У новай частцы Джэк Верабей можа стаць другарадным персанажам.
Джоні Дэп вядзе перагаворы аб удзеле ў новай частцы «Піратаў Карыбскага мора». Пра гэта прадзюсар франшызы Джэры Брукхаймер паведаміў выданню Deadline.
«Мы вядзём перагаворы з Джоні [Дэпам], працуем над сцэнарыем, і, спадзяюся, нам удасца гэта зрабіць», — расказаў Брукхаймер.
Іншыя крыніцы з кінаіндустрыі паведамілі, што шосты фільм франшызы будзе прысвечаны галоўнай гераіні ў выкананні Марго Робі, а Джэк Верабей стане другарадным персанажам.
Пра тое, што Дэп можа вярнуцца да ролі Джэка Вераб’я, Брукхаймер заяўляў у жніўні 2025 года. «Калі яму спадабаецца, як напісана роля, думаю, ён пагодзіцца. Як мы ўсе ведаем, усё залежыць ад сцэнарыя», — заявіў ён тады.
Раней аб сваім жаданні сыграць у новым фільме франшызы «Піраты Карыбскага мора» расказваў Арланда Блюм. Акцёр хацеў бы зноў выканаць ролю Уіла Цёрнэра.
Чутка аб тым, што Disney хоча зняць яшчэ адну частку знакамітай серыі фільмаў, ходзяць не адзін год. Праект доўгі час адкладаўся студыяй з-за змен у сцэнарыі, пандэміі СOVID-19, cкандальнага разводувыканаўцы галоўнай ролі Джоні Дэпа і яго «адмены» ў Галівудзе.
Апошняя частка франшызы, «Піраты Карыбскага мора: Мерцвякі не расказваюць казкі», выйшла ў 2017 годзе. Яе зборы сталі найменшымі сярод усіх карцін франшызы: фільм зарабіў $795,9 млн па ўсім свеце. Усяго дзякуючы «Піратам Карыбскага мора» кампанія Disney зарабіла $4,5 млрд на пракаце.