Top.Mail.Ru
193

Дзіцячы сад, дом сямейнага тыпу. Што плануюць пабудаваць у Віцебску і Лепелі ў 2026 годзе

У 2026 годзе ў Лепелі завершыцца будаўніцтва дзіцячага садка, у Віцебску ўзвядуць дзіцячы дом сямейнага тыпу. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома перад пачаткам выніковай калегіі ўпраўлення, перадае БелТА.



«У 2025 годзе было завершана будаўніцтва чатырох дзіцячых садкоў у Віцебску, Наваполацку і Оршы, дзіцячага дома сямейнага тыпу — у Глыбоцкім раёне. У Лепелі будзе завершана будаўніцтва дашкольнай установы ў 2026 годзе. Плануем пачаць узвядзенне дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Віцебску. У цяперашні час працягваецца рэканструкцыя гімназіі № 1 у Віцебску», — паведаміў Дзмітрый Хома.

Падводзячы вынікі, ён адзначыў, што мінулы год быў дастаткова паспяховым для сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці. «Навучэнцы прадэманстравалі высокія вынікі на міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах, дзе занялі прызавыя месцы», — сказаў начальнік упраўлення. Сярэдні бал па выніках здачы цэнтралізаваных экзаменаў у вобласці склаў 65,6, выпускнікі рэгіёна атрымалі 185 стабальных вынікаў.

У мінулым годзе значна была ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база каледжаў. Адкрыта падрыхтоўка па 8 новых запатрабаваных эканомікай рэгіёна кваліфікацыях узроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі, па адной спецыяльнасці — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Акрамя гэтага, адкрыта 8 вытворчых участкаў і майстэрняў на прадпрыемствах. У 7 рэсурсных цэнтрах сканцэнтравана новая тэхніка і абсталяванне. Працягнецца работа па адкрыцці рэсурснага цэнтра па аўтамабільных тэхналогіях. У рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства «ProfSkills Belarus» каманда Віцебскай вобласці атрымала 24 узнагароды, заняўшы другое месца.

Адным са стратэгічных кірункаў работы сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці ў 2026 годзе стане кадравае забеспячэнне. «Сёння ўсе вучэбныя прадметы выкладаюцца настаўнікамі ў поўным аб’ёме. Але разам з тым разумеем, што калі мы сёння не будзем рыхтаваць сабе змену, пакаленне маладых настаўнікаў, у першую чаргу матэматыкаў, фізікаў, шэрагу іншых навучальных прадметаў, то, вядома, у найбліжэйшай будучыні можам сутыкнуцца з праблемамі. Каб гэтага не адбылося, мы сёння будзем стратэгічна гэта арганізоўваць», — дадаў Дзмітрый Хома.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю