Top.Mail.Ru

Дзе вырошчваюць беларускія імпартазамяшчальныя плады

Яблычны Спас. Свята, якое ў беларусаў асацыюецца з садамі, поўнымі спелых пладоў, з традыцыямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Менавіта пасля Яблычнага Спасу ў многіх гаспадарках пачынаецца сапраўдны збор пладоў, калі ўжо можна лічыць ураджай. Не выключэнне і сялянская гаспадарка «Спартан-Агра» ў Маладзечанскім раёне.


У 2024 годзе гэтую гаспадарку наведаў Прэзідэнт. Паглядзеўшы, як тут працуюць на зямлі, Аляксандр Лукашэнка заклікаў «перастаць кланяцца імпартнаму яблыку» і паставіў задачу не толькі забяспечваць краіну, але і пастаўляць яблыкі на экспарт. «Галоўнае — закласці. 

І будуць паўтараць. Як ты даглядаеш, так і яны», — звярнуўся тады Прэзідэнт да кіраўніка гаспадаркі Ігара Абрамчыка. Карэспандэнты «Звязды» накіраваліся ў «Спартан-Агра», каб даведацца, як растуць беларускія яблыкі.

Заснавальнік гаспадаркі — Аляксандр Іосіфавіч Абрамчык. Менавіта ён больш за 20 гадоў таму вырашыў, што Беларусі патрэбны свой яблык. Тады яблыкі везлі з Польшчы.

— Гэта і стала першапачатковым штуршком, — успамінае Аляксандр Іосіфавіч. — Калі ўбачыў, якія аб’ёмы і як усё можна рэалізоўваць, я пасадзіў першыя пяць гектараў. А потым была рэспубліканская праграма «Пладаводства» (Дзяржаўная мэтавая праграма развіцця пладаводства на 2004–2019 гады «Пладаводства» — заўв. «Зв.») — і я пайшоў на першыя 40 гектараў.

Аляксандр Іосіфавіч прызнаецца: спецыяльнай адукацыі не меў — толькі 10 класаў. Але была інтуіцыя, жаданне і разуменне, што садоўніцтва ў Беларусі — справа перспектыўная. Сёння плошча садоў — 120 гектараў. 

А восенню гаспадарка плануе закласці яшчэ 80. Нягледзячы на тое, што мінулы год быў цяжкім (замест трох тысяч тон сабралі ўсяго 200), тут не спыняюцца. І гэта — галоўны паказчык сілы духу і веры ў сваю справу.


На пытанне, у чым сакрэт поспеху, Аляксандр Іосіфавіч адказвае без ваганняў:

— Цярпенне і ўпэўненасць у тым, што атрымаецца. І яшчэ важна заваяваць імідж. Каб пакупнікі ехалі менавіта да цябе, а не да іншых. Гэта якасць прадукцыі, якую ты адпраўляеш.

Сёння яблыкі са «Спартан-Агра» пастаўляюць у гандлёвыя сеткі Беларусі і Расіі. І якасць у іх — найвышэйшая. На час збору калектыў павялічваецца да 100 чалавек, у асноўным гэта людзі з Маладзечна.

Каля 14 гадоў таму Аляксандр Іосіфавіч перадаў кіраўніцтва гаспадаркай сыну. Ігар Аляксандравіч скончыў Радыётэхнічны інстытут па спецыяльнасці «эканаміст», аднак, як і бацька, выбраў сад. Менавіта ён два гады таму сустракаў Прэзідэнта, знаёміў яго з гаспадаркай.

«Ён ужо даўно пераўзышоў мяне», — кажа бацька пра сына. Ігар не проста прыняў кіраванне — ён прынёс новы падыход, тэхналогіі і сфарміраваў каманду. Сёння ў гаспадарцы працуюць адны з найлепшых спецыялістаў у краіне. У дачкі Аляксандра Абрамчыка Вікторыі таксама ўласныя садовыя гектары. Сапраўдная яблычная дынастыя, дзе любоў да зямлі перадаецца як самая каштоўная спадчына.


Сучасныя тэхналогіі — на службе традыцый

Галоўны аграном-садоўнік гаспадаркі Аляксандр Мазгавой расказвае, што асноўная ўвага ў гаспадарцы ўдзяляецца зімовым сартам, якія доўга захоўваюцца.

— Мы ўзялі найбольш распаўсюджаныя сарты, якія сябе добра адчуваюць і даюць ураджай, гэта датычыцца і груш, якія з нядаўняга часу таксама вырошчваем,— тлумачыць спецыяліст. — Што датычыцца яблыкаў, мы закладваем іх на захоўванне, каб у зімовы перыяд рэалізоўваць. Таму падбіраем тыя сарты, якія будуць ляжаць доўга.

Сярод тых, што вырошчваюць, — Беларускае салодкае, Алеся, Каваленкаўскі, Аўксіс, Найдарэд, Айдарэд, Чэмпіён, Ханікрысп. Кожны з гэтых сартоў мае свае асаблівасці, але ўсе яны дазваляюць атрымліваць прадукцыю высокай якасці.

Сёння садоўнікі «Спартан-Агра» карыстаюцца наватарскімі падыходамі. Адметнасць іх тэхналогіі — кропельны паліў, які насамрэч з’яўляецца сістэмай каранёвых падкормак. Другі сакрэт — штогадовая моцная абрэзка.

— Яблыні растуць на карлікавых і паўкарлікавых прышчэпах. Іх выганяюць да трох метраў, абразаюць верхавіну — і спыняюць. На кожным дрэве пакідаюць каля 25 кілаграмаў яблыкаў, каб расліна мела сілы закласці ўраджай і на наступны год, — тлумачыць Аляксандр Мазгавой. — Таму ў нас няма перыядычнасці, калі адзін год багата, а наступны — пуста. Гэта кантралюецца.

Аляксандр Генадзевіч адзначае: клімат мяняецца, і гэта ўносіць карэктывы ў работу.

— У сувязі з тым, што апошнія дзесяцігоддзі тэмпература падымаецца ўверх, у нас стала цяплей, але геаграфічна нічога не змянілася. Цяпер мы апынуліся ў больш крытычнай сітуацыі па надвор’і. Калі вельмі цёплыя і халодныя франты сустракаюцца, атрымліваем крытычны выхад у выглядзе ліўняў, ураганаў, — тлумачыць аграном.

Таму садаводам даводзіцца пераглядаць не толькі сарты, але і тэхналогіі. Сёння ў гаспадарцы выкарыстоўваюць найбольш шчыльную канструкцыю шпалерных установак, набываюць супрацьградавыя пушкі.


«Спажывец можа быць спакойны»

На пытанне, ці бяспечныя яблыкі для здароўя, Аляксандр Генадзевіч адказвае цвёрда:

— Спажывец можа быць спакойны. Апрацоўкі рэгламентаваныя па прэпаратах, па тэрмінах чакання. Мы не здымаем і не аддаём адразу пасля апрацоўкі. Яблык яшчэ ляжыць на складзе, працэс распаду адбываецца як належыць. Да таго ж, праводзім аналізы.

Акрамя апрацовак, праводзяцца і прыкаранёвыя падкормкі, — гэта можна ўбачыць па насычаным колеры і якасці лісця. Таму яблыкі атрымліваюцца не толькі прыгожымі, але і карыснымі.

Мы папрасілі агронома даць парады звычайным людзям, якія мараць пра свой сад.

— Калі ўжо надумалі пасадзіць дрэва, то павінны быць гатовыя яго даглядаць. Калі не гатовыя, а проста хочаце пасадзіць і чакаць ураджаю, нічога добрага не будзе, — кажа ён. — Падыход, фарміроўка, абарона — усё гэта важна.

Самі яблыні, паводле слоў спецыяліста, непераборлівыя. Галоўнае — выбраць правільны сорт і прышчэпу (ніжняя частка дрэва. — заўв. «Зв.»). Сучасныя сарты хуткаплодныя: першы яблык можна атрымаць нават у першы год. Ёсць такая тэхналогія «кніп-баум» (двухгадовая тэхналогія вырошчвання саджанцаў яблыні. — заўв. «Зв.») — калі двухгадовае дрэўца ўжо сфарміраванае і з закладзенымі кветкавымі пупышкамі. Пры правільнай пасадцы на наступны год можна сабраць да пяці кілаграмаў з дрэва.


Сямейная традыцыя

У сям’і Абрамчыкаў Яблычны Спас — не проста працоўны дзень. Жонка Аляксандра Іосіфавіча, як і многія беларускія гаспадыні, ходзіць у царкву асвячаць яблыкі.

Асаблівае задавальненне Аляксандру Іосіфавічу дастаўляе тое, што яго гаспадарка корміць не толькі пакупнікоў, але і родных. Яблыкі любяць жонка, унукі, сябры. А сам ён больш схільны да груш, але калі яблык сезонны, свой — чаму б і не паласавацца?

Сам Аляксандр Іосіфавіч — карэнны жыхар гэтай зямлі. Вырас у вёсцы Мясата, што побач. Яго маці была аграномам, потым старшынёй сельсавета. Таму любоў да зямлі — з дзяцінства.

— Мне не трэба ў сталіцу. Тут — мае карані, мая справа жыцця. І мне ніколі не бывае сумна, — кажа гаспадар.


Акрамя яблыкаў — капуста і нават туі

Яблыневы сад — не адзінае, чым займаецца гаспадарка. На іншых участках вырошчваюць цвятную і кітайскую капусту, салодкую кукурузу. А на невялікіх участках, непрыдатных для саду і гародніны, пасадзілі туі.

— Гэта проба, бо ёсць месцы, дзе сад нельга пасадзіць, і агароднінныя культуры нельга — вельмі нізка, падчас дажджоў усё вымакае, — тлумачыць гаспадар. — Вось там мы і паспрабавалі туі. Саджанцы набываюць для аздаблення сядзіб.

Што датычыцца глебы, то тут — цяжкія суглінкі. Менавіта яны дазваляюць дрэвам вытрымліваць засуху: на ніжніх слаях застаецца вільгаць, і расліны ёю кормяцца.

На пытанне, што змянілася за гады, Аляксандр Іосіфавіч адказвае адкрыта:

— Сёння ёсць семінары, магчымасць вучыцца, пераймаць вопыт. Раней такіх магчымасцяў не было — не было ні падкормак, ні кропельнага паліву. Калі ўзяць 20 гадоў таму — гэтага нічога не было, усё прыходзілася пачынаць з нуля.



У дзень Яблычнага Спаса ў садзе «Спартан-Агра» — спакойна. Яшчэ ідзе апошняя падрыхтоўка. Але ўжо хутка пачнецца гарачая пара: збор ураджаю ў прамысловых маштабах.

— Мы пачынаем збор пасля Спаса. Гэта ўжо традыцыя. І, хоць клімат мяняецца, хоць сарты спеюць раней, мы ўсё роўна трымаемся гэтай мяжы. Спас — гэта не проста дата, а сімвал, — кажа Аляксандр Іосіфавіч.

Сёння ў садзе «Спартан-Агра» працуюць людзі, якія разумеюць: яблык — гэта не проста садавіна, гэта вынік штодзённай працы, клопату, адданасці сваёй справе. Гэта любоў да зямлі, якая перадаецца ад бацькі да сына, традыцыя, якая жыве.

Такіх людзей на Беларусі няшмат. Сям’я Абрамчыкаў — садаводы, якія штодня даказваюць, што беларускі яблык можа быць не горшым за імпартны, а нават лепшым. Яны не проста вырошчваюць садавіну — яны адраджаюць традыцыі айчыннага садоўніцтва, ператвараючы сваю працу ў сапраўднае мастацтва.

У Яблычны Спас прыйдзіце ў царкву, каб асвяціць плады сваёй працы, і няхай гэты дзень будзе напоўнены цяплом, духоўнай радасцю і ўдзячнасцю за тое, што мы маем.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю