Патомны вайсковец Дзмітрый Мядзведзеў з Віцебска расказаў БелТА пра тое, чым праславіўся на Вялікай Айчыннай вайне яго дзядуля.
Для былога вайскоўца Дзмітрыя Мядзведзева, які вырас у сям’і патомных абаронцаў Айчыны, Дзень Перамогі — свята гонару за сваіх родных. Ён беражліва захоўвае медалі і ўзнагародныя дакументы дзеда — Міхаіла Ціханавіча Мядзведзева.
«Ён усю вайну прайшоў механікам-кіроўцам танка Т-34, удзельнічаў у адной з самых знакамітых бітваў пад Прохараўкай — найбуйнейшым у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны танкавым баі падчас Курскай бітвы. Скончыў вайну ў Берліне. Дзед сем разоў гарэў у танку, у тым ліку пад Прохараўкай. Я шмат разоў праходзіў міма помнікаў са спісанымі Т-34 і здзіўляўся, як тады хлопцы ў неймаверных умовах, на спякоце і любым холадзе маглі ісці ў бой, не задумваючыся, выжывуць яны ці не. Мне здаецца, у іх быў нейкі асабліва трывалы ўнутраны стрыжань. Дарэчы, не толькі дзядуля ваяваў. Мая бабуля Ніна Казіміраўна Мядзведзева пачынала вайну ў пахавальнай камандзе, потым яна была пераведзена ў авіяцыю і служыла ў батальёне сувязі да 1944 года. Яе камісавалі з фронту ў сувязі з нараджэннем майго бацькі - Уладзіслава Мядзведзева, які таксама ў далейшым стаў вайскоўцам і ў 1979 годзе ўвайшоў у Афганістан адным з першых», — адзначыў ён.

Віцяблянін расказаў, што ў дзяцінстве бачыў жыццё вайскоўцаў знутры, і таму лёгка вырашыў пайсці па слядах бацькі. «Вы бачыце перад сабой не толькі былога вайскоўца, але і бацьку абаронцы Айчыны: мой сын ужо мае званне маёра, і ён таксама прысвяціў сябе службе ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Мой родны брат жыве ў Новасібірску цяпер, але ў свой час скончыў службу ў званні палкоўніка. Я лічу, што вайсковая служба — не проста прывабны для мужчын занятак, а гэта выбар людзей, гатовых на самаахвяраванне. Не кожны здольны на гэта, для такой справы патрэбны ўнутраны парыў і ўсведамленне, што ты заўсёды належыш свайму народу і Радзіме, на абарону якіх ты будзеш гатовы ўстаць па першым клічы», — сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.