Адзіны дзень інфармавання «Памяць у імя будучыні», прымеркаваны да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце правяла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА.
Адзіны дзень інфармавання «Памяць у імя будучыні», прымеркаваны да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце правяла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА.
У Беларусі праўда пра трагічныя падзеі мінулага не падлягае ніякім рэвізіям і надзейна абараняецца ад скажэнняў. Захаванне гістарычнай праўды і памяці замацавана ў Канстытуцыі. Цяперашняе пакаленне нясе найвялікшую адказнасць за захаванне памяці, падкрэсліла ў пачатку сустрэчы спікер:
— У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла трэць насельніцтва, кожны трэці загінуў, і гэта не павінна больш ніколі паўтарыцца. Менавіта таму мы і абавязаны захоўваць гістарычную спадчыну і памяць аб тых выпрабаваннях, перадаваць гэту памяць з пакалення ў пакаленне, каб беларуская моладзь ганарылася героямі і патрыётамі нашай краіны.
Алена Маргунова нагадала аб тым вялікім комплексе разнапланавых патрыятычных мерапрыемстваў, які сёння рэалізуецца ў Беларусі. Асаблівая ўвага ў іх удзяляецца рабоце з моладдзю. Спікер звярнула ўвагу на тое, што сёння ў нашай краіне і праз мастацтва гавораць аб гісторыі, якую нельга забыць. Яскравы прыклад — канцэрт-рэквіем, які прайшоў па ўсёй Беларусі, а таксама ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і ў Рэспубліцы Казахстан. Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» сёння створаны шэраг новых фільмаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.

— Велізарную ролю ў гэтай справе адыгрываюць беларускія гісторыкі. Напрыклад, навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі падрыхтавалі каля 40 выданняў па тэме Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны. Працягваецца пошукавая і даследчая работа па ўстанаўленні і ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў. Па выніках архіўна-даследчых палявых пошукавых работ устаноўлены на сённяшні дзень і ўнесены ў пашпарты воінскіх пахаванняў звесткі аб 42 тысячах загінулых. З 2021 года 52-м асобна спецыялізаваным пошукавым батальёнам Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, удзельнікамі пошукавых грамадскіх аб’яднанняў, маладзёжных аб’яднанняў праведзены работы на 673 пошукавых аб’ектах. Выяўлена 480 няўлічаных пахаванняў ахвяр вайны, астанкі больш як 13 тысяч загінулых і ўстаноўлены звесткі аб іх, — прывяла даныя Алена Маргунова.
Па яе словах, цяжка пераацаніць значэнне рэспубліканскай акцыі «Вахта памяці». Гэта і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, і шэфская дапамога ветэранам, і работа з архівамі, і ганаровая варта на месцах пахаванняў герояў, і распрацоўка маршрутаў па месцах баявой славай. Таксама наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне ў рамках сумеснай работы вайсковых атрадаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэта маштабны беларуска-расійскі культурна-адукацыйны праект «Цягнік памяці», які ўключае не толькі культурна-адукацыйную праграму, але і элементы вайсковых работ, сустрэчы з ветэранамі, наведванне месцаў пахавання.

— Імёны герояў многіх нацыянальнасцяў ушанаваны ў назве праспектаў, вуліц. Кожны абеліск, кожны помнік беражліва захоўваецца. І вельмі важна для нашчадкаў захаваць кожны факт, — упэўнена Алена Маргунова.
Яна паведаміла, што ў сістэме Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі нарадзіўся свой патрыятычны праект:
— Супрацоўнікі збіралі звесткі па архіўных матэрыялах аб героях Вялікай Айчыннай вайны ў сваіх сем’ях. У нас атрымаліся вельмі цікавыя эсэ. Потым зрабілі ролікі, якія публікавалі ў нашым афіцыйным тэлеграм-канале, і выпусцілі кнігу «Родныя твары Перамогі».
Алена Маргунова перадала ў бібліятэку ўніверсітэта выданне аб родных і блізкіх супрацоўнікаў, ветэранах сістэмы дзяржстандарту, якія бралі актыўны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне як на фронце, так і ў партызанскіх атрадах.
Наталля КАПРЫЛЕНКА