Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталося 28 дзён. БелТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзень у архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты кожнага фестывалю па гадах.
Сёння — пра фестываль 1999 года. Восьмы раз ён прайшоў з 19 па 25 ліпеня. У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі 21 краіны. Упершыню на флагштоку былі ўзняты сцягі Каралеўства Непал і Сірыйскай Рэспублікі.
«Аблічча» галоўнай сцэны стварыў мастак Зіновій Марголін — адзін з самых вядомых тэатральных мастакоў Беларусі. Канцэпцыя гэтага фестывалю адлюстроўвала тэму ўмацавання Саюза Беларусі і Расіі. Дзень Беларусі стаў адначасова і ўрачыстасцю адкрыцця свята, а Дзень Расіі — яго завяршэннем.

Роўна ў 21.30 19 ліпеня ў Віцебску адбыўся цуд! Усе гледачы Летняга амфітэатра маглі назіраць адначасова дзве вясёлкі — адну з самых рэдкіх прыродных з’яў. Сімвалічна, што гэта здарылася ў самым пачатку гала-канцэрта юных удзельнікаў, які называўся «Вясёлка над Віцебскам».
Самым шматнацыянальным стаў конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-99». На сцэну Летняга амфітэатра выйшлі маладыя вакалісты з 16 краін. Старшынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў стала Аляксандра Пахмутава. Гран-пры быў удастоены Жэлька Ёксімавіч. Ужо трэці раз галоўная ўзнагарода адправілася ў Югаславію.

Ансамбль «Руская песня» і яго кіраўнік народная артыстка Расіі Надзея Бабкіна далі дабрачынны канцэрт для ветэранаў вайны, працы, інвалідаў. Ён адбыўся на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (сёння Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа).
У культурна-дзелавым цэнтры ААТ «Кім» (сёння Канцэртная зала «Віцебск») прайшоў канцэрт гасцей фестывалю з розных дзяржаў «Сябры вітаюць Віцебск».

На фестывалі адбыўся паказ праграмы «Мода — музыка новага пакалення», галоўнай мэтай якога была прапаганда творчасці маладых куцюр’е і паказ лепшых авангардных калекцый мадэльераў славянскага свету. У праграме выступілі 20 мастакоў-мадэльераў, сярод якіх лаўрэаты і дыпламанты студэнцкага конкурсу «Адміралцейская іголка» ў Санкт-Пецярбургу, Міжнароднага конкурсу авангарднай моды «Мамант» у Мінску, «Белая амфара» ў Віцебску. Пап’е-машэ, салома, папера, дрот, скотч, футра і іншыя матэрыялы, пераўтвораныя творцамі ў неверагодныя канструкцыі (з улікам модных тэндэнцый), дапамагалі манекеншчыкам і манекеншчыцам ствараць на сцэне мастацкія вобразы з філасофскім зместам. У іх адчувалася і развітанне з адыходзячым стагоддзем, і прывітанне будучым пакаленням.

Пазней амфітэатр ператварыўся ў самы вялікі начны клуб з музычнай праграмай «Танцуй да раніцы». Упершыню падзеі фестывалю набылі касмічны размах — трансляцыі вяліся дзякуючы сістэме спадарожнікавага тэлебачання.
Уначы прайшла прэзентацыя спектакля Міжнароднага саюза піратэхнічнага мастацтва. Сцэнічнай пляцоўкай стала палуба карабля, які прычаліў да берага ля ўпадзення Заходняй Дзвіны ў Віцьбу.
Асноўныя мерапрыемствы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а першыя канцэрты адбудуцца ўжо 14 ліпеня.