Усяго кантынентальны форум сабраў 368 штангістаў з 52 краін Еўропы, у склад нашай каманды ўвайшлі па пяць мужчын і жанчын. Першымі з беларускіх удзельніц на памост выйдуць Дыяна Майсеевіч і Аліна Шчапанава, якія 21 красавіка паспрачаюцца за медалі ў вагавой катэгорыі да 63 кг. Увечары таго ж дня на турніры выступіць Ягор Папоў (да 71 кг).
У сераду спаборнічаць у Батумі будуць Сюзана Валадзько (да 69 кг) і Вадзім Ліхарад з Андрэем Фраловым (абодва — да 79 кг). Таксама на турнір заяўлены беларусы Пётр Асаёнак (23.04, да 88 кг), Дар’я Хейдэр (24.04, да 86 кг), Сяргей Шаранкоў (25.04, да 110 кг) і Алена Бондзікава (26.04, звыш 86 кг).
На леташнім чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіў у Малдове, нашы спартсмены заваявалі сем медалёў — тры залатыя, адзін сярэбраны і тры бронзавыя.