Top.Mail.Ru

Дзень адчыненных дзярэй у суботу праводзяць многія ВНУ Беларусі


ВНУ Беларусі ў гэтым годзе прымуць каля 49,1 тыс. абітурыентаў

Установы вышэйшай адукацыі Беларусі ў гэтым годзе прымуць каля 49,1 тыс. абітурыентаў. 

Пры гэтым на бюджэт плануюць прыняць каля 33,1 тыс. першакурснікаў. Сярод іх 3,9 тыс. чалавек (11,8%) — будучыя педагогі, 3,7 тыс. (11,2%) — медыкі, 3,1 тыс. (9,4%) — аграрыі, практычна кожны чацвёрты, а гэта каля 7,7 тыс. (23,3%), — інжынеры.

21 сакавіка ў ВНУ і каледжах краіны праходзіць Адзіны дзень адкрытых дзвярэй. Маштабнае прафарыентацыйнае мерапрыемства арганізавана падчас вясновых канікулаў, яно аб’яднае ВНУ, каледжы і заказчыкаў кадраў краіны. У кожнай установе адукацыі распрацавана свая праграма, дзякуючы мерапрыемствам якой абітурыенты атрымаюць магчымасць загадзя азнаёміцца з будучай прафесіяй, паразмаўляць з выкладчыкамі і студэнтамі, а таксама задаць пытанні прадстаўнікам прыёмных камісій.

Аншлаг на Дні адкрытых дзвярэй ў БРУ 

З раніцы ў адным з самых папулярных ВНУ Магілёва — Беларуска-Расійскім універсітэце — было не прапіхнуцца. Шмат моладзі, у тым ліку з бацькамі, малодшымі сёстрамі-братамі. Як сям’я са Слуцка. У суправаджэнні дарослых зусім маленькая дзяўчынка ў віар-шлеме робіць зварачныя швы. Як высветлілася, Надзея прыехала разам з бацькамі і братам Іванам. 

— У нас тут дачка Анастасія вучыцца ўжо на другім курсе на інжынера зварачнай вытворчасці, — кажа Алена. — Я таксама вучылася ў Магілёве, хаця родам з Салігорска. Цяпер вось сын Іван прыглядаецца.  

Дарэчы, бацька сямейства Сяргей таксама атрымлівае тут вышэйшую адукацыю па зварачнай вытворчасці. Кажа, што вельмі сур’ёзнае ВНУ. Сын Іван утаропіўся ў буклецікі, якіх у яго руках цэлая пачка, нешта ўважліва вывучае. На пытанне, кім збіраецца стаць, адказвае, не адрываючы вачэй ад тэксту: «Мне шмат што падабаецца». 

Алена расказвае, што дачку наогул сюды не прывозілі спецыяльна. Яна сама паехала, паступіла і вучыцца.  

— Пра Дзень адкрытых дзвярэй даведаліся з сайта, — кажуць сямейнікі. — Прыехалі і не шкадуем. Цікава з першых вуснаў пачуць пра ўніверсітэт. 

Моладзь шчыльнай групкай абступіла сталы, дзе факультэты прэзентуюць свае магчымасці. Спакусаў так шмат, што можна разгубіцца з непрывычкі. Адзін з найбольш папулярных факультэтаў — машынабудаўнічы. Ён самы вялікі и запатрабаваны. Знаёмімся з дэканам факультэта Уладзімірам Шамянковым. 

— Нічога дзіўнага ў нашай папулярнасці няма, зараз уся эканоміка Рэспублікі Беларусь будуецца на металаапрацоўцы, — кажа ён. — Таму ўсюды, дзе ёсць нейкая тая ці іншая апрацоўка, патрабуюцца інжынеры нашага профілю. Дзень адкрытых дзвярэй гэта добры выпадак для будучых абітурыентаў як мага больш даведацца пра тыя спецыяльнасці, якія мы прапануем. Некаторыя рабяты, напрыклад, вагаюцца паміж некаторымі спецыяльнасцямі. І мы якраз тлумачым, чым адна адрозніваецца ад іншай, каб зарыентаваць іх і ім было прыемна ў нас вучыцца. 

— У гэтым навучальным годзе гэта ўжо другі Дзень адкрытых дзвярэй, які мы праводзім, — кажа першы прарэктар БРУ Дзмітрый Свірэпа. — Асобна праводзіўся Дзень адкрытых дзвярэй для інжынерных класаў. Ну, а зараз мы адкрылі свае дзверы для ўсіх абітурыентаў, якіх цікавіць машынабудаўнічы, аўтамеханічны, электратэхнічны, будаўнічы напрамак. Наша ВНУ ў асноўным тэхнічная і на Дні адкрытых дзвярэй прадстаўлены ўсе нашы спецыяльнасці. Прысутнічаюць дэканы факультэтаў, загадчыкі кафедраў. Мы выставілі ў фае наша абсталяванне, каб моладзь пазнаёмілася з тымі напрамкамі, на якія збіраецца паступаць.  

Першы прарэктар заўважае, што тэхнічны напрамак у абітурыентаў сёння вельмі папулярны. І Дні адкрытых дзвярэй дапамагаюць узяць усю неабходную інфармацыю, пагутарыць з выкладчыкамі, кіраўнікамі факультэтаў, кафедраў, прайсціся па аўдыторыях розных факультэтаў. 

Свае столікі з азнаямленчымі ўлёткамі выставілі і патэнцыйныя заказчыкі будучых маладых спецыялістаў. Гэта сур’ёзныя прадпрыемствы машынабудавання, іншыя суб’екты народнага гаспадарання.

Надзея Казлоўская прадстаўляла ААТ «Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудавання».

— Мы вельмі зацікаўлены ў маладых спецыялістах, якія рыхтуе гэты ўніверсітэт, — паведаміла яна. — Вельмі задаволены ўзроўнем падрыхтоўкі тутэйшых інжынераў і будаўнікоў. Я лічу, што для моладзі будаваць гарады і жыллё для будучых пакаленняў — гэта вельмі ганарова і перспектыўна. Сваімі рукамі яны будуць нараджаць сваю будучыню.

ААТ «Магілёўліфтмаш» наогул прапаноўваў моладзі заключаць дагавор і вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўцы.  

— Мы плануем заключаць мэтавыя дагаворы з абітурыентамі па розных спецыяльнасцях, каб потым яны прыйшлі да нас на работу, — паведаміла інжынер па падрыхтоўцы кадраў Таццяна Сцяпанава. — Агульная колькасць месцаў 12. Каб аформіць дагавор, трэба будзе, каб рабяты прыехалі на прадпрыемства непасрэдна з бацькамі. А таксама прывезлі з сабой характарыстыку звесткі пра сярэдні бал са сваёй навучальнай установы.  

Моладзь заахвочвалі і самі студэнты. Напрыклад, рабята з факультэта «Замежнае рэгіёназнаўства». На ўваходзе яны прапаноўвалі паўдзельнічаць у віктарыне, адказаць на розныя пытанні і ў якасці прызу ўручалі пранікі і абаранкі.  

— Прафесія наша шырокая, можна працаваць у розных сферах, таму што вывучаем шмат дысцыплін — мовы, культуру, паліталогію і гэтак далей, — падзяліліся другакурснікі Арцём і Ксенія. — Спецыяльнасць адносна новая — было толькі два выпускі. Падказваем рабятам, куды ісці, калі яны жадаюць вывучаць гуманітарныя дысцыпліны.  

Універсітэт цікавы яшчэ і тым, што пры ім існуе ваенная кафедра. Адначасова з грамадзянскай спецыяльнасцю рабяты атрымоўваюць і ваенную.  

— Універсітэт прыцягвае ўвагу тым, што рыхтуе па перспектыўных спецыяльнасцях, — падзялілася магіляўчанка Алеся. Яна прыйшла адна, каб даведацца, чым вну можа быць цікавай для яе дачкі, якая сёлета заканчвае школу. «У такім узросце дзеці яшчэ не разумеюць, кім яны б жадалі стаць, — заўважае Алеся. — І мая задача растлумачыць ёй, накіраваць, падказаць. А каб гэта не было галаслоўна, вырашыла падрыхтавацца. У прыярытэце меркаванне дзіця, я ёй толькі раскажу, а высновы зробіць ужо яна сама».  

На думку Алесі на такіх мерапрыемствах карысна пабываць нават адным бацькам. Каб потым разумець, пра што размаўляць з дзіця. 

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара

Аншлаг абітурыентаў у Віцебскім медуніверсітэце

На 105 чалавек павялічаны план прыёму ў ВДМУ ў параўнанні з мінулым годам. Ён складзе 845 чалавек супраць 740 летась, з іх на бюджэтнай аснове будзе прынята 820 чалавек. Мэтавая падрыхтоўка складзе 489 чалавек. 

У гэтым годзе ні ў водным медыцынскім універсітэце краіны на спецыяльнасці «Лячэбная справа», «Медыка-прафілактычная справа», «Стаматалогія» і «Педыятрыя» не будзе ажыццяўляцца прыём абітурыентаў на платнай аснове. Такая форма прыёму студэнтаў-медыкаў захоўваецца толькі на спецыяльнасці «Фармацыя», у ВДМУ гэта будзе 25 месцаў. 


У Віцебскі медыцынскі на «Лячэбную справу» плануецца залічыць 500 прэтэндэнтаў, на «Стаматалогію» — 170, на «Педыятрыю» — 50, на «Фармацыю» — 125. 
Такія факты агучыў на адзіным дні адчыненых дзвярэй рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў універсітэта Аляксей Чуканаў. Ён выказаў упэўненасць у паляпшэнні ўмоў для будучых студэнтаў, звязаўшы іх з павелічэннем кантрольных лічбаў прыёму, змяньшэннем колькасці платных месцаў і тым, што месцы ва аўдыторыях установы адукацыі зоймуць найлепш падрыхтаваныя, мэтанакіраваныя хлопцы і дзяўчаты. 

Цікаўнасць да абучэння менавіта ў ВДМУ пацвярджалася колькасцю моладзі, якая прыбыла на сустрэчу: у вялікай актавай зале не было вольных месцаў, многія стаялі ля сцен і ў праходах. Падчас дня адкрытых дзвярэй маладыя людзі мелі магчымасць атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія іх хвалююць напярэдадні ўступнай кампаніі 2026 года. 


Адбылося ўзнагароджванне пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд па біялогіі і хіміі. Уладальнікі дыпломаў I, ІІ і ІІІ ступеняў, а гэта 54 чалавекі, маюць права на залічэнне ў ВДМУ без уступных экзаменаў. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА, 
фота аўтара. 

«Любая спецыяльнасць — гэта найлепшы выбар»: чаму школьнікі хочуць вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце

Дзень адкрытых дзвярэй прайшоў 21 сакавіка ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, паведаміла БелТА.

Абітурыентаў пазнаёмілі з адукацыйнымі праграмамі, якія рэалізуюцца ў акадэміі, асаблівасцямі пазанавучальнай дзейнасці і матэрыяльна-тэхнічнай базай. Аміна Сасноўская цяпер вучыцца ў сталічнай гімназіі № 22 і ўпэўнена, што любая са спецыяльнасцяў Акадэміі кіравання — гэта найлепшы выбар для паступлення.

«Гэта запамінальны дзень — атмасфера акадэміі кожны раз захоплівае з галавой. Але сённяшні дзень сваёй актыўнасцю і бадзёрасцю вылучыўся безумоўна. Я даведалася шмат новага пра акадэмію, яе гісторыю і вучобу. Мяне прыцягваюць усе спецыяльнасці, дагэтуль не магу выбраць. Любая з іх — гэта найлепшы выбар», — падкрэсліла дзяўчына.


У абітурыентаў, бацькоў і ўсіх прысутных была ўнікальная магчымасць пагутарыць і задаць пытанні кіраўніцтву Акадэміі кіравання і Інстытута кіраўнічых кадраў, загадчыкам кафедр, патэнцыйным працадаўцам. Можна было даведацца ўсё пра парадак правядзення ўступнай кампаніі для атрымання першай, другой і наступнай вышэйшай адукацыі. Прадстаўнікі акадэміі падзяліліся інфармацыяй аб канкурэнтных перавагах спецыяльнасцяў, лічбах набору і прахадных балах, а таксама пра праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Школа кіравання».


Навучэнец сярэдняй школы № 2 г. Горкі Іван Гарбачэўскі ўжо з’яўляецца ўдзельнікам «Школы кіравання». «На мой погляд, Акадэмія кіравання — цудоўнае месца вучобы для людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Шырокае грамадскае і творчае жыццё навучальнай установы дазваляе фарміраваць адказнасць, стратэгічнае мысленне, уменне праяўляць ініцыятыву і даводзіць складаныя задачы да канца. Спецыялісты, якіх рыхтуе акадэмія, разумеюць філасофію дзяржаўнага будаўніцтва, валодаюць сучаснымі тэхналогіямі кіравання і гатовыя вырашаць задачы нацыянальнага маштабу», — адзначыў ён.

Гасцям падрабязна расказалі пра асаблівасці ўнутраных уступных іспытаў і гутарак, у тым ліку пра прафесійна-псіхалагічнае сабеседаванне, пра магчымасць вывучаць замежныя мовы і кошт навучання. Таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і органаў студэнцкага самакіравання пазнаёмілі дзяцей са сваёй дзейнасцю.

Адзінаццацікласніца Варнянскай сярэдняй школы Аляксандра Гануліч падзялілася, што мае намер паступаць на спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і права». «Хачу даведацца больш пра тое, як функцыянуюць механізмы ўлады ў нашай краіне, а таксама азнаёміцца з прафесіямі ў сферы кіравання і рэалізаваць сябе», — дадала яна.

Рэктар Акадэміі кіравання Дзяніс Дук падкрэсліў, што студэнцкае жыццё ва ўстанове адукацыі вельмі насычанае. «Вам тут будзе камфортна, выдатна і, як кажуць студэнты, драйвова. Гэта я вам абяцаю. У нас класныя выкладчыкі, крутыя студэнты. Атмасфера ўнікальная. Акрамя выкладчыкаў, да нас прыходзяць і кіраўнікі розных ведамстваў», — адзначыў ён.

Інжынерыя — гэта вельмі займальна  

Матэматычны склад розуму і чароўная сіла прафарыентацыі: рэпартаж з Дня адкрытых дзвярэй лідара тэхнічнай адукацыі Беларускага Палесся.  

Каля трохсот старшакласнікаў з розных куткоў краіны прыехалі даведацца пра правілы прыёму і пазнаёміцца ​​з навучальным працэсам Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога. На пачатку мерапрыемства ў ВНУ ўшанавалі і ўручыл дыпломы школьнікам пераможцам універсітэцкай алімпіяды па матэматыцы, якія цяпер змогуць паступіць сюды без уступных іспытаў. 


Пасля рэгістрацыі ў фае ВНУ абітурыенты і іх бацькі (многія прыехалі цэлымі вялікімі сем’ямі), разыходзіліся па аўдыторыях, дзе чакалі дэканы і выкладчыкі факультэтаў, а таксама студэнты, якія дзяліліся ўласным досведам паступлення. 

На факультэтах праводзілі экскурсіі па лабараторыях, дэманстравалі майстар-класы. Напрыклад, па абыходжанні з біянічным бабатам-сабакай, дзякуючы якому студэнты адпрацоўваюць розныя падыходы праграміравання. Ніхто не змог прайсці міма гэтай прэзентацыі.  


Дзесяцікласніца Адяксандра з Гомеля прыехала на Дзень адкрытых дзвярэй разам з мамай Аленай. 

— Ну што рабіць, матэматычны склад розуму! — на пытанне, чаму менавіта зацікавіліся гэтай ВНУ адказала школьніца. — Вырашыла, што ад мяне падказка, а далей яе дзеянні ўжо, — дадае мама Алена. — Вельмі добра, што праводзяць такія дні адкрытых дзвярэй. Але мы крыху разгубіліся, што ўсе ВНУ ў адзін дзень, хацелі б трапіць яшчэ ў адзін універсітэт, але адразу цяжка за раз ахапіць усё, шмат уражанняў, эмоцый. Ужо на наступны год, у 11 класе хочам зноў паўдзельнічаць у такім жа Дні адкрытых дзвярэй, — патлумачылі гамяльчанкі. 

Тут не засумуеш 

Вялікая колькасць старшакласнікаў і іх бацькоў сабраліся ў аўдыторыі, дзе праходзіла прэзентацыя факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм. Менавіта тут рыхтуюць будучых айцішнікаў. Дарэчы, самы высокі ў ВНУ прахадны бал — 349 — быў летась на гэтым факультэце, па спецыяльнасці «Праектаванне і распрацоўка інтэрактыўных і гульнявых прыкладанняў». 

— Гэта і праграмаванне, і праектаванне гульнявых дадаткаў, і класічнае праграмаванне, — заматывавана пералічае магчымасці навучання на гэтым факульутэце вучань 11 класа Рэчыцкай гімназіі Аляксей. У хлопца ў групе падтрымкі — мама Вольга: «Вызначыліся са спецыяльнасцю і ўніверсітэтам даўно. Сын не баіцца, упэўнены, што паступіць, я вядома вельмі хвалююся. Бо, калі дзіця паступае, натуральна, уся сям’я з ім разам праходзіць праз усё гэта эмацыянальна», — дзеліцца Вольга. 

На факультэце аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм, дарэчы, упершыню ў ВНУ сёлета будзе набор на спецыяльнасці, звязаныя з камп’ютарнай бяспекай. Зацікавіліся навачаннем у Гомелі менавіта па ІТ—спецыяльнасцям і госці з Магілёўшчыны.  


Паліна і тата Юрый, каб паспець на Дзень адкрытых дзвярэй, з раніцы на сваёй машыне дабіраліся ў Гомель з Бабруйска. Адзінаццацікласніца падзялілася, што літаральна гэтымі днямі асабіста перажыла чароўную сілу прафарыентацыйнай работы ў нашай краіне. 

— Да нас у школу на ўрок прыйшлі хлопцы, якія ўжо паступілі і вучацца ў Гомельскім універсітэце імя П. В. Сухога. Увечары прыйшла дадому, распавяла бацькам аб гэтым, раніцай мы з татам ужо ў дарогу, — кранальна сваю гісторыю першага знаёмства і з Гомелем, і з ВНУ растлумачыла дзяўчына. Яна прызналася, што не баіцца ехаць вучыцца ў іншы горад, жыць у інтэрнаце, але марыла б пасля вучобы вярнуцца працаваць ужо спецыялістам да сябе на малую радзіму. 

— Мы з дачкой пазнаёміліся загадзя на сайце з факультэтамі ВНУ, паглядзелі, якія прахадныя балы былі ў мінулым годзе, нас усё задавальняе тут, — пракаментаваў тата школьніцы. 

Прафарыентацыя — гэта пастаянная сістэмная праца. Так мэту ў тым ліку правядзення Дня адкрытых дзвярэй у ВНУ абазначыў прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога Рыгор Петрышын. 

— Усё робіцца для таго, каб школьнікі зразумелі, цікава ім нашы кірункі навучання ці не, убачылі, што інжынерная прафесія — гэта не сумна, а вельмі займальна, — падкрэсліў Рыгор Петрышын. — Сучасны інжынер — гэта сёння не толькі пра работу на буйным прамысловым прадпрыемстве. Пры наяўнасці ведаў і сучаснага тэхналагічнага абсталявання сучасны інжынер здольны арганізаваць вытворчасць літаральна з любой стартавай пляцоўкі і самымі малымі сіламі., — перакананы Рыгор Валянцінавіч. 

Інжынеры новага часу

Па яго словах набор ва ўніверсітэце традыцыйна ідзе па пяці асноўных напрамках: энергетыка, машынабудаванне, аўтаматызаваныя і інфармацыйныя сістэмы, гуманітарна-эканамічны і механіка-тэхналагічны.

— Машынабудаўнічыя спецыяльнасці, дырэчы, у нас — з акцэнтам на новую адукацыйную праграму. Усе спецыяльнасці, звязаныя з апрацоўкай матэрыялаў зараз абавязкова маюць унутры курсы па праграмаванні і робататэхніцы. Гэта значыць, што сучасная тэхналогія машынабудавання — гэта не проста апрацоўка металу, гэта веды асноў праграмавання, сучаснага абсталявання з лічбавым кіраваннем, як спраектаваць і запраграмаваць сучаснае абсталяванне і прамысловага робата, — дадае суразмоўца. 

Не менш сучасны падыход рэалізуюць і на механіка-тэхналагічным факультэце ВНУ, дзе цяпер навучаюцца ў тым ліку 3D-мадэляванню, 3D- пячаццю, адытыўным тэхналогіям (метад стварэння трохмерных аб’ектаў), прычым як у прамысловасці (друк пластыкам, металамі), так і сучасных ліцейных кірунках.  

— Гэта вось тое, што называецца на вастрыі новых тэхналогій. Гэта тыя тэхналогіі, якія зараз прымяняюцца ва ўсім свеце і дазваляюць атрымліваць нарыхтоўкі максімальна набліжаныя да гатовых вырабаў, якія не трэба апрацоўваць. Гэта значыць, што нашы класічныя факультэты, захаваўшы свой напрамак забеспячэння патрэбнасці ў інжынерных кадрах нашай апрацоўчай прамысловасці, пераходзяць на новы тэхналагічны ўзровень, і мы набліжаемся да падрыхтоўкі інжынераў па тэхналогіі індустрыі 4.0. Гэта ўжо інжынеры, які валодаюць не толькі апрацоўкаў, але сістэмамі аўтаматызацыі вытворчасці, аўтаматызацыі праектавання, — асабліва падкрэсліў высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў ВНУ Рыгор Петрышын. 

Усяго сёлета ГДТУ імя П. В. Сухога плануе набраць 505 студэнтаў на бюджэтную і 74 — на платную форму навучання. На Дні адкрытых дзвярэй тут абітыруенты таксама пазнаёміліся з магчымасцямі мэтавага набору. Ва ўніверсітэт запрасілі вядучых спецыялістаў прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну, каб яны расказалі пра сваю работу і зацікавілі будучых маладых спецыялістаў. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю