Top.Mail.Ru

Дзікая прырода Беларусі стала крыніцай натхнення для фотамайстра

Па спецыяльнасці Уладзімір Пакалевіч — аўтаслесар, зараз працуе будаўніком. А па прызванні ён — сапраўдны мастак.


Гэта разумееш, гледзячы на яго фотаздымкі прадстаўнікоў дзікай прыроды Беларусі. Яны не проста тэхнічна бездакорныя. Аўтару атрымоўваецца злавіць цудоўнае імгненне з жыцця жывёл, адлюстраваць іх характар і сваё захапленне імі. Фотавыставы Уладзіміра Пакалевіча праходзяць у бібліятэках, кінатэатрах і нязменна знаходзяць эмацыйны водгук у публікі. Многія наведвальнікі ў кнігах водгукаў прызнаюцца: да сустрэчы з яго працамі і не падазравалі, наколькі багатая і дзіўная фауна роднай краіны. Пра хобі, якое дорыць дзіўныя адкрыцці, робіць жыццё па-сапраўднаму цікавым, расказаў член Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі Уладзімір Пакалевіч. 

Цудоўная сустрэча 

— Фатаграфіяй я захапіўся 12 гадоў таму. Спачатку здымаў усё запар. А потым адбылася цудоўная сустрэча. Я даўно жыву ў Мінску, але рэгулярна наведваюся ў бацькоўскую хату ў вёсцы Буда-Грэская ў Слуцкім раёне. І вось аднойчы ў лесе нечакана сутыкнуўся з казуляй. Убачыўшы мяне, яна спачатку застыла, а потым рэзка адскочыла. І ўсё ж я паспеў яе сфатаграфаваць. І хоць кадр атрымаўся тэхнічна бракаваным, але гэты выпадак заахвоціў мяне заняцца фотапаляваннем. Зразумеў: можна зрабіць выдатныя здымкі, калі толькі старанна падрыхтавацца. Пачаў шукаць інфармацыю аб патрэбнай апаратуры, аб’ектывах, прыёмах прыцягнення жывёл і птушак. Пазнаёміўся з досведам бывалых фотапаляўнічых, паступова назапашваў уласны. Нават не заўважыў, як новае хобі захапіла мяне з галавой. Сёння без яго ўжо не магу ўявіць свайго жыцця. 

Спыніся, імгненне!

— Побач з нашай вёскай — лес, недалёка размешчаны паляўнічыя ўгоддзі, дзе разводзяць аленяў. Пачынаю падрыхтоўку да здымкі заўсёды са збору інфармацыі аб звярах і птушках, якіх маю намер фатаграфаваць. Потым распрацоўваю дэталёвы алгарытм дзеянняў. Напрыклад, устанавіў фотапастку ў нары барсукоў, якія выходзяць з яе толькі ноччу. Планую вывучыць іх паводзіны і «зладзіць фотасесію». Аднавяскоўцы расказвалі, што бачылі ў лесе рысь. Нядаўна прайшла чутка, што ў нашых наваколлях заўважалі і мядзведзя. Хацелася б адсачыць гэтых насельнікаў і папоўніць іх здымкамі сваю калекцыю. За гады фотапалявання я рабіў розныя хованкі, якія дазвалялі, застаючыся незаўважным для жывёл, падбірацца да іх максімальна блізка. Пабудаваў зямлянку, якая не вылучаецца на фоне ландшафту і дазваляе ўстанавіць аб’ектыў на ўзроўні птушак, якія апускаюцца на зямлю. 

Звычайна ўстаю за 2 гадзіны да ўзыходу сонца. Бяру з сабой тэрмас з гарбатай, перакус і адпраўляюся ў сховішча. Часам уначы здымаю з успышкай соў і казадояў, якія актыўнічаюць пад полагам цемры. Падабаецца ўзімку фатаграфаваць беркутаў і арланаў. Размяшчаю побач з зямлянкай корч, на які яны маглі б прысесці, кладу пачастунак, стаўлю апаратуру так, каб драпежныя птушкі ўдала змяшчаліся ў кадры. Аднойчы заўважыў у беркута на лапках кольцы. Адправіў фота і інфармацыю аб гэтым арнітолагам. Яны высветлілі — птушку акальцавалі ў Фінляндыі і перадалі звесткі аб гэтым замежным калегам. Тыя вельмі ўзрадаваліся — лічылі ўжо, што гэты беркут бясследна знік. Мой здымак тады надрукавалі ў фінскім арніталагічным часопісе.

Складаней, чым да крылатых, наблізіцца да жывёл. У іх неверагодны нюх, яны здалёк адчуваюць пах чалавека, успрымаюць яго як пагрозу і імкнуцца трымаць дыстанцыю. Вельмі важна — хто каго першым заўважыць. Калі гэта атрымоўваецца у мяне, то паспяваю схавацца, і шанцы на добры здымак вельмі высокія. Памятаю, аднойчы заяц так захапіўся сваёй прагулкай, што амаль наскочыў на мяне. Ледзь змясціўся ў кадр. А вось лісы такой легкадумнасці сабе не дазваляюць: яны ўвесь час напагатове, і мне заўсёды даводзілася здымаць іх з адлегласці. Капытныя прачынаюцца і выходзяць снедаць на досвітку. Гэта найлепшы час, каб зняць іх. Аленяў падчас вераснёўскага гону я падманваў голасам, на які яны добра рэагуюць. Адзін з маіх любімых кадраў — алень на квітнеючым полі ў тумане, падсветленым узыходзячым сонцам. Каб зрабіць удалы здымак, на мой погляд, трэба разбірацца ў біялагічных асаблівасцях птушак і звяроў, валодаць цярпеннем, якое дазваляе дачакацца патрэбнага моманту і дзейнічаць хутка. Ну, і вядома, як у любой справе, сваю ролю грае шанцаванне. 

Прырода лечыць 

— Для мяне фатаграфія — гэта хобі, якое неверагодна ўзбагаціла жыццё, падарыла выключныя эмоцыі. Калі вынік мне падабаецца, адчуваю сапраўдную эйфарыю. Эмоцыі пасля ўдалага кадра зашкальваюць, сэрца ледзь не выскоквае з грудзей. Вядома, далёка не ўсякая вылазка на прыроду завяршаецца менавіта так. За кожнай фатаграфіяй — кіламетры дарог, шмат гадзін чакання. Часам вяртаешся стомлены, пакусаны камарамі, з нулявым вынікам і думаеш: ну ўсё — заўтра адпачну, нікуды не пайду. А потым паднімаешся ні святло ні зара і адпраўляешся зноў. Нават пры нулявым выніку за выходныя ніколі не лічу свой час дарма страчаным. Гарадское урбаністычнае асяроддзе досыць агрэсіўнае і не лепшым чынам адбіваецца на самаадчуванні. Прырода дазваляе аднавіць сілы. На свежым паветры, у цішыні, якую парушае толькі спевы птушак, думкі праясняюцца, успрыманне абнаўляецца. Разгружаешся ад назапашанага негатыву, настройваешся на зусім іншы, філасофскі, лад. Акрамя таго, седзячы «у засадзе», я з вялікім задавальненнем чытаю. 

Прыгожы свет жывёл 

— Сваім захапленнем прыродай, яе насельнікамі мне хочацца падзяліцца з іншымі, прыцягнуць увагу людзей да прыгажосці і багацця беларускай фауны. Мяне часта пытаюцца на выставах: «Дзе гэта вы столькі жывёл знаходзіце?» А яны жывуць побач з намі.

Кожнаму здымку імкнуся даць назву, каб узмацніць эмацыйнае ўздзеянне на публіку. Мой галоўны мэседж, звернуты да гледача, просты: паглядзіце, які прыгожы навакольны свет, ён заслугоўвае таго, каб яго берагчы. Калі сустракаю бязлітасныя высечкі лесу, засмечаныя лясныя ўзлескі, сляды браканьерства, то пераконваюся: многія сучаснікі наогул не думаюць пра заўтрашні дзень. Мы наблізіліся да небяспечнай рысы, паставіўшы многія віды жывёл пад пагрозу знікнення. Ці не разумеем: дастаткова выдраць адно звяно, каб пасыпаўся ўвесь ланцужок складаных узаемасувязяў, якія існуюць у біясферы? Чалавек аддаліўся ад прыроды, перастаў адчуваць сябе яе часткай, і праз гэта стаў неапраўдана жорсткім. 

Буду рады, калі гледзячы на мае працы, нехта захапіцца фатаграфіяй дзікай прыроды. Але застануся задаволены і ў тым выпадку, калі ў кагосьці з гледачоў з’явіцца жаданне ўбачыць усю гэтую прыгажосць на свае вочы. А яшчэ хацелася б, каб на мае выставы прыходзіла больш моладзі, каб падрастала пакаленне з экалагічнай свядомасцю, якія любяць родную прыроду і імкнуцца яе захаваць. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва Уладзіміра Пакалевіча

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю