У Тыдзень бацькоўскай любові ў 4-й жаночай кансультацыі 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска прадставілі новую лічбавую платформу для дыстанцыйнага назірання цяжарных жанчын. Улічваючы, што такі перыяд патрабуе рэгулярнага медыцынскага кантролю за станам будучай мамы, увагі да рэкамендацый урача, узаемадзеянне з медыцынскім спецыялістам ва ўстанове аховы здароўя цяпер не будзе абмяжоўвацца толькі наведваннем кансультацыі. Даведаліся, як будзе арганізавана дадатковае ўзаемадзеянне паміж доктарам і пацыенткай у перыяд паміж прыёмамі.
Урач акушэр-гінеколаг (загадчык аддзялення) 4-й жаночай кансультацыі 1-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска, кіраўнік Гарадскога цэнтра «Экстрагенітальная паталогія і цяжарнасць» на базе 1-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска Аляксандра ШКАРУПА расказала, што перавага новага рэсурсу заключаецца ў магчымасці аператыўнага рэагавання на запыты пацыента пры дапамозе камп’ютара.
— Жанчына зможа атрымліваць адказы на пытанні, якія цікавяць, ад урача, што ўзмацняе кантроль за вядзеннем цяжарнасці, а таксама дапамагае зняць трывожнасць і пэўныя страхі, — дадала ўрач. — Дзякуючы лічбавай платформе мы маем магчымасць адсочваць паказчыкі артэрыяльнага ціску, весці ўлік рухальнай актыўнасці плода, бачыць крытэрыі ўзроўню глікеміі.

Галоўны пазаштатны спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аляксандр СМІРНЫ ўдакладніў, што праект пакуль на стадыі запуску і рэалізуецца толькі ў адной са сталічных бальніц.
— Мамы пасля атрымання вынікаў здадзеных аналізаў змогуць удакладніць ва ўрача інфармацыю аб тых ці іншых паказчыках, — прывёў прыклад выкарыстання рэсурсу ён. — Па выніках гэтага пілотнага праекта і яго запатрабаванасці сярод будучых мам будзе прынята рашэнне аб яго ўкараненні ў іншых установах аховы здароўя.
У цэлым сталічная медыцына рухаецца ў бок лічбавізацыі, і гэта адзін з прыкладаў.

Але ёсць мноства іншых цікавых праектаў. Напрыклад, поўная мадэрнізацыя медыцынскіх інфармацыйных сістэм. Бізнес-працэсы ва ўстановах аховы здароўя аўтаматызуюцца — ад прыёму пацыента да яго выпіскі. Таксама можна адсачыць ход унутраных даследаванняў чалавека.
— Мы плануем да канца наступнага года поўны перавод усіх клінічных устаноў горада на гэтую сістэму. Напэўна, адно з самых маштабных мерапрыемстваў.
Начальнік аддзела па развіцці бізнесу ААТ «ИнДев Солюшенс», распрацоўшчык платформы ІnDev Health Віктар СІДАРЭНКА паведаміў, што запушчаны праект а дказвае на выклікі, якія ўзніклі падчас пандэміі, калі многія працавалі ў аддаленым фармаце.
— Неабходна было прадоўжыць камунікацыю паміж пацыентам і ўрачом, каб спрыяць лячэнню і валодаць сітуацыяй пра стан яго здароўя, — сказаў ён. — Прыемна, што мы пачынаем гэты інструмент укараняць менавіта ў Год беларускай жанчыны.

Пілот гэтай распрацоўкі таксама нядаўна завяршыўся ў Мінскай вобласці — на базе Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
— Ён паказаў сябе са станоўчага боку, — адзначыў Віктар Сідарэнка. — Пацыенты ўзроставай катэгорыі ад 18 да 35 гадоў лічаць гэты інструмент сучасным і зручным. Жанчыны больш старэйшай узроставай катэгорыі не былі надта актыўнымі, варта прызнаць. Але мы бачым у гэтым пункты росту, каб зрабіць рэсурс карысным для ўсіх жанчын.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ і БелТА