Top.Mail.Ru
99

Дзесяць новых ясельных груп адкрыюць у Мінску ў падарунак да вясны

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня Мінск робіць падарунак не толькі жанчынам, але і самым маленькім гараджанам. З 1 сакавіка ў сталіцы адкрываецца дзесяць дадатковых груп для дзяцей ва ўзросце ад года да двух.



На дадзены момант у Мінску ўжо функцыянуе каля 110 такіх груп, і яны працуюць ва ўсіх раёнах горада. Аднак гэтага аказалася недастаткова: сучасныя бацькі ўсё часцей хочуць выходзіць на працу раней, чым дзіцяці споўніцца тры гады.

Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна расказала, што сістэма адукацыі ў Мінску пастаянна развіваецца пад патрэбы дзяржавы і эканомікі, і трэба даць магчымасць нашым маці выйсці як мага раней на працу.

«Таму ўрад паставіў задачу адкрыць групы для дзяцей ранняга ўзросту з года да двух. Гэтую задачу пачалі выконваць крыху раней. Сёння працуе 110 такіх груп ва ўсіх раёнах Мінска. І да 1 сакавіка адкрыем яшчэ 10 груп у тых установах дашкольнай адукацыі, дзе ёсць неабходнасць», — патлумачыла спецыяліст.

Як паведаміла Марына Ільіна, у рэжыме рэальнага часу можна самастойна адсочваць наяўнасць свабодных месцаў у яслях. Гэта можна ўбачыць на інтэрактыўнай карце сайта камітэта па адукацыі. 

Старшыня камітэта адзначыла, што дадатковыя ясельныя групы — гэта не толькі стварэнне фізічнай прасторы з бяспечнымі ўмовамі для развіцця малых, у тым ліку наяўнасць спецыяльнай мэблі, гэта і навучанне педагогаў, якія будуць прымяняць веды ў рабоце з дзецьмі ранняга ўзросту.

Марына Ільіна патлумачыла, што гэтыя групы малаколькасныя — каля дзесяці выхаванцаў, бо малым неабходны асаблівы догляд. Яслі працуюць па звычайным графіку. Таму мамы змогуць заняцца сабой, мець пэўную перадышку. Але галоўная задача, па меркаванні старшыні камітэта, — прыйсці ў эканоміку горада. «На сённяшні дзень у сталіцы няма груп з кругласутачным знаходжаннем, як было некалі. Магчыма, гэта наступны этап», — дадала яна.

Надзея ЗУЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю