелы і адназначны і яго агучыў Прэзідэнт: «А наогул у нас працоўных рэсурсаў дастаткова. А дзе не хапае, мы „прасвецім“ кожнага чалавека і возьмем яго жыць на самай цудоўнай зямлі — беларускай зямлі. З любой краіны. Тых, хто захоча працаваць». 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю