Кіналагічны цэнтр органаў пагранічнай службы — унікальнае падраздзяленне, якое дыслацыруецца ў Смаргонскай пагранічнай групе. Пачаўшы сваю гісторыю 25 студзеня 1995 года як невялікі гадавальнік, за 30 гадоў ён вырас да найбуйнейшай у СНД і Усходняй Еўропе ўстановы па вырошчванні, дрэсіроўцы службовых сабак і падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы спецыялістаў. Яго асноўнай задачай з’яўляецца навучанне кінолагаў і службовых сабак.
«Сёння мы займаемся племянной гадоўляй такіх парод, як нямецкая, бельгійская, усходне-еўрапейская, галандская аўчарка, лабрадор-рэтрывер і бордэр-колі. Нашы спецыялісты-кінолагі таксама працуюць з жывёламі дэкаратыўных парод. У залежнасці ад пароды і здольнасцяў сабакі навучаюцца для пошуку выбуховых і наркатычных рэчываў, а таксама для работы па пахавым следзе», — расказвае начальнік кіналагічнага цэнтра падпалкоўнік Сяргей Камінскі.
Начальнік кіналагічнага цэнтра падпалкоўнік Сяргей Камінскі
У 2024 годзе было выгадавана больш за 110 сабак, а за ўвесь час існавання падраздзялення падрыхтавана каля трох тысяч. Для дрэсіроўкі, догляду і ўтрымання абсталяваны цэлы комплекс спецыялізаваных памяшканняў: ад радзільнага аддзялення да ветэрынарнага блока. Для навучання кінолагаў і важатых распрацаваны ўнікальныя праграмы, пабудаваны навучальны корпус, а таксама створана трэніровачная пляцоўка з імітацыяй рэальных умоў, уключаючы аўтамабілі і чыгуначныя вагоны.
Цэнтр актыўна збірае і аналізуе не толькі вопыт пагранічнікаў, але і іншых сілавых структур, на аснове якога распрацоўваюцца метадычныя дапаможнікі для тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы. За час функцыянавання цэнтра выяўлена шмат спосабаў утойвання забароненых рэчываў. «Некалькі гадоў таму мы прапанавалі праводзіць семінары-трэнінгі для структур, якія ўзаемадзейнічаюць. Гэта дазваляе абменьвацца вопытам і развіваць новыя падыходы. Гэтыя семінары носяць выключна практычны характар. Напрыклад, нядаўна мы трэніраваліся ў выяўленні наркатычных і выбуховых рэчываў, утоеных у залітаваных металічных трубах і вакуумных пакетах», — адзначае Сяргей Камінскі.
Любоў з першага погляду: як выбіраюць сабак для службы
Алена Петрык — старшы інспектар аддзялення гадавальніка, якая ў органах пагранічнай службы ўжо каля 10 гадоў. Пачаўшы свой шлях з пасады кантралёра ў пункце пропуску, яна зразумела, што яе прызванне — кіналогія. Цяпер у дзяўчыны два сабакі пароды лабрадор, з адной з іх яна служыць з пачатку свайго шляху.
«Маіх сабак клічуць Тыяна і Гаяна. З першай мы працуем ужо 9 гадоў, з другой — крыху больш за год. Калі я ўпершыню прыбыла ў кіналагічны цэнтр, Тыяна хутчэй за ўсіх падбегла да мяне. Можна сказаць, гэта была любоў з першага погляду», — дзеліцца Алена.
Яна адзначае, што для работы ў пунктах пропуску падыходзяць не толькі лабрадоры, але і іншыя пароды. Усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў жывёліны і кінолага.
«З маладым сабакам трэба займацца па 5-6 гадзін на дзень. Чым больш часу ўдзяляеш, тым лепшы вынік. Працэс дрэсіроўкі пачынаецца з сацыялізацыі: малых вывозяць у горад для таго, каб яны прывыклі да вялікай колькасці людзей і звярталі ўвагу толькі на гаспадара. Пасля пачынаецца этап дрэсіроўкі паслухмянасці. Менавіта тады становіцца зразумела, па якім профілі яна будзе працаваць», — расказвае Алена.
Пагранічнікі карыстаюцца дапамогай чатырохногіх сяброў ужо больш за 100 гадоў. За гэты час былі адабраны найбольш эфектыўныя пароды, сфарміравана база ведаў і асноўныя прынцыпы падрыхтоўкі. У падраздзяленні вядзецца племянная работа, дзякуючы якой у жывёл генетычна закладзены працоўныя характарыстыкі.
«Вы можаце надрэсіраваць нават дварнякоў, але гэта будзе не тое. У нашых сабак ёсць прыроджаная схільнасць да службы па ахове граніцы. Калі праграма навучання завершана і сабака дэманструе выдатныя вынікі, мы пачынаем прыдумляць дадатковыя заданні, каб ён працягваў развівацца і працаваў яшчэ больш эфектыўна. Мы ніколі не спыняемся на дасягнутым», — падкрэслівае старшы інспектар.
Дзе служаць чатырохногія выпускнікі цэнтра
Сёння кожнае пагранічнае падраздзяленне мае ў сваім штаце некалькі спецыялістаў-кінолагаў і службовых сабак розных парод, якія прайшлі навучанне ў кіналагічным цэнтры.
«Змена ва ўсіх вайскоўцаў і іх чатырохногіх напарнікаў у пункце пропуску Каменны Лог доўжыцца 12 гадзін. На кожную змену заступае да двух кінолагаў, што дастаткова для ажыццяўлення эфектыўнага кантролю і пошуку наркатычных, выбуховых рэчываў і боепрыпасаў», — пачынае аповед начальнік аддзялення пагранічнага кантролю «Каменны Лог» Аляксандр Бартноўскі.
Еачальнік аддзялення пагранічнага кантролю «Каменны Лог» Аляксандр Бартноўскі
«Часцей за ўсё забароненыя да перасоўвання рэчывы і тавары хаваюць у канструктыўных асаблівасцях транспартных сродкаў ці проста ў асабістых рэчах. Усе кінолагі і іх сабакі, якія прыбываюць да нас пасля навучання, маюць высокі ўзровень падрыхтоўкі і выдатна спраўляюцца са сваімі задачамі», — адзначае Аляксандр.
Сёння Дзяржаўная граніца Рэспублікі Беларусь абсталяваная інтэлектуальнай сістэмай «Крумкач» і відэакамерамі, дзякуючы чаму ніводны парушальнік не застаецца незаўважаным. Аднак сістэма няздольная затрымаць чалавека — тут у справу ўключаюцца пагранічнікі і іх напарнікі. Жывёлы здольныя весці пагранічнікаў па следзе дзясяткі кіламетраў у любое надвор’е і паспяхова затрымаць зламыснікаў.
«Падрыхтаваныя парушальнікі ўвесь час выкарыстоўваюць розныя хітрыкі: спрабуюць заблытаць, схаваць або замаскіраваць свае сляды. Пры пошуку і затрыманні вялікі ўпор робіцца на службовага сабаку. Мы сочым за яго дзеяннямі і давяраем яму, калі ён ідзе па следзе», — дзеліцца начальнік пагранічнай заставы «Каменны Лог» Андрэй Свірыда.
Ад агляду да аперацыі
У сабак, як і ў людзей, бываюць праблемы са здароўем. Для гэтага ў кіналагічным цэнтры створаны ветэрынарны пункт, аснашчаны сучасным абсталяваннем.
«Як правіла, „пацыенты“ паступаюць да нас па рэкамендацыі кінолагаў. Яны назіраюць за жывёламі, даглядаюць іх і бачаць іх работу. Калі ў сабакі з’яўляюцца такія сімптомы, як адмова ад корму, пачырваненне слізістых абалонак, млявасць ці, наадварот, празмерны апетыт, кінолаг адразу звяртаецца да нас», — расказвае начальнік ветэрынарнага пункта Анатоль Спірыдовіч.
З моманту з’яўлення Кіналагічнага цэнтра ветэрынарнае забеспячэнне ў падраздзяленні стала ўдасканальвацца і сёння знаходзіцца на высокім узроўні. Калі раней дыягностыка абмяжоўвалася аглядам і тэрмаметрыяй, то цяпер у распараджэнні спецыялістаў ёсць лабараторнае абсталяванне, апараты УГД, рэнтген і аперацыйны кабінет. Гэта дазваляе не толькі папярэджваць хваробы, але і падаўжаць жыццё.
«Ёсць свае хітрасці пры аглядзе сабак. Напрыклад, можна пачаставаць ласункам, але нельга праяўляць боязь. Калі жывёла адчувае, што ты баішся, яна можа стаць агрэсіўнай. Для дарослых сабак часта выкарыстоўваюцца наморднікі. За свае амаль 20 гадоў практыкі я бачыў розныя сітуацыі і не раз быў пакусаны нашымі чатырохногімі калегамі», — дзеліцца Анатоль.
Вялікую частку часу сабака праводзіць са сваім кінолагам, таму ў цэнтры рэгулярна арганізуюць спецыяльныя ветэрынарныя курсы.
Усе супрацоўнікі атрымліваюць неабходныя веды па выяўленні захворванняў.
Зразумела, кінолаг аказвае першую дапамогу сабаку ў экстраных сітуацыях. Аднак нават пры наяўнасці вопыту і ведаў кінолаг у абавязковым парадку паведамляе аб сітуацыі ветэрынару, кансультуецца з ім і прытрымліваецца яго рэкамендацый. Гэта важна, таму што толькі ветэрынарны ўрач можа паставіць дакладны дыягназ, прызначыць правільнае лячэнне і выключыць рызыкі ўскладненняў.
Развядзенне сабак, падрыхтоўка спецыялістаў і ўсебаковае забеспячэнне падраздзялення — складаны і шматгранны механізм, за якім стаіць работа сотняў людзей. За 30 гадоў свайго існавання падраздзяленне стала важным звяном у сістэме забеспячэння бяспекі граніцы Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы прафесіяналізму супрацоўнікаў, сучасным тэхналогіям і любові да сваёй справы працягваецца развіццё падраздзялення, укараняюцца новыя методыкі і падыходы ў кіналагічнай рабоце.
Сёння Кіналагічны цэнтр органаў пагранічнай службы — унікальнае падраздзяленне, у якім дзякуючы высокакваліфікаванай падрыхтоўцы спецыялістаў і дрэсіроўцы сабак эфектыўна вырашаюцца задачы ў інтарэсах аховы граніц нашай беларускай зямлі!
Сяргей ШУРБА
Фота Сяргея КАРЖЫЦКАГА