Top.Mail.Ru

Дзе сёлета можна зарабіць моладзі?

Гэтым летам моладзь будзе працаваць у сельскай гаспадарцы, на будоўлях, у лагерах, санаторыях і нават на рэспубліканскіх і міжнародных працоўных праектах. Для многіх гэта магчымасць не толькі зарабіць, але і атрымаць першы вопыт сапраўднай працоўнай дзейнасці.


Градус адказнасці

У летнія месяцы, калі на вадаёмах павялічваецца колькасць адпачывальнікаў і рэжым нясення службы ратавальнікаў на вадзе становіцца асабліва напружаны, у рабоце супрацоўнікаў ратавальных станцый дапамагаюць байцы студатрадаў матросаў-ратавальнікаў. Сярод такіх студатрадаўцаў у Гомелі — студэнт другога курса факультэта фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Антон КАЗАКЕВІЧ.

— Працаўладкаваўся ў сэрвісны студатрад на пляжы «Каскад-1» першы раз мінулым летам, — расказвае ён. — Імкнуўся да гэтага яшчэ са школы: цікавіўся, як працуе мой сябар, таксама студэнт ГДУ імя Ф. Скарыны, прыходзіў да яго на змены. Калі ўжо сам паступіў ва ўніверсітэт і скончыў першы курс, запісаўся ў студатрад. Хацелася і зарабіць, і атрымаць сапраўдны працоўны вопыт. Праца ратавальніка патрабуе пастаяннай увагі і хуткай рэакцыі, але гэта вельмі добрая школа адказнасці.

Летась Антон Казакевіч адпрацаваў тры месяцы — май, чэрвень і ліпень. За месяц выходзіла каля тысячы рублёў.

У гэтым сезоне малады чалавек працуе ў зоне адпачынку «Каскад-3». Разам з Антонам у студатрадзе матросаў-ратавальнікаў на гэтай зоне адпачынку працуе і яго аднагрупнік Арсеній САЎКІН. Несці дзяжурствы разам значна прасцей, прызнаюцца яны. Каб трапіць у атрад, студэнты праходзяць сур’ёзны адбор: медкамісію, а таксама праверку фізічнай падрыхтоўкі, навыкаў плавання і аказання першай дапамогі. Асобна ацэньваюцца ўменні працаваць з выратавальным кругам і канцом Аляксандрава.

Байцы студатрада заступілі на працу з пачатку мая. Графік у студэнтаў — «два праз два», змена доўжыцца з дзесяці раніцы да васьмі вечара.

— Імкнёмся падладжваць змены пад вучобу, каб трапляць на важныя пары, — гаворыць Арсеній Саўкін.

Па словах студэнтаў, супрацоўнікі ратавальнага паста з разуменнем ставяцца да вучэбнага графіка і асабліва падчас сесіі дапамагаюць складаць расклад так, каб не даводзілася прапускаць залікі і экзамены.

Нягледзячы на юны ўзрост студатрадаўцаў, адпачывальнікі прыслухоўваюцца да іх заўваг. І самі студэнты падкрэсліваюць, што падчас дзяжурстваў ніякіх уступак на ўзрост або статус няма.
— Вучымся рабіць заўвагі карэктна, спакойна тлумачыць адпачывальнікам неабходнасць бяспечных паводзін на вадзе. Задача матроса-ратавальніка — данесці, што за нашымі папярэджаннямі стаіць чалавечае жыццё, — перакананы Антон Казакевіч.

«Праца — гэта крута!»

Вопыт матросаў-ратавальнікаў — толькі адзін з дзясяткаў кірункаў, куды сёння могуць працаўладкавацца маладыя людзі Гомельшчыны. Другі сакратар Гомельскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ганна САВЕНКА паведаміла, што сёлета абласны штаб студэнцкіх атрадаў плануе працаўладкаваць 11 100 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года:

— Асабліва важна, што мы прапануем менавіта афіцыйнае працаўладкаванне. Гэта не якія-небудзь выпадковыя падпрацоўкі ці «зарплаты ў канвертах», а паўнавартаснае афіцыйнае працаўладкаванне з афармленнем працоўных дагавораў. Для моладзі гэта не толькі магчымасць зарабіць, але і стаць часткай студатрадаўскага руху, адчуць камандную работу, паўдзельнічаць у конкурсах на найлепшы студэнцкі атрад, найлепшага камандзіра, камісара або байца.

Па словах маладзёжнага лідара, у рэгіёне вызначана больш за тысячу працоўных месцаў, куды могуць працаўладкавацца падлеткі з 14 гадоў. Для непаўналетніх летам асабліва запатрабавана праца ў сельскай гаспадарцы — яна датычыцца і праполкі сельгаскультур, і ўборкі ўраджаю. Каля 40 % студэнцкіх атрадаў у летні перыяд у Гомельскай вобласці працуе менавіта ў такім кірунку занятасці.

У раёнах сёння практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы супрацоўнічаюць са студатрадамі. За дзесяць дзён працы (звычайна такі тэрмін устанаўліваецца для выканання аднаго віду сельгасработ) у атрадзе ў сельскай гаспадарцы падлеткі зарабляюць каля 300–350 рублёў. Заработная плата разлічваецца з улікам таго, што непаўналетнія могуць працаваць не больш за чатыры з паловай гадзіны ў дзень.

— Гаспадаркі застаюцца задаволеныя тым, наколькі адказна моладзь ставіцца да работы. Часта ў атрады прыходзяць дзеці работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, а гэта і пераемнасць пакаленняў, і дадатковы стымул, бо юнакі і дзяўчаты разумеюць, што па іх рабоце будуць меркаваць і аб бацьках — гэта матывуе падлеткаў працаваць адказна. У цэлым пералік арганізацый, якія прымаюць студатрады, увесь час пашыраецца. Супрацоўнічаюць не толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і прыватныя арганізацыі, фермерскія гаспадаркі, што не можа не радаваць, — звяртае ўвагу Ганна Савенка.


Пазітыўнае асяроддзе і будзадачы «з зорачкай»

Адным з прыярытэтаў БРСМ застаецца работа з падлеткамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх.

— Яны бачаць станоўчы прыклад, разумеюць, што праца — гэта крута! Пераконваюцца, што можна афіцыйна зарабляць, актыўна праводзіць час і быць часткай каманды. З такімі хлопцамі і дзяўчатамі тэрытарыяльныя камітэты БРСМ працуюць адрасна, задача — паказаць ім сапраўды іншае пазітыўнае асяроддзе і іншыя магчымасці, — адзначае другі сакратар абкама БРСМ.
Папулярныя сярод моладзі Гомельшчыны экалагічныя, сэрвісныя, педагагічныя атрады. Вялікая ўвага з рэгіёне ўдзяляецца будатрадам.

— Рашэннем Гомельскага аблвыканкама абласной маладзёжнай будоўляй сёлета прызнана будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Хутар у Гомелі. Падрадная арганізацыя гатова працаўладкаваць не менш як сто маладых людзей. Іх чакаюць дапаможныя будаўнічыя і бетонныя работы, кладка пенапласту і іншае. Але на будоўлі як аб’екце павышанай небяспекі працаўладкавацца змогуць толькі паўналетнія. Сімвалічна, што ў будаўніцтве паліклінікі будуць удзельнічаць студэнты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Летась гэты сацыяльна значны аб’ект быў аб’яўлены гарадской маладзёжнай будоўляй, а цяпер у яе абласны статус, таму ўдзельнічаць у ёй змогуць маладыя людзі з усёй Гомельшчыны, — адзначае Ганна Савенка.


Асобна яна расказала аб міжнародных і рэспубліканскіх працоўных праектах, у якіх сёлета бяруць удзел маладыя людзі вобласці. Так, 14 студэнтаў ГДУ імя Ф. Скарыны адправяцца сэрвісным атрадам ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня».

Адкрыццё гэтага працоўнага лета для моладзі Гомельшчыны — магчымасць папрацаваць на чыгунцы ў Рэспубліцы Саха (Якуція). Упершыню туды адправіцца атрад з 21 студэнта БелДУТа.
— Наша моладзь таксама накіруецца на працу ў Туапсінскі раён Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі ў дзіцячы лагер «Марская хваля». Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога адправяцца працаваць на МАЗ і МТЗ. Важатыя з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны і Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна будуць працаваць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт накіруе студэнтаў у Наваполацкую бальніцу ў складзе медыцынскага студатрада, — рэзюмавала Ганна Савенка.

Нагадаем, што ў мінулым годзе навучэнка Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа стала найлепшым камандзірам студэнцкага атрада рэспубліканскага працоўнага праекта «Медыкус», а сам атрад быў прызнаны найлепшым у нашай краіне. Сёлета моладзь Гомельшчыны будзе імкнуцца паўтарыць поспех і зноў паказаць высокія вынікі работы студатрадаў на рэспубліканскім узроўні.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю