У кнізе, выпушчанай выдавецтвам «Беларусь», распавядаецца пра складаныя лёсы дзяцей, якія ў малалетнім узросце пацярпелі ад лютага фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны сталі сведкамі жудасных падзей, многім давялося прайсці праз канцлагеры і турмы гестапа, гета. На іх долю выпала безліч пакут, але яны выстаялі, выжылі, не скарыліся.
Унікальнае выданне ўражвае сваёй маштабнасцю, кніга ўключае 6 раздзелаў: «Дзеці ў канцэнтрацыйных лагерах і лагерах прымусовай працы», «Дзеці блакаднага Ленінграда», «Дзеці вайны ― сыны палкоў і партызанскіх атрадаў», «Дзеці вайны ― сувораўцы і нахімаўцы», «Дзеці вайны ― заваёўнікі космасу», «Дзеці вайны ― прызёры Алімпійскіх гульняў».
Юныя героі кнігі не толькі з годнасцю вынеслі ўсе выпрабаванні ваеннага ліхалецця, але і актыўна ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні краіны, многае зрабілі для яе росквіту і ўмацавання аўтарытэту на міжнароднай арэне. «Дзеці вайны сталі дастойнымі нашчадкамі Вялікай Перамогі», ― падкрэсліў адзін з аўтараў Ілья Караблікаў.
Ілья Макаравіч упершыню ў жыцці пабачыў маці, Блюму Іосіфаўну Караблікаву, напярэдадні свайго 80-годдзя на фота. А знайшоў яго стрыечны брат з Нью-Ёрка ў сямейным архіве. Нарадзіўся І. М. Караблікаў перад самай вайной. У чэрвені 1941-га хлопчыку споўнілася ўсяго чатыры месяцы. Трагічны лёс адабраў у Ільі матулю, калі яму яшчэ не было нават і паўгода. Яна загінула пад Вільнюсам у Панарах ― асноўным месцы масавага знішчэння яўрэяў нацыстамі ў Літве ў гады Другой сусветнай вайны ― разам са сваімі бацькамі, сястрой і братам. Маленькі хлопчык цудам застаўся жывы, бо карнікі бязлітасна распраўляліся і з дзецьмі. Родныя хавалі яго ў паддувале вялікай печы, калі прыходзілі немцы. Дзеля канспірацыі ў Ільі з’явілася новае імя Аляксей, а цётку Фяцінью ён пачаў называць мамай. Бацька хлопчыка, Макарый Кляменцьевіч Караблікаў, быў другім сакратаром падпольнага камітэта Кампартыі Літвы ў Вільнюсе. Дзякуючы яму з гета вывелі больш за 80 вязняў. Праз некаторы час Макарый Кляменцьевіч даведаўся, што яго грамадзянская жонка ў вільнюскім гета нарадзіла яшчэ адно дзіця. Яго неабходна было ратаваць, паколькі па ўказанні каменданта маці з нованароджаным адразу пазбаўлялі жыцця. Цётка Фяцінья прыдумала план, каб выратаваць немаўля: яго ўначы спусцілі ў кошыку з другога паверха будынка на тэрыторыі гета. Так у Ільі Караблікава з’явіўся малодшы брат, Сяргей Караблікаў-Каварскі, які цяпер жыве ў Ізраілі.
Еўдакія Караблікава і яе дачка Фяцінья ўдастоены Ганаровага звання Праведнікаў народаў свету, іх імёны ўвекавечаны на сцяне Саду памяці ў Іерусаліме за выратаванне Ільі і Сяргея ― яўрэйскіх дзяцей.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецтва «Беларусь» Аляксандр Карлюкевіч сказаў пра кнігу: «Гэта памяць аб нашых продках — дзядах і прадзедах, якія адстаялі Радзіму перад тварам фашызму, гэта памяць аб Вялікай Айчыннай вайне».
Варта адзначыць, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры таксама ўнёс свой уклад у работу над выданнем. Студэнты факультэтаў менеджменту, спорту, турызму і гасціннасці, аздараўленчай фізічнай культуры пад кіраўніцтвам аўтара гэтых радкоў, старшага выкладчыка кафедры беларускай і рускай моў, прынялі ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялаў раздзела «Дзеці вайны ― прызёры Алімпійскіх гульняў». У кнігу ўвайшлі славутыя імёны: Аляксандр Мядзведзь, Эдуард Малафееў, Рыта Ачкіна, Міхаіл Крываносаў, Леанід Гейштар і іншыя.
У гэтым раздзеле расказваецца пра складанае ваеннае жыццё, тытанічную працу над сабой і, вядома, перамогі нашых славутых спартсменаў, прыведзены біяграфічныя даведкі.
Аляксей Талай, рэкардсмен Еўропы і свету па паралімпійскім плаванні, адзначыў у сваім выступленні: «Праз кнігу мы знаёмімся з нашымі пераможцамі, нават з тымі, чые імёны не такія вядомыя, як яны гэтага заслугоўваюць. Мы дакранаемся да іх шляху, мэтанакіраванасці, перамогі. І самі ад гэтага становімся мацнейшымі, больш матываванымі і мэтанакіраванымі. Дадзеная кніга будзе карыснай маладым спартсменам і ўсім, хто ў сілу розных жыццёвых абставін страціў арыенцір і вырашыў, што не зможа. Немагчымае магчыма! Сіла духу ― вось пра што гэтая кніга!»
Для І. М. Караблікава праца над кнігай з’яўляецца сэнсам яго жыцця. Сапраўды, было шмат цяжкасцей, таму ад нараджэння ідэі да выхаду доўгачаканай кнігі ў свет прайшло дваццаць гадоў.
Укладальнікі ўпэўнены, што выданне будзе ацэнена сучаснікамі. Жыццёвыя лёсы дзяцей вайны павінны крануць душу кожнага чытача і пакінуць нязгасны след у сэрцах усіх, хто судакранецца з гэтай споведдзю.
На жаль, зусім няшмат на сённяшні дзень застаецца сведкаў той вайны. Давайце ўсе разам атулім іх сваёй дабрынёй, цеплынёй і любоўю ― гэта самае каштоўнае і важнае, што мы ў стане зрабіць, пакуль яны ― нашчадкі Вялікай Перамогі ― побач з намі.
Вераніка КАЛАМІЙЦАВА
Фота дасланы аўтарам