Вынікі маніторынгу жывёльнага свету ў краіне паказваюць, што сітуацыя дастаткова стабільная: ёсць станоўчыя тэндэнцыі ў частцы росту колькасці многіх відаў жывёл, а выклікі, якія ўзнікаюць, аператыўна аказваюцца ў цэнтры ўвагі спецыялістаў. Аб гэтым заявіў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце НПЦ па біярэсурсах Павел Гештаўт на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Дзякуючы біятэхнічным і ахоўным мерапрыемствам, якія праводзяцца, а таксама рэалізаваным дзяржпраграмам за апошнія дзесяць гадоў колькасць лася ў паляўнічых угоддзях павялічылася ў паўтара раза — з 32 да 47,5 тысячы, аленя высакароднага — з 15,2 да 56 тысяч, казулі — з 75 да 138 тысяч асобін. Як адзначыў кансультант аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Генадзь Салянка, з мінулага года пачалі актыўна займацца рассяленнем лані. Гэта дазволіць разнастаіць фаўну, павялічыць прадуктыўнасць паляўнічых угоддзяў. Калі ў 2015 годзе ў гаспадарках налічвалася ўсяго толькі 201 асобіна, то ў мінулым годзе гэта лічба вырасла ўжо да 1759.
Па відах жывёл, што патрабуюць асаблівай увагі і знаходзяцца пад аховай, распрацоўваюцца спецыяльныя планы кіравання і планы дзеянняў. Як расказала начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова, у канцы мінулага года быў актуалізаваны план кіравання рыссю, таксама распрацаваныя і нядаўна зацверджаныя планы кіравання папуляцыямі бурага мядзведзя і звычайнага барсука. Усяго на люты 2025 года зацверджана 17 планаў дзеяння па захаванні дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, і 30 планаў па рэдкіх дзікарослых відах раслін.
Па даных НАН Беларусі, на 2024 год у краіне налічвалася 2758 асобін звычайнага барсука, рысі — 1613 і 913 мядзведзяў. Для зніжэння рызыкі ўзнікнення канфліктных сітуацый з уступленнем у сілу ў маі гэтага года Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 420 будзе дапускацца адабранне пэўнай колькасці мядзведзяў і рысяў на некаторых тэрыторыях у адпаведнасці з зацверджанымі планамі кіравання. Пры гэтым усе мерапрыемствы накіраваны на захаванне біяразнастайнасці з улікам прадухілення магчымых негатыўных наступстваў.
Фота аўтара