Top.Mail.Ru

Дзень добрых спраў прайшоў на Гомельшчыне

Жыхары вобласці аб’ядналіся, каб прывесці ў парадак сацыяльна значныя аб’екты: воінскія пахаванні, мемарыялы, набярэжныя, паркі, скверы, зоны адпачынку, а таксама месцы агульнага карыстання, дваравыя тэрыторыі.

У рэгіёне праходзіць акцыя «Дзень добрых спраў», прымеркаваная да Дня народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь. Да добраўпарадкавання роднага краю далучыліся ўсе раёны Гомельскай вобласці.

У Рэчыцкім раёне працоўны дэсант актывістаў працаваў над навядзеннем парадку ў аграгарадку Ровенская Слабада. Тут увагу засяродзілі на добраўпарадкаванні воінскага пахавання, сквера і іншых грамадскіх зон. У Рэчыцы члены раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый удзельнічалі ва ўборцы і азеляненні адной з галоўных вуліц горада — Светлагорскай шашы, высадзілі туі ўздоўж дарогі.

Да акцыі актыўна далучыўся і Гомель. У Навабеліцкім раёне актывісты БРСМ сумесна з прадстаўнікамі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта добраўпарадкоўвалі зону адпачынку «Пруды», дзе стварана камфортная і чыстая атмасфера для жыхароў і гасцей абласнога цэнтра.

Значная ўвага нададзена захаванню духоўнай і гістарычнай спадчыны. Акцыю падтрымалі актывісты Жлобінскай раённай арганізацыі БРСМ, якія правялі дабрачынную ініцыятыву «Аднаўленне святынь Беларусі. Сіла ў адзінстве!». Так, моладзь Жлобіншчыны — навучэнцаў металургічнага каледжа і работнікі БМЗ, дапамаглі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі храма Святой Жываначальнай Тройцы.

На Гомельшчыне акцыя «Дзень добрых спраў», прымеркаваная да Дня народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь, аб’яднала намаганні розных пакаленняў ва ўмацаванні адзінства і грамадзянскай адказнасці: сумесная праца згуртавала маладзёжныя арганізацыі, працоўныя калектывы, прадстаўнікоў дэпутатскіх корупсаў раёнаў, грамадскія аб’яднанні. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота dneprovec.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю