Top.Mail.Ru

Дзіцячыя садкі па ўсёй Беларусі запусцілі ў сацыяльных сетках акцыю «Моўны ланцужок: словы тыдня»

Такім чынам дзеці прывучаюцца да беларускай мовы, чуючы яе ў спрыяльным асяроддзі, размаўляючы на ёй самі, ужываючы беларускія словы ў адпаведным кантэксце.


Кожны тыдзень прысвячаецца аднаму беларускаму слову, якое становіцца сувязным звяном для розных відаў дзейнасці ў дзяцей. Акцыя выклікала вялікую цікавасць ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Відэаролікі, якія дэманструюць розныя формы і спосабы вывучэння слова тыдня, рэгулярна публікуюцца ў сацыяльных сетках, на сайтах устаноў адукацыі, а таксама ў бацькоўскіх групах у месенджарах.



Далучыўся да ініцыятывы і дзіцячы садок № 6 Жабінкі. Тут новы тыдзень прысвяцілі слову «лялька».

Выхаванцы гурткоў «Чамучкі» і «Гномік» ахвотна расказваюць пра свае любімыя словы на беларускай мове. Цімафей Бартэль назваў слова «валошка», Валерыя Сап’янік выбрала словы «матуля» і «вочы». Святаслаў Максімук адзначыў слова «коцік» і яшчэ паказаў ляльку, якую разам з мамай падрыхтаваў да новага тэматычнага тыдня.

Загадчыца дзіцячага садка № 6 Алеся Савашэвіч адзначыла, што праект дапамагае пашыраць слоўнікавы запас дзяцей праз пастаяннае пагружэнне ў моўнае асяроддзе. «Галоўная мэта акцыі — узбагачэнне пасіўнага і актыўнага слоўнікавага запасу дзяцей беларускімі словамі. Кожны тыдзень у групе з’яўляецца новае слова, і знаёмства з ім пачынаецца з моманту, калі дзіця прыходзіць у дзіцячы садок. Педагогі праводзяць тэматычныя гутаркі, дыдактычныя і рухомыя гульні, чытаюць творы беларускай літаратуры дзецям, арганізуюць заняткі па лепцы, маляванні. У раздзявалках груп ёсць інфармацыя, дзе бацькі могуць даведацца, якое слова дзеці будуць вывучаць на гэтым тыдні, і атрымаць рэкамендацыі, як прадоўжыць работу дома», — растлумачыла яна.


Яшчэ да пачатку акцыі ў дзіцячым садку штотыдзень праводзіўся дзень беларускай мовы. «У гэты дзень дзеці з выхавацелямі стараліся размаўляць толькі на беларускай мове — падчас гульняў, прагулак, чытання мастацкай літаратуры. Малым гэта вельмі падабаецца. Яны гавораць „Добрай раніцы“ не толькі ў дзіцячым садку, але і дома», — расказала загадчыца садка.



Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю