Для аказання дапамогі бацькам у доглядзе дзяцей, якія не наведваюць установы адукацыі або навучаюцца дома, прадугледжаны паслугі нянькі. За першае паўгоддзе 2026 года ёю скарысталіся дзве тысячы сем’яў. Аб гэтым сёння, 16 кастрычніка, падчас прэс-канферэнцыі «Тыдзень бацькоўскай любові: пераемнасць сямейных традыцый і дзяржаўная падтрымка», якая прайшла ў прэс-цэнтры Дома прэсы, расказала кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Алена Комлік, перадае SB.by.
У Беларусі праца мацярынства адзначаецца высокай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Маці. У 2026 годзе ўзнагароды ўдастоены 514 жанчын, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей. Усяго з 1996 года ўзнагароджаны практычна 15 тысяч жанчын. Сацыяльная абарона сям’і, мацярынства і бацькоўства забяспечваецца праз прадастаўленне дзяржаўных дапамог пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, сямейнага капіталу пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей, адраснай сацыяльнай дапамогі і паслуг, гарантый у сферы працы, пенсіённага забеспячэння, жыллёва-крэдытных адносін, звярнула ўвагу Алена Комлік:
— Па ўзроўні падтрымкі сем’яў і жанчын з дзецьмі Беларусь дэманструе дастойны прыклад для многіх краін свету. І наша сістэма дзяржпадтрымкі ўвесь час узмацняецца. Так, са студзеня 2025 года павялічаны мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах. У 2026 годзе на сістэму дзяржаўных дапамог выдаткавана 4,1 мільярда рублёў, з іх 2,3 мільярда — на выплату дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Выплатамі ахоплена ў цэлым больш за 320 тысяч дзяцей. Разам з тым сёлета ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжана 280 мільёнаў рублёў на выдзяленне сямейнага капіталу.
Пры нараджэнні ў сям’і двайнят, трайнят і больш дзяцей, а таксама ў выпадку малазабяспечанасці сем’і з дзецьмі ва ўзросце да двух гадоў забяспечваюцца бясплатнымі прадуктамі дзіцячага харчавання, сярэдні памер якога складае больш за 220 рублёў на адно дзіця ў месяц. Для аказання дапамогі бацькам у доглядзе дзяцей, якія не наведваюць установы адукацыі або навучаюцца дома, прадугледжаны паслугі нянькі. Толькі за першае паўгоддзе 2026-га такія паслугі атрымалі дзве тысячы сем’яў. Таксама сем’ям аказваецца паслуга сацыяльнага патранату для пераадолення цяжкай жыццёвай сітуацыі — у гэтым паўгоддзі такую дапамогу атрымалі ўжо больш за тры тысячы сем’яў. Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў, існуе паслуга «Сацыяльная перадышка», за паўгода 2026-га ёю скарысталіся 110 сем’яў, расказала Алена Комлік:
— Акрамя таго, у нашай краіне даступна важная мера дзяржаўнай падтрымкі для сем’яў, якім патрабуецца дапамога рэпрадуктыўных тэхналогій. За пяць гадоў рэалізацыі праграмы, якая гарантуе правядзенне адной бясплатнай працэдуры ЭКА, нарадзілася больш за 2500 маленькіх беларусаў. Пры гэтым у Беларусі эфектыўнасць кожнай асобнай спробы ЭКА ў 2025 годзе склала больш як 42 працэнты, што значна вышэй за сярэдні паказчык у свеце — 30 працэнтаў.