Дзмітрый Лазоўскі і Ганна Сола — героі Кубка Расіі па біятлоне. У традыцыйным аглядзе «Звязды» — самыя важныя спартыўныя навіны.
Героі тыдня. Беларускія біятланісты паспяхова выступілі на чацвёртым этапе Кубка Расіі, які завяршыўся ў Разані.
У жаночым суперспрынце перамагла Ганна Сола. Дзінара Смольская — на трэцім месцы. У мужчынскім спрынце перамог Дзмітрый Лазоўскі. Для яго гэта першая асабістая перамога ў Кубку Расіі ў гэтым сезоне. У гонцы праследавання другім фінішаваў Антон Смольскі. Далей біятланісты пераедуць у Дзёміна Яраслаўскай вобласці РФ, дзе з 15 да 20 студзеня пройдзе чацвёрты этап Кубка Садружнасці.
Каманда тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе паднялася на пятае месца ў абноўленым сусветным рэйтынгу. Беларуская каманда палепшыла свае паказчыкі на адну пазіцыю. У топ-3 сёння ўваходзяць зборныя Бразіліі, Італіі і Партугаліі. На чацвёртым месцы — каманда Іспаніі.
- Нагадаем, што беларускія пляжнікі паспяхова прайшлі адбор і ў пачатку мая згуляюць на чэмпіянаце свету, які пройдзе на Сейшэльскіх астравах.
Турнір тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» завяршылі выступленні ў чацвёртым туры чэмпіянату КХЛ у фармаце 3×3. Усе матчы прайшлі ў Маскве. Чарговы тур рэгулярнага сезона дынамаўцы пачалі з двух паражэнняў 9 студзеня, але затым атрымалі чатыры перамогі запар — дзве над «Салаватам Юлаевым» (9:3 і 6:4), а таксама па адной над омскім «Авангардам» (5:2) і «Сібірру» (2:1). Пасля 12 матчаў сезона сталічны клуб дзеліць другое месца ў сваім дывізіёне з чалябінскім «Трактарам», у абодвух калектываў па 18 ачкоў. У пятым туры чэмпіянату КХЛ 3×3 мінчане па два разы згуляюць з магнітагорскім «Металургам», «Барысам» з Астаны і казанскім «Ак Барсам», паядынкі пройдуць з 16 да 19 студзеня.
Перамога тыдня. Ганна Церах стала пераможцай чэмпіянату Расіі ў шматдзённай гонцы па ачках, які прайшоў на веладроме «Лакасфінкс» у Санкт-Пецярбургу. Спаборніцтвы складаліся з шасці этапаў. Беларуская спартсменка перамагла ў чатырох з іх, а яшчэ ў двух паказвала другія вынікі. У агульным заліку Ганна Церах набрала 68 балаў, што прынесла ёй залаты медаль.
Поспех тыдня. Беларускія лёгкаатлеты выйгралі два медалі ўсерасійскіх спаборніцтваў «Калядныя старты. Мемарыял Э. С. Яламава», якія прайшлі ў Екацярынбургу. На дыстанцыі 60 м з бар’ерамі ў жанчын з вынікам 7,98 секунды перамагла Эльвіра Грабарэнка, у мужчын Віталь Парахонька заняў другое месца (7,72 сек.).
Паражэнне тыдня. Вікторыя Азаранка прайграла ў 1/64 фіналу адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У матчы першага раўнда беларуская тэнісістка (22-і нумар сусветнага рэйтынга) уступіла італьянскай тэнісістцы Лючыі Бранцэці (78-ы нумар сусветнага рэйтынга) — 2:6, 6:7 (2:7). Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 6 хвілін.
Фота з адкрытых крыніц.