Top.Mail.Ru

Дзень Незалежнасці ўрачыста адзначае ўся краіна

З раніцы 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, па ўсёй краіне праходзяць святочныя мерапрыемствы, у тым ліку ўрачыстыя цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў.



Урачысты цырыманіял ускладання вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны сабраў тысячы гараджан і гасцей паўночнай сталіцы. Роўна за тыдзень да Дня Рэспублікі яны святкавалі дзень вызвалення самога Віцебска. Напрыканцы чэрвеня 1944-га сустракаць чырвонаармейцаў з руін горада выбраліся ўсяго 118 чалавек. Сёння аб гэтым напамінаюць 118 жывых струменяў фантана на плошчы Перамогі. А тады шчаслівая вестка аб вызваленні Мінска пацвердзіла: вораг канчаткова сагнаны з нашай роднай зямлі, умацавала веру ў напазбежную перамогу над фашысцкай Германіяй.


— Мой бацька, былы партызан атрада «Смерць фашызму» брыгады імя Варашылава, што дзейнічала ў Полацка-Лепельскай зоне, Пётр Мароз, святкаваў 3 ліпеня як дзень вызвалення Беларусі па закліку сэрца яшчэ ў савецкія часы. Ён са слязьмі на вачах і ў голасе перадаваў запавет памятаць і адзначаць гэты дзень сваім дзецям і ўнукам, бо «столькі, сколькі перажыў і вытрываў беларускі народ, не выпала на долю ніводнага іншага народа», — падзялілася ўспамінамі жыхарка Віцебшчыны Валянціна Яўланава.

 

Наказ спадчынадаўцаў спраўдзіўся ў суверэннай Беларусі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адзначаецца 3 ліпеня па волі нашага народа як сімвал мужнасці і патрыятызму. Гэта свята здабыта вельмі вялікай цаной, жыццём кожнага трэцяга беларуса. Іх памяць удзельнікі жалобнага мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання. 

 

— Знаходзячыся на свяшчэнным для нас месцы — плошчы Перамогі, хачу звярнуцца да кожнага. Вы — апора краіны, і за вамі будучыня. Якой яна будзе, залежыць толькі ад нас. Заклікаю берагчы мір і павышаць дабрабыт любімай Беларусі! — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасцей старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік.


Урачыстае шэсце ў Гомелі, прысвечанае Дню Незалежнасці і 82-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аб’яднала больш за 20 тысяч жыхароў і гасцей Гомеля.


У вялікай калоне — ветэраны, кіраўніцтва вобласці і гарадоў, парламентарыі, ганаровыя жыхары рэгіёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, палітычных партый, інтэлігенцыя, спартсмены, моладзь. Маршрут шэсця — ад плошчы Паўстання да плошчы Працы.

На плошчы Працы на ўрачыстым мітынгу ля Вечнага агню ўдзельнікі ўшанавалі памяць герояў-вызваліцеляў хвілінай маўчання, усклалі кветкі і вянкі да брацкай магілы воінаў і падпольшчыкаў.


У даце 3 ліпеня трывалая нітка — ад вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны да сённяшняга развіцця, падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

«У гэтым свяце вельмі глыбокі сэнс. Гэта свята, калі мы аддаём даніну глыбокай павагі пакаленню пераможцаў, прадстаўнікі якога заваявалі Перамогу, прынеслі свабоду, незалежнасць роднай зямлі. Пакаленню, дзякуючы якому сёння мы жывём у мірнай краіне», — сказаў Іван Крупко.




«Нам ёсць кім і чым ганарыцца: мы стварылі моцную квітнеючую дзяржаву, захавалі шматвяковую гістарычную самабытнасць і багатую культурную спадчыну. Мы жывём у мірнай краіне», — адзначыў у сваім выступленні старшыня Гомельскага гарвыканкама Руслан Пархамовіч.


У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» на святочны мітынг з нагоды Дня Незалежнасці сабраліся больш за 1,5 тыс. жыхароў і гасцей горада.

Да крэпасці брэстаўчане ставяцца з адмысловымі пачуццямі. Сюды мясцовыя жыхары прыходзяць у значныя для краіны і горада дні. Так сучаснікі выказваюць удзячнасць абаронцам Айчыны, якія адваявалі свабоду роднай зямлі. На плошчы Цырыманіялаў адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі вобласці і горада, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, святары, дыпламаты. Прысутныя ўсклалі кветкі да Вечнага агню, ушанавалі хвілінай маўчання памяць герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Айчыны.


«3 ліпеня 1944 года стала не толькі датай вызвалення сталіцы нашай Радзімы. Гэты дзень стаў сімвалам выпакутаванай свабоды беларускага народа, яго права жыць на сваёй зямлі, гаварыць на роднай мове, гадаваць дзяцей, будаваць будучыню і самастойна вызначаць свой лёс», — падкрэсліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык.


У сваіх злачынных планах нямецка-фашысцкія захопнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны не пакідалі будучыні беларускаму народу. Большую частку насельніцтва яны хацелі знішчыць, а астатніх зрабіць рабамі. «Але вораг пралічыўся. Ужо ў першыя гадзіны вайны ён сутыкнуўся з тым, што не маглі прадугледзець ніякія ваенныя разлікі, — нязломнай воляй людзей, гатовых стаяць да канца. У Брэсцкай крэпасці быў здзейснены подзвіг, які назаўжды змяніў уяўленне свету аб сіле духу савецкага салдата. Абаронцы крэпасці не проста абаранялі крэпасці свабодна», — адзначыў Пётр Пархомчык.




«На жаль, Брэсцкая крэпасць зноў вядзе бой, толькі цяпер — за гістарычную праўду. Асобныя палітыкі на Захадзе спрабуюць перапісаць гісторыю, паставіць знак роўнасці паміж вызваліцелямі і катамі, прынізіць вырашальны ўклад савецкага народа ў Перамогу, апраўдаць нацызм і яго саўдзельнікаў. Мы не дазволім гэтага зрабіць», — канстатаваў кіраўнік Брэсцкай вобласці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю