Top.Mail.Ru

Дзве траціны пасажырапатоку ў Мінску забяспечвае электратранспарт

Дзве траціны пасажырапатоку ў Мінску забяспечвае электратранспарт. Пра гэта паведаміў дырэктар ДП «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый Супрановіч, паведамляе БелТА.



Юрый Супрановіч адзначыў, што прымаюцца меры па павелічэнні долі электратранспарту ў парках «Мінсктранса». Акрамя таго, падаўжаюцца лініі метрапалітэна. Буйны транспартна-перасадачны вузел у перспектыве з’явіцца ў раёне плошчы Бангалор. 

Развіваецца новы жылы раён «Паўночны бераг», дзе канцэптуальна прыярытэт аддаецца электратранспарту. Электробусы на пачатковым этапе будуць падвозіць да станцый метро «Пушкінская» і «Акадэмія навук», а з адкрыццём новых станцый арганізуюць дадатковыя хуткасныя маршруты.

Штодня грамадскі транспарт перавозіць каля 1,7 млн пасажыраў, каля 750 тыс.прыпадае на сталічную падземку. У цэлым дзве траціны пасажырапатоку забяспечвае электратранспарт. У тым ліку на вуліцах горада сталі часцей выкарыстоўвацца тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам.

«І далей нацэленыя на набыццё экалагічнага транспарту», — расказаў Юрый Супрановіч. 

Намеснік генеральнага дырэктара ДП «Мінсктранс» Раман Прановіч дадаў, што практычна палова рухомага складу, які выкарыстоўваецца ў гарадскіх перавозках, — экалагічна чыстыя віды транспарту. Парк налічвае 708 тралейбусаў, 137 вагонаў трамваяў і 108 электробусаў. 

«Гэтая лічба працягне расці. У цяперашні час абслугоўваюцца электратранспартам 64 тралейбусных маршруту, 13 з іх маюць участкі бескантактавай сеткі, — праінфармаваў Раман Прановіч. — Электробусамі на пастаяннай аснове абслугоўваюцца 12 раней былых аўтобусных маршрутаў». 

Прадпрыемства падтрымае мерапрыемствы, прымеркаваныя да тыдня мабільнасці: 17 верасня ў Музеі гарадскога пасажырскага транспарту пройдзе квэст для школьнікаў. У дзень без аўтамабіля, 22 верасня, пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку пасажырам дадуць магчымасць бясплатнага праезду. Таксама «Мінсктранс» рыхтуе сваю пляцоўку на тэматычнай выставе акцыі «Дзень без аўтамабіля» ля Палаца спорту.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю