Top.Mail.Ru
384

Дзячэнка: Навука павінна так паўплываць на развіццё сфер эканомікі, каб забяспечыць прагрэс усіх яе сістэм

Такое меркаванне карэспандэнту zviazda.by выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах па выніках праведзенай нарады ў Кіраўніка дзяржавы па тэматыцы дзейнасці НАН Алег Дзячэнка.



— Прэзідэнт уважліва прааналізаваў падрыхтаваныя рабочай групай матэрыялы і адзначыў, што «на фінансаванне навуковых даследаванняў траціцца шмат дзяржаўных сродкаў, а належнай аддачы мы не бачым. Ёсць толькі кропкавыя станоўчыя вынікі без шырокага ўкаранення ў галіны эканомікі. Сёння гэтага відавочна недастаткова», — нагадаў суразмоўца. 

Ён падкрэсліў, што заўвага справядлівая і больш чым своечасовая:

— Беларусь атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюза магутны навуковы патэнцыял, прадстаўлены акадэмічнымі, універсітэцкімі і галіновымі навуковымі арганізацыямі. У навуковай галіне працуюць тысячы супрацоўнікаў, якія ствараюць навуковую прадукцыю, прызнаную ва ўсе свеце. Дзяржава шчодра фінансуе правядзенне навуковых распрацовак, маральна і матэрыяльна падтрымлівае вядучых прадстаўнікоў навуковай супольнасці, якімі атрыманы вынікі, значныя для эканамічнай і сацыяльнай сферы. 

Разам з тым, звяртае ўвагу суразмоўца, само жыццё патрабуе «прызямлення» навуковых пошукаў і правядзення даследаванняў з улікам асаблівасцяў эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця нашай краіны ва ўмовах знешніх выклікаў і пагроз:

— Напрыклад, мы паступальна асвойваем рынкі краін глабальнага Поўдня, пастаўляем туды якасную прадукцыю, у якой зацікаўлены спажыўцы. Пра гэта неаднаразова афіцыйна заяўлялі лідары і прадстаўнікі афрыканскіх і азіяцкіх краін, з якімі Беларусь развівае ўзаемавыгадныя гандлёва-эканамічныя адносіны. Аднак варта прызнаць, што сур’ёзную канкурэнцыю нам складаюць карпарацыі з іншых высокаразвітых у навукова-тэхналагічным плане дзяржаў свету, у тым ліку і з дружалюбных. Такім чынам, каб вытрымаць саперніцтва, захаваць і пашырыць рынкі, нам неабходна ў апераджальным тэмпе максімальна выкарыстоўваць навуковы патэнцыял для выпуску прадукцыі новага пакалення, тавараў «заўтрашняга дня», асартымент якіх па цане і якасці на "ўра зойдзе" афра-азіяцкаму (і не толькі) спажыўцу. Іншага шляху цывілізацыйнага развіцця ў нас проста няма. 

Таму, робіць выснову парламентарый, на аснове глыбінных дасягненняў фундаментальнай навукі неабходныя і прынцыповыя тэхніка-тэхналагічныя прарывы ў прыкладных даследаваннях з далейшай манетызацыяй атрыманых вынікаў. 

— Навука павінна так паўплываць на развіццё ўсіх сфер эканомікі, каб забяспечыць прагрэс усіх яе сістэм. Іншымі словамі, навуковыя высновы, прапановы і рэкамендацыі вучоных павінны падняць краіну на якасна новы ўзровень інтэнсіўнага развіцця ва ўсіх жыццёва важных сферах, — падсумоўвае Алег Дзячэнка.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю