У суботу, 31 мая, 10-гадовы жыхар Мінска паспрабаваў зрабіць сэлфі, забраўшыся на падножку вагона цягніка Орша — Мінск. Але замест эфектнага фота атрымаў сур’ёзныя траўмы.
У той момант цягнік быў на прыпынку ў аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна.
Як расказалі ва УУС Мінаблвыканкама, калі цягнік пачаў рух, дзіця спалохалася і саскочыла, атрымаўшы адкрыты пералом галёнкі і адкрытую чэрапна-мазгавую траўму.
Цяпер міліцыя праводзіць праверку.
- Ва УУС нагадалі, што за пасадку ў цягнік або высадку з яго падчас руху, праезд на падножцы ці даху вагона прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па ч. 1 ст. 18.3 КаАП. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае штраф да трох базавых велічыняў.
Адзначым, што траўмы і смяротныя выпадкі на чыгунцы не рэдкія. Так, у сакавіку 2025 года ў Смаргоні пад коламі цягніка загінуў 14-гадовы падлетак. Ён знаходзіўся на чыгуначных пуцях і не рэагаваў на гукавыя і светлавыя сігналы цягніка. Верагодна, быў у навушніках.
У 2015 годзе сэлфі на даху цягніка скончылася для школьніцы з Пружанскага раёна рэанімацыяй — яна атрымала ўдар электрычным токам.
У 2017 годзе ў Наваполацку загінуў малады хлопец, які спрабаваў зрабіць экстрэмальнае сэлфі, забраўшыся на апору ЛЭП.