Top.Mail.Ru

Дзе сёлета адпачыць?

У параўнанні з мінулым годам сёлета колькасць экспанентаў павялічылася з 311 да больш чым 500. Сярод іх акрамя рэгіёнаў Беларусі будуць прадстаўнікі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, Узбекістана, Тайланда, Турцыі, Палесціны, Кіргізіі, Кубы. Упершыню ў выстаўцы возьмуць удзел Султанат Аман і Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка. Турыстычны форум зацікавіць не толькі прафесіяналаў турыстычнага бізнесу, але і простых грамадзян. Там можна будзе знайсці прапановы адпачынку на любы густ і кашалёк.


Як адзначыла намеснік дырэктара па турыстычнай дзейнасці Дзяржаўнага прадпрыемства «БелЭкспа» Алена Ліхімовіч, на выстаўцы таксама прадставяць буйныя міжнародныя праекты. Напрыклад, Нацыянальны цэнтр Расіі сумесна з «БелЭкспа» прэзентуе праект пад назвай «Маршруты Перамогі», прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.

Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў заўважыў, што значная частка плошчы выстаўкі будзе адведзена пад беларускія рэгіёны. Прычым як на абласным, так і на раённым узроўнях. Беларускія рэгіёны падрыхтавалі займальную праграму для наведвальнікаў: ад паказаў мод да сакрэтных рэцэптаў кавы. Вышэйшыя ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для індустрыі адпачынку, прэзентуюць сябе на выстаўцы праз студэнцкія праекты. Яны, дарэчы, вельмі разнапланавыя і шматгранныя: ад экалагічных вандровак да ўкаранення сучасных тэхналогій у галіне. Увогуле, на мерапрыемстве будуць прадстаўлены ўсе віды турызму: прамысловы, гастранамічны, экалагічны, дзелавы…

Яшчэ адна адметнасць сёлетняга мерапрыемства звязана з тым, што ў мінулым годзе спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА быў папоўнены беларускай выцінанкай. З гэтай нагоды нацыянальны стэнд Беларусі будзе аформлены менавіта ў гэтай стылістыцы і, зразумела, не абыдзецца без майстар-класа.

Таксама гасцей чакаюць яркія прэзентацыі, музычныя і тэатралізаваныя пастаноўкі. Фуд-корт прапануе беларускую кухню.

Валерыя АДАМЧУК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю