Top.Mail.Ru

Дзень моладзі беларусаў свету прайшоў у Мінску

V Фестываль мастацтваў беларусаў свету сабраў у Беларусі нашых суайчыннікаў з 13 краін свету.

Сярод яго ўдзельнікаў сёлета багата дзяцей і моладзі. Пераважна гэта прадстаўнікі таго пакалення беларусаў, якое нарадзілася за мяжой, любоў да беларускай культуры і традыцый яны перанялі ад сваіх бацькоў і дзядоў. Сярод удзельнікаў фестывалю мастацтваў свету былі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія прымкнулі да беларусаў, захапіліся нашай культурай, пачалі спяваць па-беларуску, як, напрыклад, сужэнцы з Італіі. 

Хлопцы і дзяўчаты з’яўляюцца ўдзельнікамі вакальных і танцавальных калектываў, а часам і сямейных ансамбляў, дзе народныя песні спяваюць бацькі, дзяды і ўнукі. Сваёй творчасцю маладыя людзі змаглі падзяліцца падчас Гала-канцэрта, які прайшоў у Мінскім гарадскім палацы культуры.

Упершыню ў рамках фестывалю праводзіўся Дзень моладзі, калі юныя беларусы замежжа змаглі не толькі пабываць з экскурсіямі ў розных установах, але і паўдзельнічаць у дыялогавай пляцоўцы «Нас аб’яднала Беларусь», што прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы. 

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Хачкова расказала, што дадаць такі дзень у праграму фестывалю прымусіла само жыццё. У наш час расце запыт на ідэнтычнасць. У цэнтр паступае багата пытанняў менавіта ад моладзі, якая хоча вывучаць і развіваць беларускую культуру ў краінах свайго пражывання. Хлопцы і дзяўчаты цікавяцца, як праводзіць абрады, каляндарныя святы, просяць дапамагчы з рэпертуарам, перакладам. У розных аб’яднаннях беларусаў свету вывучаюцца мова, вышыўка, традыцыі, рамёствы. Некаторыя маладыя ўдзельнікі самі шыюць сабе строі.

Падчас дыялогавай пляцоўкі хлопцы і дзяўчаты падзяліліся, што пра традыцыі яны могуць распытаць старэйшых прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў, пачытаць у літаратуры, якую атрымліваюць дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, але часта не хапае «нагляднасці». Калі яны спрабуюць адрадзіць пэўны абрад ці правесці свята, менавіта так, як гэты было ў старыя часы, заўважаюць, што ўсплываюць розныя нюансы, часам не зразумела, як «тэхнічна» выконваюцца пэўныя элементы. Калі яны развучваюць аўтэнтычныя песні, сустракаюць у іх рэгіянальныя словы, якіх няма ў літаратурнай мове, ці дзе націск стаіць на іншых складах. Маладыя суайчыннікі жадаюць прэзентаваць нацыянальную культуру на высокім ўзроўні, захоўваць традыцыі, вывучаць новыя элементы і дадаваць іх у свае праграмы. Дарэчы, святы беларусаў у розных кутках свету збіраюць багата гледачоў, сярод якіх — прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Напрыклад, у Башкартастане на Купалле, арганізаванае нашымі суайчыннікамі, сёлета пабывала каля 10 тысяч гасцей. Многія з іх спецыяльна для свята набывалі вышыванкі. 

Моладзь разумее, што вывучаючы традыцыі, рамёствы і фальклор, яна адкрывае новыя бакі беларускай культуры. Хлопцы і дзяўчаты гатовыя дзяліцца гэтымі адкрыццямі, праводзіць цікавыя мерапрыемствы і майстар-класы, уражваць беларускім каларытам і пры гэтым быць сапраўднымі амбасадорамі сваёй краіны, трансліраваць наша імкненне да міру, згоды і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. 

Падчас дыялогавай пляцоўкі былі ўзняты пытанні аб стварэнні маладзёжнага савета беларусаў свету пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, арганізацыі заняткаў па беларускай культуры. Вольга Хачкова прапанавала юным гасцям далучацца да праекта «Даступныя традыцыі», дзе ан-лайн расказваецца пра святы, майстры з Беларусі праводзяць майстар-класы па розных відах рамёстваў. Хлопцы і дзяўчаты падтрымалі прапанову аб правядзенні маладзёжных стажыровак і фестываляў беларусаў свету, папрасілі болей праводзіць міжнародных конкурсаў, у тым ліку ў анлайн фармаце, калі яны змогуць дзяліцца сваёй творчасцю і знаёміцца з дасягненнямі іншых. Падчас дыялогавай пляцоўкі прадстаўнікі маладзёжнага парламенту Беларусі і Нацыянальнага агенцтва па турызму прапанавалі гасцям рабіць сумесныя цікавыя праекты, напрыклад, міжнародныя тэлемасты, ці азнаямляльныя туры для маладых трэвел-блогераў, якія змогуць пазнаёміцца з турыстычным патэнцыялам Беларусі і праз уласныя відэасюжэты расказаць пра яго ў краінах свайго пражывання.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ 



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю