Паразважаць пра тое, што такое дом і як ён выглядае, дзе знаходзіцца і як яго можна знайсці, прапаноўвае выставачны праект «Дом» Валерыя Песіна ў галерэі «Арт-Фабрыка».
Жывапіс майстра стварае спрыяльную атмасферу для паглыблення ў экзістэнцыяльныя тэмы, а лірычны вобраз дома ператвараецца са звычайнага месца ў метафару ўнутранага спакою, гармоніі і памяці.
Валерый Песін нарадзіўся ў 1963 годзе ў Мінску.

«Час маляваць півоні», 2025 г.
З 1980-х уваходзіў у творчае аб’яднанне маскоўскіх і піцерскіх мастакоў-нонканфармістаў і калекцыянераў. Мастак працуе з актыўнымі колеравымі плямамі на мяжы рэальнасці і абстракцыі. Супрацоўнічаў з маскоўскімі галерэямі, друкаваўся ў часопісах AD, ELLE Decoration, Salon+Interior, «Мезонин» і інш. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках у Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, арганізоўваў творчыя праекты ў Швецыі, Нідэрландах, Люксембургу, Польшчы, Германіі. Работы майстра знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, а таксама ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.
«Дом — прастора, у якой мне наканавана жыць. Добра мне тут ці не вельмі — зусім няважна. Я магу толькі па меры сіл паспрабаваць зрабіць яго больш утульным. На прадстаўленых карцінах глядач убачыць тое, з чым я сустракаюся кожны дзень. Птушка ў парку, кветка, акно, воблака, галінка на зямлі, трава і камень — усё гэта мой Дом», — апісвае экспазіцыю аўтар.
Выставачны праект запрашае наведвальнікаў спыніцца і ў атмасферы цішыні мастацкай прасторы пераасэнсаваць паняцце дома, сваёй прыналежнасці і душэўнага прытулку. Кожная работа аўтара падштурхоўвае гледача да пытання: «Што робіць месца домам?» На яго ў кожнага свой адказ. На мяжы рэальнасці і абстракцыі мастак адыходзіць ад увасаблення фізічнага месца. Праз яркія і манахромныя вобразы, выразныя і расплывістыя абрысы прадметаў ён імкнецца перадаць духоўны стан, дзе «дом» бачыш не вачамі, а сэрцам.
Сам мастак параўноўвае свае карціны з паэзіяй, якая адкрывае свет асацыяцый і ўражанняў. Сюжэты амаль няўлоўныя, фрагментарныя — характэрная рыса творчасці Валерыя Песіна. Абстрактная тэхніка майстра нагадвае ўласцівасць чалавечай памяці: запамінаць падзеі эпізадычна, праз пачуццё, колер, штрых. Работы аўтара быццам запрашаюць перагарнуць старонкі ўласнай памяці, прыгадаць забытыя моманты і знайсці сваё паняцце дому.
У экспазіцыі прадстаўлены шэраг работ, выкананых мастаком у апошнія гады. Аднак нягледзячы на аддаленасць у часе, усе яны аб’яднаны адзіным рытмам і вобразнай сімволікай. Валерый Песін не баіцца эксперыментаваць з колерам і кампазіцыяй. Працуючы на кантрасце, аўтар не выкарыстоўвае акадэмічныя прыёмы, а асноўваецца на інтуітыўнай манеры пісьма, дзе адбіткі ўласных перажыванняў, як рух эмоцый, выліваюцца на палатно.

«Сосны. Эцюд», 2024 г.
На карцінах майстра рэдка знойдзеш цэльны пейзаж ці нацюрморт. Часцей гэта мінімалістычныя замалёўкі, урыўкі шматлікіх успамінаў, дзе перапляліся драматызм і гармонія, цішыня і трывожны шэпт мінулага. Работы не толькі адлюстроўваюць асабістую гісторыю аўтара, але і натхняюць гледачоў прыслухацца да ўласнага голасу сэрца і ўрэшце вырашыць для сябе, што такое Дом і дзе ён.
Выстаўка працуе да 16 жніўня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА