Мы наведалі адну з іх — сярэднюю школу № 3 г. Смалявічы. Дырэктар установы адукацыі Ігар Юшкевіч сардэчна сустрэў нас і з гонарам паказаў класы, навучальныя кабінеты, майстэрні, разнастайныя лакацыі новабудоўлі.
— У 1935 годзе была пабудавана маленькая драўляная школа для дзяцей сезонных рабочых. Затым школа яшчэ не раз мяняла сваю дыслакацыю. Новы будынак школы, у якім мы знаходзімся, ужо пяты па ліку. Будаўніцтва пачалося восенню 2024-га. У чэрвені гэтага года будынак старой школы быў знесены, а на яго месцы завяршаецца будаўніцтва школьнага стадыёна, — расказаў чытачам партала Выдавецкага дома «Звязда» дырэктар школы Ігар Юшкевіч. — Школа разлічана на 520 хлопцаў і дзяўчынак, якіх будуць навучаць каля сарака педагогаў. У 2026 годзе педагагічны склад папоўнілі тры маладыя спецыялісты. З 2017-га дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 3 г. Смалявічы» мае статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, што дазваляе вучням у поўным аб’ёме вызначыцца ў выбары будучай прафесіі педагога.
Віктар Іванчыкаў
Фота: Віктар Іванчыкаў