Як расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ, для моладзі, якая дасягае дастаткова высокіх вынікаў у працэсе свайго навучання ў школах, створаны пэўныя дадатковыя ўмовы для паступлення ва ўніверсітэты і каледжы.
Пералік такіх магчымасцяў у нас устаноўлены правіламі прыёму, якія зацверджаны ўказам кіраўніка дзяржавы. Такім чынам уладальнікі залатых і сярэбраных медалёў, пераможцы алімпіяд па вучэбных прадметах розных узроўняў і этапаў маюць дадатковыя магчымасці пры паступленні ва ўніверсітэты на пералік найбольш запатрабаваных эканомікай нашай краіны спецыяльнасцяў.
Таксама маладыя людзі, якія сапраўды дасягаюць найбольшых вынікаў, уключаюцца ў банк даных адоранай моладзі, які дае пэўныя перавагі і робіць іх больш прыкметнымі і бачнымі як у нашых універсітэтах, так і ў далейшым у іх прафесійнай дзейнасці.
На ўзроўні вышэйшай адукацыі грамадзяне, якія ўключаны ў такія банкі даных, маюць права на пазачарговае атрыманне жылога памяшкання ў інтэрнатах на перыяд навучання. У іх ёсць магчымасць на першачарговае размеркаванне пасля заканчэння ўстановы адукацыі. Таксама для іх ствараюцца ўмовы па далейшым прафесійным росце. Вядзецца замацаванне за імі куратарства сярод больш вопытных работнікаў на першым працоўным месцы, накіраванне іх на стажыроўку, павышэнне кваліфікацыі і прыцягненне да выкладчыцкай і навуковай дзейнасці.
Калі яны з’яўляюцца лаўрэатамі фонду, то ім будуць прадастаўлены правы на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля і шэраг іншых магчымасцяў. Таксама вялікая праца праводзіцца ў частцы стымулявання адораных студэнтаў у працэсе іх навучання. Штогод два разы на год прызначаюцца стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Напрыклад, у 2025 годзе былі падведзены вынікі 31-га Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Было прадстаўлена больш за 2700 навуковых работ. Па выніках конкурсу званне лаўрэата прысвоена 60 студэнтам.
Кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла КУДАЯРАВА патлумачыла, што ў іх ведамстве штогод праводзяцца алімпіяды па 18 вучэбных прадметах. Для нашых школьнікаў гэта не проста спаборніцтвы, гэта шанц раскрыць свой патэнцыял, праявіць сябе, зрабіць першыя крокі ў навуцы.
Штогод на ўсіх этапах алімпіяды ўдзельнічаюць каля 500 тысяч школьнікаў, а побач з імі іх настаўнікі. Напрыклад, з 23 па 27 сакавіка адбыўся заключны этап рэспубліканскай алімпіяды, у якім прынялі ўдзел 1555 навучэнцаў. Па выніках правядзення заключнага этапу дыпломамі першай ступені ўзнагароджаны 119 навучэнцаў, дыпломамі другой ступені 185 чалавек, дыпломамі трэцяй ступені 387 нвучэнцаў. Пахвальны водзыў уручаны 81 вучню.
Штогод па выніках трэцяга этапу рэспубліканскіх алімпіяд, ва ўсіх абласцях і горадзе Мінску праводзяцца навучальныя зборы. Яны праводзяцца ў 2–3 этапы для падрыхтоўкі каманд да ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Агульная працягласць вучэбных збораў па кожным вучэбным прадмеце кожнай абласной каманды складае не больш за 20 дзён. У гэты час дзеці могуць займацца з лепшымі трэнерамі вобласці і горада Мінска пры падрыхтоўцы да заключнага этапу. Па выніках заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд Міністэрствам адукацыі штогод праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы.
Пасля гэтага навучэнцы нашай краіны прымаюць актыўны ўдзел у міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах, умацоўваючы гэтым імідж Рэспублікі Беларусь на міжнародным узроўні. Традыцыйна навучэнцы краіны паказваюць высокія вынікі ў алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, геаграфіі, хіміі, інфарматыцы. Так, у 2025 годзе 86 навучэнцаў прымалі ўдзел у 17 міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах. Там яны заваявалі 74 медалі (11 залатых, 30 сярэбраных і 33 бронзавыя).
Пачынаючы са студзеня 2006 года на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» арганізавана правядзенне змен для адораных навучэнцаў, якія ўдзельнічаюць у алімпіядным руху. Так, у перыяд з 21 лютага па 13 сакавіка гэтага года праведзена першая змена па падрыхтоўцы дзяўчат, навучэнцаў да ўдзелу ў еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат.
У перыяд з 14 па 28 сакавіка 2026 года адбылася другая змена для адораных навучэнцаў па вучэбных прадметах: руская мова, беларуская мова, гісторыя і грамадазнаўства. У далейшым правядзенне такіх мерапрыемстваў, змена на базе «Зубраняці» будзе працягнута па ўсіх астатніх вучэбных прадметах.
Сяргей КУРКАЧ