Top.Mail.Ru

Дзе ў Віцебскай вобласці закладзены фундамент спорту высокіх дасягненняў

Спартсмены Віцебшчыны заваявалі 22 залатыя, 26 сярэбраных і 25 бронзавых медалёў на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах за мінулы год.


Такую інфармацыю агучыў начальнік упраўлення спорту Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Фацееў на выніковай калегіі. Гэтаму спрыяе трывалая спартыўная база: у паўночным рэгіёне дзейнічаюць два вучылішчы алімпійскага рэзерву і 58 іншых устаноў, сярод якіх ДЮСШ, спецыялізаваныя ДЮШ і цэнтры алімпійскага рэзерву, клубы па гульнявых відах спорту. На Віцебшчыне ёсць больш за 3,8 тыс. спецыяльных арэн, манежаў, залаў, стадыёнаў, басейнаў і іншых збудаванняў. Пастаянна ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя аб’екты.


Сёлета завершыцца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам у Браслаўскім раёне, пачнецца — у Шаркаўшчынскім. У планавым рэжыме вядуцца работы на многафункцыянальным комплексе ў мікрараёне Білева ў Віцебску.

На Віцебшчыне ўпэўнены: аснова спорту высокіх дасягненняў — у развіцці дзіцяча-юнацкага і масавага спорту. У прыярытэце — біятлон, бокс, барацьба вольная і грэка-рымская, валейбол, веславанне акадэмічнае, дзюдо, лёгкая атлетыка, скачкі на батуце, таэквандо, цяжкая атлетыка, хакей з шайбай. 

Поспехі спартсменаў і трэнераў адзначаны дзяржавай. Так, мужчынская зборная па скачках на батуце стала пераможцам у намінацыі «Найлепшая каманда», яе трэнер Вольга Уласава стала лаўрэатам прэміі «Найлепшы трэнер Беларусі — 2025», а ўдзельнік Іван Літвіновіч — «Беларускі спартыўны Алімп». Галоўны трэнер хакейнага клуба «Віцебск» Раман Юпатаў і капітан нацыянальнай зборнай па пляжным футболе Іван Канстанцінаў угаранаваны званнем «Чалавек года Віцебшчыны». 

Экспарт турыстычных паслуг склаў больш за 35,6 млн долараў з тэмпам росту да 2024 года амаль 140 % — гэта рэкордны паказчык за ўсю гісторыю развіцця турызму ў вобласці. Віцебская — адзіная ў Беларусі вобласць, дзе ў кожным раёне створаны турыстычны інфармацыйны цэнтр. З бягучага года турызм на рэгіянальным уроўні перададзены камітэту эканомікі з мэтай далейшага ўдасканальвання. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА, 

фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю