Самыя бядовыя — казулі
Найбольшая колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл зафіксавана летась — амаль 5 тысяч. Аналіз даных студзеня і красавіка 2026-га таксама ўказвае на рост дарожных інцыдэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, адзначае начальнік упраўлення аналізу і кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі Дзмітрый МАТОРА:— Больш за ўсё гіне казуль — каля 70 % выпадкаў, ласёў — 20 %, кабаноў — каля 5 %, аленяў — 3 %. А вось аварыі з удзелам такіх насельнікаў лесу, як лань, мядзведзь, рысь, зубр, як правіла, адзінкавыя.
Часцей за ўсё ДТЗ з прадстаўнікамі фаўны фіксуюцца ў другім і чацвёртым кварталах года: падчас рассялення маладняку і сезонных міграцый. Пік здарэнняў прыпадае на май, бо ў гэты ж час узрастае і інтэнсіўнасць дарожнага руху. Больш за ўсё жывёл гіне ў пятніцу, суботу, нядзелю і панядзелак, калі многія гараджане едуць на дачы, адпачываць на прыродзе.

Неабходны комплекс мерапрыемстваў
Згодна з даследаваннямі Нацыянальнай акадэміі навук, найбольшая колькасць аварый з удзелам дзікіх жывёл звычайна адбываецца на ўчастках аўтамабільных дарог з высокай інтэнсіўнасцю транспартнага патоку. Такія месцы ёсць на трасах каля Мінска, абласных цэнтраў і буйных населеных пунктаў, міжнародных дарогах катэгорыі «М». Але ў разрэзе меж паляўнічых гаспадарак дакладнай залежнасці не выяўлена.
— Ёсць тэрыторыі, дзе высокая колькасць казулі, іншых відаў дзікіх жывёл, капытных у прыватнасці, але там адсутнічае інтэнсіўны транспартны паток і ДТЗ даволі рэдкія, — канстатуе намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Павел ГЕШТАЎТ.
Міжнародная практыка паказвае: для эфектыўнага зніжэння такіх дарожных інцыдэнтаў неабходны цэлы комплекс узаемадапаўняльных мерапрыемстваў. Сярод іх — устаноўка загараджальных збудаванняў уздоўж дарог, добраўпарадкаванне пераходаў для звяроў і экадукаў, абмежаванне хуткасці на дарогах у аварыйна небяспечных месцах,
высечка прыдарожнай расліннасці, рэгуляванне колькасці жывёл.

— Каб знізіць колькасць ДТЗ з дзікімі жывёламі, неабходна ажыццяўляць скрупулёзны маніторынг. Трэба разумець не толькі сітуацыю на ўзроўні краіны, але і ў разрэзе абласцей, субпапуляцый, карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў. Патрэбны больш глыбокі аналіз, — лічыць вучоны.
Новы падыход
У краіне налічваецца каля 8 тысяч кіламетраў асноўных дарог з высокай загрузкай, якія пралягаюць праз лясныя масівы. Тут ёсць магчымасць выхаду на праезную частку звяроў. Каб зменшыць рызыку ДТЗ з імі, устанаўліваюцца загараджальныя сеткі. Аднак канструкцыі маюць разрывы — з’езды на лясныя дарогі, у населеныя пункты, як адзначыў намеснік дырэктара Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута Яўген РАКАЛА.
Таму бліжэй да восені ў трох месцах на трасе М6 (Гродзенская вобласць) плануецца апрабаваць так званы канадскі жывёлапрагон. Гэта канструкцыя не замінае праезду машын і веласіпедаў, руху людзей, аднак капытным ісці па яе рашэцістай паверхні непрыемна. Прадугледжваецца, што жывёлапрагон будзе ўстаноўлены ў месцах разрываў сеткі.

Выраб загараджальных сетак і металічных стужак для зніжэння колькасці ДТЗ з дзікімі жывёламі
Акрамя таго, амаль два гады праводзіцца эксперымент у Гомельскай вобласці, дзе праз аўтадарогу М10 зроблены «інтэлектуальны пераход» для лясных насельнікаў. Сістэма датчыкаў фіксуе з’яўленне звера ў межах паласы адводу і дае сігнал на дарожныя знакі, каб папярэдзіць кіроўцаў аб патэнцыяльнай небяспецы наперадзе і неабходнасці зменшыць хуткасць.
Вадзіцель, памятай!
Прадухіліць аварыі з удзелам жывёл дапамагае і прафілактычная праца з аўтамабілістамі. Як нагадаў намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі ўпраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр ХРОМЧАНКА,
перш за ўсё трэба выбіраць хуткасць руху, якая дазволіць спыніць транспартны сродак у выпадку нечаканага з’яўлення перашкод на дарозе, у тым ліку з’яўлення дзікай жывёлы. Асабліва ўважлівым трэба быць на ўчастках дарог, дзе ўзлесак блізка да праезнай часткі, а таксама пры руху раніцай і ў цёмны час сутак, калі многія насельнікі лесу найбольш актыўныя.
— Па статыстыцы цяжкія ДТЗ фіксуюцца на аўтадарогах першай катэгорыі з павышаным хуткасным рэжымам і, як правіла, у цёмны час, — гаворыць Аляксандр Хромчанка.
Так што, калі заўважылі папераджальны знак «Дзікія жывёлы», трэба павысіць пільнасць, ацаніць хуткасць, бачнасць і магчымы тармазны шлях у выпадку экстранага тармажэння.
Калі звер знаходзіцца каля дарогі, неабходна быць гатовым затармазіць, аж да поўнага прыпынку, а таксама да руху заднім ходам. Часам ласі, напрыклад, у шлюбны час, могуць атакаваць аўтамабіль. Калі жывёла перамяшчаецца па дарозе, не варта яе даганяць, сігналіць, міргаць фарамі.
Прытармазіце, крыху пачакайце, пакуль яна пакіне трасу.
Калі сутыкнення не пазбегнуць, не рабіце рэзкія манеўры: можна не зладзіць з кіраваннем і вылецець на сустрэчную паласу, у кювет або перавярнуцца. Накіруйце аўто ў той бок, адкуль выбег звер. Пры наездзе на лася паспрабуйце прыняць асноўны ўдар на дзвярную стойку. ДТЗ з яго ўдзелам маюць сур’ёзныя наступствы: жывёла абапіраецца на доўгія ногі, якія пры сутыкненні з бамперам падломліваюцца, і масіўная туша ў 2-3 цэнтнеры ўлятае ў салон, калеча вадзіцеля і пасажыраў.
Калі ДТЗ адбылося, ні ў якім разе не падыходзьце да параненага звера — гэта небяспечна. Калі ён загінуў, забараняецца самавольна разразаць і перамяшчаць тушу, выкарыстоўваць прадукцыю (мяса, шкуру, рогі і інш.). За парушэнне надыходзіць адміністрацыйная або крымінальная адказнасць. Вадзіцель павінен выставіць знак аварыйнага прыпынку, пакінуць праезную частку, выклікаць на месца здарэння ДАІ і медыкаў і чакаць прыезду спецыяльных службаў для разбору здарэння. Кожны факт разглядаецца
асобна. Калі аўтамабіль рухаўся з дазволенай хуткасцю, але жывёла раптам выскачыла, то прыцягваць вадзіцеля да адказнасці не будуць.
Будзьце асцярожныя!
Александрына ПАРШЫНА
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА